Субота, 19.5.2012
№36 (9796) ад 16.05.2012
У памежжы трох абласцей

Рэдакцыя “Зары над Друццю” прадстаўляе ўвазе чытачоў чарговую творчую работу, дасланую на конкурс на лепшую распрацоўку і апісанне экскурсійных маршрутаў раёна.

Займальнае падарожжа па цікавых мясцінах у памежжы трох абласцей ажыццявілі вучні, якія наведваюць гурток “Юны краязнаўца”, што дзейнічае ў Эсьмонскай СШ. Вандроўнікі паставілі перад сабой наступныя мэты: вывучэнне краявідаў і стану экалогіі па маршруце руху; нанясенне на карту Бялыніччыны цікавых экскурсійных аб’ектаў; замацаванне ўласных ведаў аб гістарычным развіцці роднага краю.

Падарожжа для вучняў пачалося са школьнага двара. Каля будынка навучальнай установы ўстаноўлены памятны знак у гонар 150-годдзя з дня яе адкрыцця. Тут жа адбыўся імправізаваны “брэйн-рынг” на лепшае веданне гісторыі развіцця роднай школы, прайшла прэзентацыя электроннага варыянту летапісу школы. Да слова сказаць, ён з’явіўся дзякуючы намаганням гурткоўцаў-краязнаўцаў.

Праз некалькі метраў рабят зноў чакаў прыпынак: на будынку сельвыканкама ўстаноўлена мемарыяльная дошка, якая нагадвае, што ў 1943-44 гадах у Эсьмонах знаходзіўся штаб вядомага партызанскага злучэння “Трынаццаць”. Настаўнік расказаў падарожнікам аб баявым шляху гэтага фарміравання, яго кіраўніках, партызанах-земляках. Таксама да падножжа абеліска воінам-землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, вучні ўсклалі жывыя кветкі, прадэкламавалі вершы аб подзвігу, героях, памяці і смутку. Хлопчыкі і дзяўчынкі знайшлі на мармуровай дошцы помніка прозвішчы сваіх родных, згадалі аб тым, як падзеі вайны адбіліся на лёсах іх сем’яў. Затым дзеці навялі парадак на прылеглай да помніка тэрыторыі, вызначылі асаблівасці размяшчэння жылля і гаспадарчых пабудоў ва ўсходняй і паўночна-заходняй частках Эсьмонаў.

Рухаючыся ў накірунку да вёскі Майск, экскурсанты наведалі археалагічныя помнікі – курганныя могільнікі Х – ХІІІ стагоддзяў. Вучні замалявалі планы размяшчэння іх, зрабілі тапаграфічную прывязку, даведаліся аб адметнасці і гістарычнай каштоўнасці гэтых помнікаў: менавіта тут археолагі выявілі тры тыпы пахаванняў – трупапалажэнні на зольным слоі і ў дамавіне, трупаспаленне. Школьнікі вызначылі і разнастайнасць лекавых раслінаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, якія растуць побач з курганамі, абмяняліся ўласнымі ведамі аб іх уласцівасцях і прымяненні ў народнай медыцыне.

Безумоўна, не маглі юныя вандроўнікі прайсці міма вядомай Майскай Спасаўскай крыніцы. Зрабіўшы перапынак, хлопчыкі і дзяўчынкі паспыталі асвяжаючай вады, падсілкаваліся, пазнаёміліся з мясцовай легендай аб узнікненні гэтай святой крыніцы. Яны гэтаксама ўзялі пробу вады, каб даследаваць яе потым ва ўмовах лабараторыі. На карце Эсьмонскага сельсавета вучні пазначылі дакладныя месцы размяшчэння валуноў, векавых дубоў, якія з’яўляюцца помнікамі прыроды і могуць стаць аб’ектамі экскурсійных аглядаў.

Праз паўночную ўскраіну Майска падарожнікі накіраваліся ў Хватаўку, вызначаючы па ходзе свайго руху відавочныя змены ў ландшафце, рэльефе, адзначаючы вынікі ўздзеяння чалавека на кампаненты прыроднага комплексу. Уразіла іх прысутнасць мяккахваёвых парод – лістоўніцы, яленца, шырокаліставых – граба, вяза, бука. Падчас прыпынку каля вёскі Хватаўка вучні агледзелі вялікія яры, скопішчы валуноў і расчысцілі шлях для крынічнай плыні. Усе гэтыя аб’екты былі таксама пазначаны на карце.

Экскурсанты наведалі месца расстрэлу фашыстамі яўрэйскага насельніцтва Эсьмонаў і Хватаўкі, якое знаходзіцца ў паўкіламетры на захад ад гэтага паселішча, усклалі на месца трагедыі букеты палявых кветак.

Дарэчы аказаўся і аповяд настаўніка аб кровапралітных баях, якія вялі тут чырвонаармейцы ў чэрвені-ліпені 1944 года, аб узаемадзеянні партызанаў Круглянскага і Бялыніцкага раёнаў з воінамі Чырвонай Арміі па знішчэнні нямецкага дэсантнага падраздзялення ў Хватаўска-Шапялевіцкім лясным масіве. Вучні наведалі месца былога партызанскага аэрадрома, які знаходзіўся каля вёскі Гоенка. У наваколлі лясной дарогі, якая вяла ў бок Віцебшчыны, дзеці адшукалі шмат цікавых знаходак перыяду Вялікай Айчыннай вайны – фрагмент сапёрнай рыдлёўкі, вінтовачныя гільзы, рэшткі кулямётнай ленты, пакарабачаныя гільзы артснарадаў і інш.

Начлег праходзіў на маляўнічым беразе Хотамскага возера. Дзённыя ўражанні рабят дапоўніліся аглядам мясцовасці, расказам настаўніка аб баях партызанаў Дзяніса Давыдава з французамі ў час Айчыннай вайны 1812 года, пераказам падання аб царкве, якая быццам бы правалілася ў ваду гэтага возера, ад чаго яго сталі называць яшчэ і Святым.

Ранкам наступнага дня падарожнікі рушылі ў паўднёва-ўсходнім накірунку, праз азёры Пустое і Чорнае, да вёскі Заазер’е. Ідучы па маршруце, яны звярталі ўвагу на разнастайнасць расліннага свету. Настаўнік адзначыў пры гэтым, што ледавіковыя па паходжанні балоты эсьмоншчыны злучаныя з балотамі Віцебшчыны і Міншчыны.

Чарговы прыпынак школьнікі зрабілі каля гэтак званага “Заазерскага Стоўнхэнджа”. Рабяты паразважалі над тым, чым з’яўляецца ён: капішчам, могільнікам, сонечнай абсерваторыяй, скопішчам вывезеных сюды з лесу валуноў.  

Прахалода Заазерскага возера, куды зазірнулі вандроўнікі, зняла іхнюю стому і настроіла на далейшы працяг цікавай вандроўкі.

Безумоўна, вучні не маглі не наведаць і Балуеву сасну, якая расце на паўночна-заходнім ускрайку Заазер’я. У час Вялікай Айчыннай вайны чырвонаармеец Балуеў, якога фашысты абкружылі каля гэтай сасны, адстрэльваўся ад іх да апошняга патрона. Дрэва і цяпер захоўвае ў сабе варожыя кулі і з’яўляецца сімвалам стойкасці савецкага воіна. Мінутай маўчання каля мемарыяльнага знака воінам 100-й стралковай дывізіі школьнікі ўшанавалі памяць загінулых чырвонаармейцаў, якія 7-9 ліпеня 1941 года каля Заазер’я вялі няроўныя баі з фашысцкімі захопнікамі. У смутку яны схілілі свае галовы і перад брацкай магілай загінулых воінаў і партызанаў.

Шлях дадому пралёг праз лясны масіў “Храмышчына”, у якім дзеці пабачылі барсучыныя норы, лежбішчы дзікоў, устаноўленыя егерамі кармушкі для ласёў і аленяў. Зацікавіла іх таксама інфармацыя аб яўрэйскім калгасе, угоддзі якога размяшчаліся тут у 1932-37 гадах. Праходзячы па вуліцы вёскі Вушлава, рабяты сустрэліся з цікавым чалавекам – Нюшай Бацішча. Жанчына расказала шмат паданняў аб чароўных пераўтварэннях у прыродзе, прывяла карысную інфармацыю аб розных лекавых травах, народных прыкметах.

Сцяжынка з Вушлава прывяла юных вандроўнікаў на Эсьмонскія могілкі, дзе знаходзяцца парэшткі капліцы, пабудаванай яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя, і помнік 1863 года на магіле Соф’і Шыманоўскай – дачкі настаяцеля мясцовага царкоўнага прыхода. Падзвіжніцкая дзейнасць на ніве асветы гэтай сям’і выклікае захапленне і павагу.

У час заключнага прыпынку на беразе ракі Аслік школьнікі ўзгадалі аб дзейнасці напачатку прамінулага стагоддзя фабрыкі “Лер”, развіцці ў ХІХ стагоддзі мясцовых промыслаў і тагачаснай канфесійнай прыналежнасці насельніцтва Эсьмонаў.

Удзельнікі экскурсіі напрыканцы яе прыйшлі да высновы, што ў Эсьмонскім куточку, на памежжы трох абласцей, вельмі шмат цікавых і загадкавых мясцінаў, а праз любоў да свайго роднага краю нараджаецца і любоў да Айчыны – Беларусі.

Таццяна ШАСТАК, краязнаўца, настаўніца гісторыі Эсьмонскай школы.

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз