Чацвер, 9.9.2010
Чацвер, 9.9.2010![]() ![]() ![]() ![]() |
Творчыя праекты /
Наш край. Краязнаўчая старонка "Зары над Друццю" /
Расхініся, заслона часу!..
Расхініся, заслона часу!..
Прадстаўляем чытачам “Зары над Друццю” скарочаны варыянт чарговай конкурснай работы на лепшую распрацоўку і апісанне экскурсійных маршрутаў раёна, умовы якога надрукаваны ў 7 нумары раёнкі за 30 студзеня. Маршрут агляднай экскурсіі: Бялынічы – Мокравічы – Эсьмоны – Заазер’е – Бялынічы. Аб’екты зацікаўленасці. Бялынічы: памятны знак у гонар вызвалення мястэчка ад французскіх акупантаў атрадам Дзяніса Давыдава 14 лістапада 1812 года; Мокравічы: працяг бою партызанаў Давыдава; Эсьмоны: канчатковы разгром французскага атрада; наведанне краязнаўчага музея Эсьмонскага ВПКДССШ, помніка землякам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны; Майск: наведанне Святой крыніцы, мясцовых могілак, дзе знаходзяцца каменныя крыжы і валуны з таямнічымі знакамі; Карманоўка: радзіма музыканта, педагога, канструктара гармоніка Рыгора Тышкевіча; наведанне хаты, якая цудам не згарэла ў час спалення фашыстамі вёскі ў 1943 годзе; Заазер’е: радзіма пісьменніка Міколы Цэлеша; наведанне помніка на ўшанаванне воінаў 100-й стралковай дывізіі; знаёмства з “Заазерскім стоўнхэнджам”. Бой за вызваленне Бялынічаў атрад Дзяніса Давыдава распачаў раніцою 14 лістапада 1812 года. Ворагі супраціўляліся мужна, што і падкрэсліваў неаднаразова ў сваім “Дзённіку партызанскіх дзеянняў” Дзяніс Давыдаў. Доўгі час трымалася раўнавага. Малодшы брат Дзяніса Давыдава Леў з адборным атрадам казакаў нападае на французскі рэзерв, калона якога з’явілася на вуліцы мястэчка, і пад градам куль гоніць яго ў накірунку да моста праз Друць. Аднак замацаваць перамогу ім не ўдалося. Атрад Льва Давыдава, панёсшы значныя страты, вымушаны вярнуцца на зыходны рубеж. У той жа час гусары і казакі падпалкоўніка Храпавіцкага займаюць шпіталь і склады французаў. Як прызнаваўся пазней Дзяніс Давыдаў, у гэты напружаны момант ён рашыў запаліць хаты па галоўнай вуліцы мястэчка (цяпер – Савецкая). Але нечакана французы сабраліся ў калону і пачалі адступаць на Эсьмоны. Давыдаў адкрывае па іх гарматны агонь і арганізоўвае пераслед. На полі перад вёскай Мокравічы партызаны акружылі калону з трох бакоў. Камандзір французскай калоны пакінуў батальён для прыкрыцця свайго адступлення. Завязаўся бой, варожы батальён пачаў адступаць. На мокравіцкім полі атрымаў раненне Леў Давыдаў. Партызаны Давыдава працягвалі пераследаваць адступаючых, а атрад з сотні казакаў, абышоўшы праз лес калону, у Эсьмонах разабраў мост праз Аслік і прытаіўся ў засадзе. Тут і завяршыўся канчатковы разгром Бялыніцкага гарнізона французскага войска: адны загінулі, іншыя здаліся ў палон, а частка адступіла праз Заазер’е на Міншчыну. За вызваленне Бялынічаў Дзяніс Давыдаў быў узнагароджаны ордэнам святой Ганны 4 ступені. Эсьмоны вядомыя па рукапісных крыніцах з пачатку ХІХ стагоддзя. У другой чвэрці ХІХ стагоддзя атрымалі статус мястэчка, у ім пражывала 380 жыхароў. У 1857 годзе адкрылася першая на Бялыніччыне школа. З 1861 года да 1918 мястэчка ўваходзіла ў склад Барысаўскага павету Мінскай губерні. На паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі пахаваны 106 жыхароў, якіх у жніўні 1941 года расстралялі і спалілі фашысты. На ўшанаванне памяці 249 землякоў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, у 1986 годзе побач з канторай былога саўгаса “Эсьмоны” ўстаноўлены абеліск. У студзені-чэрвені 1944 года ў Эсьмонах базіраваўся штаб партызанскага злучэння “Трынаццаць” Героя Савецкага Саюза С. У. Грышына. На правым беразе Асліка захаваўся курганны могільнік з 44 насыпаў, які адносіцца да канца Х – пачатку ХІІІ стагоддзяў. Пачатак археалагічнаму даследаванню Бялыніччыны паклалі раскопкі курганоў каля Эсьмонаў. І зроблена гэта было ў 1863 годзе Л. Спічаговым. Яго справу прадоўжыў сын святара Эсьмонскай Троіцкай царквы Ф. Шыманоўскі, які ў двух даследаваных курганах выявіў пахаванні ў сядзячым становішчы. А крыху пазней Н. Авенарыус на Эсьмонскім гарадзішчы і ў наваколлі адшукаў 125 каменных сякер, што сведчыла аб засяленні гэтага краю яшчэ ў каменным веку. Пры раскопках пяці эсьмонскіх курганоў, праведзеных у верасні 1969 года, выяўлены тры тыпы пахаванняў па размяшчэнні касцяка: палажэнне ў насып на гарызонце; у ямах; у церамках-дамавінах. Былі знойдзены і бронзавыя стылізаваныя фігуркі каня. Вёска Майск да 1956 года менавалася Пупсай. Яна – адна з самых старажытных на Бялыніччыне. Амаль тры стагоддзі налічвае яе летапіс ад першага ўзгадвання ў гістарычных крыніцах. На ўскраіне вёскі знаходзіцца Святая крыніца. Пісьменнік Мікола Цэлеш у 30-я гады ХХ стагоддзя выказаў гіпотэзу аб тым, што вядомая бітва на Нямізе адбылася менавіта ў ваколіцы гэтай мясцовасці. Непадалёку ад крыніцы размясціліся старадаўнія могілкі, дзе старажытныя пахаванні абазначаны невялікімі валунамі адвольнай формы, каменнымі крыжамі і пласцінамі. На многіх з іх высечаны таямнічыя знакі. Тут жа знаходзіцца паўтараметровы каменны крыж, які спярэшчаны загадкавымі сімваламі і па-асобнымі літарамі кірылічнага алфавіту – крыжы, крыжыкі на розных падстаўках ці пакрытыя дугой, краты, стрэлачкі, трохкутнікі, “ъ”, “ь”, “р”, “и”, “N” і іншыя. Вядомы баяніст, кампазітар, канструктар гармоніка Рыгор Цітавіч Тышкевіч нарадзіўся (26.5. 1907 – 12. 5. 1993) у вёсцы Карманоўка. Дасягнуўшы вяршынь славы і папулярнасці, стаўшы знакамітым музыкам, ён з цеплынёй і шчымлівай радасцю згадваў вячоркі і вяселлі, якія ладзіліся ў яго роднай вёсцы. Рыгор з маленства любіў слухаць беларускія народныя песні, якія выконвалі аднавяскоўцы падчас сямейных і агульнавясковых урачыстасцяў, а з дзесяцігадовага ўзросту сам на іх іграў на гармоніку. Знамянальным у яго жыцці стаў снежань 1926 года, калі Рыгор становіцца пераможцам раённага злёту гарманістаў. Неўзабаве таленавітага юнака заўважае кампазітар Ісак Любан і спрыяе ўладкаванню яго баяністам у Камітэт па радыёфікацыі і радыёвяшчанні пры СНК БССР. Мелодыі ў выкананні Рыгора Тышкевіча гучалі з рэпрадуктараў на ўсіх прасторах Беларусі. У 1934 годзе ён становіцца студэнтам адзінага ў савецкай краіне Маскоўскага інструктарска-педагагічнага тэхнікума. Вучобу спалучае з канцэртнай і творчай дзейнасцю. У 1939 годзе пабачыла свет першая кніга Р.Тышкевіча ў галіне стварэння педагагічнага і канцэртнага рэпертуару– зборнік класічных п’ес у пералажэнні для баяна. Далейшае жыццё Рыгора Тышкевіча было звязана з Маскоўскім музычна-педагагічным вучылішчам. Ён стварыў 35 арыгінальных эцюдаў і п’ес для баяна, апрацаваў больш за 100 народных песень і танцаў, склаў больш за 1000 пералажэнняў, напісаў шэраг падручнікаў і метадычных дапаможнікаў. Многія гады свайго жыцця Рыгор Цітавіч прысвяціў працы над удасканальваннем храматычнага гукараду двухрадных і трохрадных гармонікаў старой і новай хваткі. Яшчэ адна адметнасць Карманоўкі – хата, якая ўцалела ў час спалення фашыстамі вёскі ўвосень 1943 года. На працягу двух дзён немцы нішчылі паселішча з самалётаў – кідалі бомбы і бутэлькі з гаручай сумессю, абстрэльвалі з кулямётаў. Спалілі ўсе хаты і пабудовы, загубілі некалькі чалавек. І толькі адна хата, якая належыла Фёдару Аўсіевічу, засталася цэлай. Нібыта загавораная была. Хоць і на ёй жывога месца не засталося – дах, бэлькі столі, сама столь, сцены былі пабітыя кулямі ды асколкамі, аніводнай цэлай шыбіны ў вокнах не засталося. Але хату агонь не ўзяў. Пасля вайны яе набыла іншая сям’я. Калі новыя гаспадары перакрывалі дах, то пад дранкай знайшлі абразок Маці Божай Бялыніцкай. Унікальная прырода і непаўторныя краявіды – адна з адметнасцяў Заазер’я. Заазерскае возера – пачатковае ў ланцугу сямі ледавіковых па паходжанні азёраў, якія знаходзяцца па суседству на тэрыторыі Эсьмонскага (Бялыніцкі раён) і Шапялевіцкага (Круглянскі) сельсаветаў: Карманаўскае, Чорнае (іншая назва – Курганаўскае), Пустое, Хотам’е (Святое), Сярэдняе, Воўсіцкае. Гэта вёска – радзіма пісьменніка Міколы Цэлеша (25. 7. 1900 – 1975), якога называюць адным з самых загадкавых беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў. Мікола Яфімавіч стараўся не толькі разгадаць тайны гісторыі Беларусі, але і тварыў загадкі свайго роднага Заазер’я, Эсьмонскага краю. Тут ён шукаў летапісны Гарадзец, стараўся давесці, што знакамітая бітва на Нямізе адбылася таксама тут. Дэбютаваў (1929) нарысам “Па воўчых сцежках” і апавяданнем “Чарнавухая кумачка” на старонках часопіса “Паляўнічы Беларусі”. Цягам 30-х гадоў выдае пяць кніжак: “Буська”, “Апавяданні паляўнічага”, “Са стрэльбай і сабакам”, “Курылка”, “Знаходка”, падрыхтаваў да друку зборнік апавяданняў “Лясныя шумы”. Пасля Вялікай Айчыннай вайны пісьменнік жыў у ЗША. На старых могілках па дарозе на вёску Гоенка знаходзіцца гэтак званы “Заазерскі стоўнхэндж”. Найперш кідаецца ў вочы магутны каменны крыж: выгнутая перакладзіна яго нагадвае рукі, якія быццам адбымаюць усю прастору перад ім, а ў сяродкрыжжы выразна праглядаецца воўчая галава. Побач, прыкладна, на гектарнай плошчы, размешчаны каля паўсотні валуноў, адшчэпленых ад каменю пліт. На некаторых нанесены знакі ў выглядзе трохкутнікаў, дванаццаці- і чатырохканцовыя крыжы, касыя і перакрыжаваныя лініі... Думкі гісторыкаў, краязнаўцаў падзяліліся: адны перакананы, што гэта фрагменты старадаўняга капішча, іншыя сцвярджаюць, што гэта сярэднявечныя могілкі. У цяжкіх абарончых баях, якія вялі воіны Чырвонай Арміі ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны з перавышаючымі сіламі фашысцкіх захопнікаў, яны не маглі стрымаць націск ворага. Каля Заазер’я мужна змагаліся камандзіры і воіны 100-й стралковай дывізіі. У неймаверных умовах яны па-геройску стрымлівалі націск немцаў. Аб мужнасці і адвазе воінаў 100-й стралковай дывізіі сведчыць памятны знак, устаноўлены каля вясковых могілак. Надзея ПАЛОННІК, дырэктар раённага мастацкага музея імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі. |
![]() ![]()
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
| Галоўная // Рэдакцыя // Рэклама // Кантакты // Карта сайта | |||||||||||||||||||||||||||
| © 2007 “Зара над Друццю” Дызайн і распрацоўка БЕЛТА |