Пятнiца, 30.7.2010
№58 (9614) ад 28.07.2010
Кропка на карце раёна. Нежкаў

КРОПКА НА КАРЦЕ РАЁНА
Нежкаў

Вёска Вялікі Нежкаў прыгадваецца ў шэрагу рукапісных крыніц, якія адносяцца да пачатку ХVІІІ стагоддзя. Вядома таксама, што ў 1785 годзе гэта паселішча ўвайшло ў склад маёнтка Галоўчын і налічвала 12 двароў, у якіх жыло 89 чалавек. З 1858 года яно атрымлівае статус сяла Магілёўскага павету, потым доўгі час было цэнтрам воласці. З 20 жніўня 1924 да 26 чэрвеня 1954 года Вялікі Нежкаў з’яўляўся цэнтрам сельсавета. У 1977 годзе да яго далучана вёска Малы Нежкаў.

У час паўстання на чале з Кастусём Каліноўскім уладам удалося настроіць сялян, у тым ліку і тых, якія жылі ў Нежкаўскай воласці, супраць паўстанцаў. Яны рэгулярна выстаўлялі каравулы, каб сачыць за пераправамі, затрымліваць падазроных. Найбольш актыўных такіх каравульных узнагароджвалі “цёмным бронзавым медалём”. Па Нежкаўскай воласці гэтыя медалі атрымалі 49 чалавек.

З другога боку, супраць Нежкаўскага валаснога старшыны Макара Сымановіча ў 1863 годзе была заведзена крымінальная справа, сам ён знаходзіўся пад арыштам. Кіраўніку воласці інкрымінавалася тое, што ён настройваў сялян супраць цара і збіраў 100 мужчын у дапамогу паўстанцам, якія нібыта павінны былі сабрацца ў Бялынічах.

Сялянская грамада стала на абарону свайго земляка. Вяскоўцы звярнуліся да губернскага начальства, і пасля паўгадовага зняволення Макар Сымановіч быў вызвалены з-пад варты.

У сярэдзіне студзеня 1912 года ў Нежкаве ствараецца крэдытнае таварыства. За тры наступныя гады колькасць яго членаў павялічылася з 374 чалавек да 1092 – амаль у тры разы. А памер выдадзенага крэдыту – з 19994 рублёў да 37590. Праз тры гады тут з’явіўся і зернеачышчальны пункт, дзе вяскоўцы арфавалі збожжа, бралі ў часовае карыстанне разнастайныя сельгасмашыны, атрымлівалі ад спецыялістаў кваліфікаваныя парады. Усё гэта адназначна ўказвае на тое, што нежкаўчане дбалі пра выніковасць працы на ўласным кавалку зямлі, імкнуліся да заможнага жыцця, выкарыстоўваючы для гэтага тадышнія сучасныя тэхналогіі.

Але карміла іх сем’і не толькі зямля. Працалюбівыя жыхары актыўна развівалі і падсобныя промыслы, удзельнічалі ў распрацоўцы лесу і вывазу нарыхтаванай драўніны. Значнае распаўсюджанне тут атрымаў і адыходны промысел.

Жыхары Нежкава першымі на Бялыніччыне пазнаёміліся і з такім новым відам сувязі паміж людзьмі, як тэлефон. Напрыканцы 1911 года тэлефонная лінія ад Княжыц пралегла да Нежкава. Першы тэлефонны апарат быў устаноўлены ў будынку валаснога праўлення, а неўзабаве абзавёўся тэлефоннай сувяззю і мясцовы памешчык Савіцкі.

У Нежкаве знаходзілася адна з дзвюх на Бялыніччыне мураваных цэркваў. Пабудаваная ў гонар святых Пятра і Паўла, бажніца праіснавала каля двух стагоддзяў і была разбурана ў бязбожныя, ваяўнічыя 30-я гады ХХ стагоддзя. Яна з’яўлялася прыходскай да 1889 года, калі адкрыўся новы царкоўны прыход у Круках, дзе быў узведзены новы Пакроўскі храм, куды і перайшоў служыць святар Стэфан Бекарэвіч.

Петрапаўлаўская царква зноўку атрымала статус прыходскай у 1905 годзе пры святары Ф. Сіваковым.

Цікава, што першым, вядомым на сёння, краязнаўцам Бялыніцкай зямлі з’яўляўся святар Нежкаўскай Петрапаўлаўскай царквы Стэфан Бекарэвіч, які на працягу 1864-65 гадоў друкаваў свае цікавыя этнографа-фальклорныя нарысы на старонках ” Могилевских губернских ведомостей”.

Гісторыя арганізацыі ўстаноў народнай асветы для сялянскай дзетвары Нежкава і воласці пачынаецца з 1879 года, калі тут пачало дзейнічаць пачатковае вучылішча. Адным з першых настаўнікаў яго быў Павел Рачкоўскі. Мабыць, па прыкладу айца Стэфана асаблівасцямі мясцовай культурнай і гістарычнай спадчыны зацікавіўся і гэты настаўнік, які ўстанавіў сувязь з вядомым беларускім этнографам і фалькларыстам Паўлам Шэйнам.

У 1904 годзе Нежкаўскае народнае вучылішча ператвараецца ў двухкласнае. З гістарычных крыніц вядома, што ў 1915 годзе у ім настаўнікамі працавалі Хведар Ерашэнка, Аляксандра Бекарэвіч, М. Любовіч, а навучаннем было ахоплена больш за 100 сялянскіх дзяцей.

У вучылішчы праводзіліся заняткі па спевах, што не было характэрна для аналагічных навучальных устаноў Бялыніччыны, і па гімнастыцы. Пры ім меліся агарод і гадавальнік для кустоў і дрэў.

Культурна-гаспадарчы ўздым мясцовага насельніцтва спарадзіў ініцыятыву пабудовы ў Нежкаве народнага дома. Паколькі ўласных сродкаў не хапала, таму 22 лістапада 1915 года праўленне Нежкаўскага крэдытнага таварыства звярнулася ў Магілёўскую павятовую земскую ўправу па фінансавую дапамогу на будаўніцтва такой культурна-асветніцкай установы.

І хутка ў Нежкаве з’явіўся народны дом, які з ахвотаю і карысцю для сабе наведвалі як дарослыя, так і моладзь. Пазней у ім размясцілася школа-сямігодка. Ён праслужыў людзям і справе народнай культуры і асветы ажно да 50-х гадоў ХХ стагоддзя. А лёс аднаго з самых актыўных ініцыятараў пабудовы народнага дома, старшыні праўлення Нежкаўскага крэдытнага таварыства Сяргея Андрэевіча Іванова, пры савецкай уладзе аказаўся трагічным.

Глыбокай восенню1937 года НКУСаўцы арыштавалі яго, абвінаваціўшы 67-гадовага чалавека ў антысавецкай агітацыі. Асобая  “тройка” НКУС БССР 2 снежня 1937 года вынесла яму страшэннае пакаранне – дзесяць гадоў выпраўленча-працоўнага лагеру. А крыху раней, у 1933 годзе, НКУСаўцы арыштавалі і яго сына Івана, які загадваў кафедрай электрыфікацыі чыгункі Маскоўскага інстытута шляхоў зносін імя Андрэева. Сяргей Андрэевіч Іваноў летам 1938 года загінуў ад непасільнай працы і голаду на лесапавале ў Пензенскай вобласці. Яго вучонага сына Івана Іванова як “ворага народа” расстралялі ў 1941 годзе...

Жыхары Нежкава, як і ўсе беларусы, перажылі і драму раскулачвання сваіх аднавяскоўцаў, і трагедыю пошуку “ворагаў народа” і бязлітаснай барацьбы з імі.

Ахвярамі беспадстаўных палітычных рэпрэсій сталі жыхары Нежкава Сяргей Іваноў, сакратар сельсавета Андрэй Пятроўскі, Іван Тамашэвіч і многія іншыя. Пазней усе яны былі рэабілітаваны. 

Стваральную працу вяскоўцаў перапыніла Вялікая Айчынная вайна. Многія ўчарашнія мясцовыя хлебаробы і жывёлаводы, трактарысты ўзялі ў рукі зброю.

У Нежкаве немцы заснавалі свой гарнізон, а тэрыторыю Беларускай МТС, якая знаходзілася ў вёсцы, яны ператварылі ў гаспадарчы двор і склад, дзе захоўвалі нарабаваную жывёлу, зерне, сельскагаспадарчую тэхніку. У 1943 годзе гэты гарнізон грамілі народныя мсціўцы 122-га партызанскага палка. Здабытыя трафеі, па ўспамінах удзельніка бою Д. Мураўёва, часткова былі раздадзены насельніцтву, а таксама паступілі на партызанскую кухню.

У брацкай магіле, што знаходзіцца ў цэнтры вёскі, пахаваны 54 воіны і партызаны, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Трынаццаць жыхароў Нежкава аддалі свае жыцці, набліжаючы дзень Перамогі.

Сёння Нежкаў з’яўляецца адным з паселішчаў Вішоўскага сельсавета і вёскай, што ўваходзіць у склад СВК “Калгас імя Заслонава”.

Міхась ЗАВЕЙНЫ.

(нумар ад 03.11.07)

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз