Чацвер, 9.9.2010
№69 (9625) ад 04.09.2010
Экалагічны паход

Як паведамлялася ў “Зары над Друццю” (№ 7 за 30 студзеня гэтага года), рэдакцыя раёнкі сумесна з аддзелам фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама праводзіць творчы конкурс на лепшую распрацоўку і апісанне экскурсійных маршрутаў раёна – “Бялыніччына турыстычная”.

Прадстаўляем чытачам чарговую конкурсную работу, якую выканала настаўніца Вішоўскай СШ, кіраўнік гуртка “Юныя эколагі” Кацярына ПАЛУДА:

Прырода чыстая, значыць, — прыгожая

Сёння на ўсёй планеце, на кожным мацерыку, у кожнай краіне застаецца “ўсё меней акаляючай прыроды” і ўсё больш з’яўляецца “акаляючага асяродку”, які, да таго ж, літаральна задыхаецца пад магутным прэсам антрапагеннага ўздзеяння. Вядомыя словы Фёдара Дастаеўскага аб тым, што “прыгажосць выратуе свет”, маюць і экалагічны змест. Чыстая, а значыць, прыгожая, прырода здольная абудзіць нас да адолення вышыняў навуковай і мастацкай творчасці, умацаваць духоўна, навучыць гаспадарлівасці.

Мэтай нашага экалагічнага паходу з’яўляецца практычнае вывучэнне стану прыроды, асаблівасцяў гаспадарчай дзейнасці і ўплыву яе на акаляючы асяродак, развіццё творчых здольнасцяў удзельнікаў яго.

Паход пачынаецца ад будынка Вішоўскай СШ. Першы прыпынак робім каля былога турыстычнага цэнтра. Тут кіраўнік групы праводзіць з рабятамі гутарку аб значэнні экалагічных ведаў і навыкаў, правілах паводзінаў на прыродзе.

Прыпынак другі: “Узгорак”. Вучням распавядаецца аб тым, як чалавек умешваецца ў прыроду і якія ад гэтага з’яўляюцца наступствы. Побач знаходзіцца бярозавы гай. Колькасць дрэў у ім з кожным годам змяншаецца, бо людзі іх знішчаюць. Тут жа можна навучыць удзельнікаў паходу, як вызначыць бакі гарызонту па ствалах бяроз, а таксама пазнаёміць іх з мясцовымі відамі раслінаў.

Прыпынак “Камень” цікавы тым, што вучні маюць магчымасць пазнаёміцца з ледавіковым перыядам мясцовасці. Адкладанні разнастайныя па сваім складзе і магутнасці, ад 25 да 120 метраў. Яны ўтварыліся ў выніку работы “Беларускага”, “Бярэзінскага”, “Дняпроўскага” ледавікоў.

На прыпынку “Труба каля ракі Вабіч” ярка выражана пойма гэтай рэчкі. Калісьці яна змяніла накірунак цячэння, пакінуўшы старое русло, якое з цягам часу высахла і зарасло травой. Так утварыўся старык Вабічы. Непадалёку знаходзіцца невялікае балотца, на беразе якога ўстаноўлена помпавая станцыя для дажджавальнай устаноўкі. Гэта ўстаноўка мае вялікае эканамічнае значэнне для СВК “Калгас “Радзіма”: у засушлівыя перыяды лета пры дапамозе яе паліваюць палі. І тым самым павялічваюць ураджайнасць сельгаскультур.

Калі на папярэднім прыпынку можна прасачыць добра выражаную першую надпойменную тэрасу, то наступны прыпынак экалагічнага паходу, “ЛЭП”, дазваляе прасачыць другую надпойменную тэрасу, якая выражана слабей. Экалагічная сцежка праходзіць па ўзвышанасці, якая ўтварылася ў выніку работы ледавіка.

Далейшы маршрут праходзіць праз сасновы лес, які з’яўляецца месцам адпачынку жыхароў навакольных вёсак, ідзе берагам Вабічы. Глыбіня яе не ўсюды аднолькавая. Адно з неглыбокіх месцаў атрымала назву “Каменны брод”. Мабыць, людзі даўно заўважылі яго і яшчэ камянямі дно вымасцілі.

Наступны прыпынак нашага паходу – вёска Гняздзін. Аб паходжанні назвы паселішча існуе цікавая легенда. Яна сцвярджае, што ў даўнія часы вёску, што насіла іншае найменне, аблюбавалі буслы, якія тады яшчэ ў вырай не ляталі. Аднак д’ябал не мог змірыцца з тым, што людзі і гэтыя птушкі жывуць у згодзе. І дабіўся свайго: сталі вяскоўцы злымі, крыўдзілі адзін аднаго і птушак перасталі паважаць. Сабраліся аднаго разу ўсе буслы і пакінулі вёску. На дрэвах пазасталіся толькі іхнія гнёзды, якіх было столькі многа, што і вёску пераназвалі ў Гняздзін. Праўда, праз некалькі гадоў буслы выбачылі гняздзінцам крыўду і вярнуліся ў вёску.

З Гняздзіна па палявой сцежцы накіроўваемся да жывёлагадоўчага комплексу “Усход” СВК “Калгас “Радзіма”, дзе можна правесці з вучнямі работу па прафесійнай арыентацыі. А таксама звярнуць іхнюю ўвагу на эканамічны эфект экалагічнага патэнцыялу.

На комплексе дзейнічае макет біяэнергетычнай устаноўкі. Пры анаэробным зброджванні арганікі, як вядома, выдзяляецца газ метан, які, праходзячы праз генератар, пераўтвараецца ў электрычнасць. На комплексе за дзень накопліваецца каля 80 тон гною, які трэба складзіраваць, вывозіць на поле, уносіць у глебу... Біяэнергетычная ўстаноўка дазваляе праводзіць яго глыбокую перапрацоўку, пры якой атрымліваецца не толькі электраэнергія, але і вадкая фракцыя экалагічна чыстага ўгнаення і каштоўныя кармавыя дабаўкі для балансавання рацыёну жывёлы. Такое звадкаванае ўгнаенне пры значна меншых затратах можна ўносіць у глебу практычна ва ўсякую пару года.

...Прырода! З маленства мы прывыклі да яе. Праўда, далёка не кожны чалавек пры гэтым усведамляе, што ён таксама з’яўляецца часткаю прыроды. А прапанаваны маршрут экалагічнага паходу мае як пазнаваўчае, так і выхаваўчае значэнне.

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз