Пятнiца, 30.7.2010
№58 (9614) ад 28.07.2010
Кропка на карце раёна. Майск

Крыху наўзбоч асфальтаванай дарогі Бялынічы – Заазер’е, амаль што адразу ж за Эсьмонамі, раскінуліся хаты вёскі Майск, якая да 1964 года называлася Пупсай. Адны выводзяць паходжанне гэтага тапоніма ад прозвішча пана Пупсіка, які некалі жыў тут і займаўся гаспадаркай, здаваў у арэнду зямлю. Праўда, аніякіх канкрэтных звестак пра яго не захавалася ў мясцовай пісанай гісторыі.

Ураджэнец Пупсы-Майска кандыдат матэматычных навук Мікола Лапо даводзіць, што сапраўдная, спрадвечная назва ягонай роднай вёскі – Пужа.

Ён сцвярджае, абапіраючыся на пачутае ў свой час ад мясцовых старажылаў, што яшчы пры другім падзеле Рэчы Паспалітай, па выніках якога паселішча разам з жыхарамі і адышло пад руку Расіі, нейкі няўважлівы царскі пісарчук у дакументах неразборліва напісаў назву прырэзанай вёскі: замест Пужа – Пупса. Разбірацца, вядома, не сталі, памылку не выправілі. Так вось Пужа і стала Пупсай, трывала замацавалася ў памяці вясковых пакаленняў, а праз нейкі час новая назва паселішча яго жыхарамі стала ўспрымацца роднай, адвечнай.

І таму, калі ў 1964 годзе вёску перайменавалі ў чарговы раз і ў не менш зразумелы Майск, жыхары яе ўзбунтаваліся супраць такога гвалту над сабой і сваёй памяццю. Яны склалі адпаведную заяву, у якой выказалі рашучую нязгоду з прымусовым перахростам, запатрабавалі вярнуць дарагую ім назву і накіравалі паперу “ў вышэйшыя інстанцыі”. Куды, гэтага аніхто ўжо з тых нямногіх старажылаў, якія дажываюць тут свой век, сёння дакладна не помніць.

Аднак іхняя заява ў нейкім кабінеце легла пад сукно. Яно і зразумела: прыклад мог аказацца павучальным для жыхароў іншых прымусова перайменаваных паселішчаў.
Акурат у той час працэс перайменавання вёсак і пасёлкаў на Беларусі набраў магутныя абароты і, вядома ж, аніхто з чыноўнікаў не збіраўся яму перашкаджаць.

Паўторную заяву, каб прыспешыць ход вырашэння сваёй просьбы, яны не напісалі, але да назвы Майск многія з іх не прывыклі і па сёння, упарта працягваючы называць роднае паселішча ўсё тым жа даўнім іменем.

Вёска гэта з’яўляецца адной з самых старажытных на Бялыніччыне. Амаль тры стагоддзі налічвае яе летапіс ад першага ўзгадвання ў пісьмовых гістарычных крыніцах.
На значна большы век паселішча ўказваюць і маўклівыя сведкі – абрушаныя і пазарослыя быльнягом рукатворныя равы ў ваколіцы, прыбраныя сівым мохам валуны і каменныя крыжы, якія параскіданы на мясцовых могілках.

Пра адзін з іх у сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагоддзя згадваў настаўнік М. Валевіч. Тады яму ўдалося адшукаць каменны крыж, на якім была высечана літара “а”. Краязнаўца прыйшоў да высновы, што гэты крыж мог абазначаць тутэйшы пагост – гандлёвы пункт, дзе абменьваліся таварам, гандлявалі. Больш значныя пагосты з’яўляліся месцам збору даніны (да іх скіроўвалася палюддзе) і выканання судовай улады. Настаўнік дапускаў, што ў Майску знаходзіўся пагост мясцовага значэння. Тут у вызначаныя дні ладзіўся толькі гандаль.

На ўскраіне Майска знаходзіцца і святая крыніца, каля якой кожнае лета на яблычны Спас збіраецца шмат людзей.

Пісьменнік Мікола Цэлеш, які нарадзіўся ў недалёкім адсюль Заазер’і, да гэтых мясцін “прывязвае” адну з крывавых падзей беларускай гісторыі – бітву на Нямізе, што адбылася вясной 1067 года.

Варта адзначыць, што спробы разгадаць загадку адносна знаходжання рэчкі і месца крывавай бітвы робяцца здаўна.

У “Аповесці мінулых часоў” яна апісваецца так: “Ярославичи взяше Менеск, и исекоша мужа, а жены и дети вдаша на щиты, пойдоша к Немизе и Всеслав пойде противу. И совокупишася обои на Немизе месяца Марта в 3 день… И быть сеча зла…“

Мікола Цэлеш звяртае ўвагу на тое, што летапіс дакладна паведамляе аб падзеях у Менску, а пасля толькі абмяжоўваецца заўвагай “пойдоша к Немизе …”

Пісьменнік падкрэслівае, што Няміга працякае праз старажытны цэнтр сучаснага Мінска і ўпадае ў Свіслач. Таму, гаворачы “пойдоша к Немизе“, летапісец меў на ўвазе іншую рэчку, бо, заняўшы Менск, Яраслававічы ўжо былі на Нямізе.

І ў “Аповесці мінулых часоў” і ў “Слове аб палку Ігаравым” рэчка гэта мянуецца Няміза, а не Няміга.

Па інфармацыі Міколы Цэлеша менавіта паміж Эсьмонамі і Майскам працякае рэчка, назва якой на даўнейшых картах пазначана, як Усяслаўка. А мясцовыя жыхары яе называлі Услаўка, а некаторыя старыя – Няміза.

Правы бераг яе на працягу амаль двух кіламетраў заняты падоўжанымі і круглымі курганамі.

З-пад адной горкі, вядзе далей свой аповед Мікола Цэлеш, “б’е моцны струмень крыніцы із сьцюдзёнай, як лёд, вадой. Над ёй да трыццатых гадоў (ХХ стагоддзя, — М. К.) стаяла каплічка з абразам цудадзейнае Божае Маці. Трэцяга сакавіка да рэвалюцыі тут штогод адбываліся набажэнствы...”.

Вельмі даўнія пахаванні людзей пазначаны невялікімі валунамі адвольнай формы, адшчэпленымі каменнымі пласцінамі, каменнымі крыжамі і непасрэдна на саміх Майскіх могілках. На некаторых з іх высечаны незразумелыя знакі-сімвалы–крыжыкі на падстаўках ці пакрытыя дугой, краты, стрэлачкі, літары “ъ”, “ь”, “р”, “и” і іншыя.

Вядома, што ў дахрысціянскія часы крыжам і кругам альбо крыжам у крузе, як правіла, абазначалі сонца, дужкай у выглядзе літары “с” – месяц, хвалістай лініяй – ваду, трохкутнікам – неба ці жыллё...

Адна з загадак заключаецца і ў тым, чаму на некаторых крыжах выразаны знакі, сімвалы і літары, характэрныя для розных эпох іх выкарыстання?

...Жыхары Майска не аднойчы за шматвекавую гісторыю паселішча вымушаны былі перажыць трагедыі. Адна з апошніх адбылася ў ліпені 1941 года, калі фашысты спалілі 22 двары і знішчылі 25 вяскоўцаў.

Майск з’яўляецца радзімай члена-карэспандэнта Міжнароднай Акадэміі навук па экалогіі, бяспецы і жыццяздольнасці Васіля Лапо, кандыдатаў фізічных навук Міхаіла Лапо, матэматычных – Мікалая Лапо.

У вёсцы спаконвеку жывуць працалюбівыя, майстравітыя сяляне. Адной з іх, напрыклад, з’яўляецца вядомая ткачыха і вышывальніца Ганна Багамаз, якая толькі зусім нядаўна, на старасці гадоў, пераехала жыць у Бялынічы – бліжэй да дзяцей.

— Майстэрства ткачыхі, — распавядае Ганна Фёдараўна, — пераняла ад маці. У даваенны час і пасля вайны фабрычная тканіна была для вяскоўцаў рэдкасцю. А трэба ж было апранацца. Вось і выкарыстоўвалі палатно для пашыву адзення, на посцілкі, ручнікі.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

(Нумар ад 12.09.07)

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз