Субота, 19.5.2012
Субота, 19.5.2012![]() ![]() ![]() ![]() |
Творчыя праекты /
Наш край. Краязнаўчая старонка "Зары над Друццю" /
Прыцягальная чароўнасць родных мясцінаў
Прыцягальная чароўнасць родных мясцінаў
Нагадваем, што рэдакцыя раёнкі сумесна з аддзелам фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама праводзяць творчы конкурс на лепшую распрацоўку і апісанне экскурсійных маршрутаў раёна. Аўтары трох лепшых экскурсаў будуць узнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама. Сёння мы прадстаўляем чытачам чарговы конкурсны твор, які выканаў настаўнік Іскраўскай БШ, эколаг Сяргей РЫНЯК: Прырода родных мясцінаў – цудоўная, а назвы паселішчаў, урочышчаў, ручаёў ды крыніц – цікавыя, таямнічыя. Кожнае найменне, кожны куточак роднай зямлі мае сваю гісторыю, безліч вялікіх і маленькіх падзей. Тут жылі ці жывуць людзі, што данеслі подых мінуўшчыны Бацькаўшчыны да нашчадкаў, якія рабілі альбо зараз робяць гісторыю любага краю. Для гэтага падарожжа выбраны мясціны паўночнай часткі Бялыніччыны. Ад ракі Друць Пачынаючы рухацца ад райцэнтра па левым беразе Друці да яе вытокаў, робім першы прыпынак каля вёскі... А як жа назваць гэта паселішча? Адны лічаць, што правільнае найменне вёскі Хвойна, іншыя настойваюць на назве Фойна. З боку Друці асцярожна, амаль да самых дамоў, набліжаецца прыгожы, стройны сасоннік. Таму і бліжэй, і радней успрымаецца назва вёскі, як Хвойна. Адразу ж за паселішчам раскінулася невялікае балота. Яно дагэтуль захоўвае рэшткі былой гаспадарчай дзейнасці: да самай вады заасфальтаваны пад’езд, на беразе бачым урослыя ў зямлю жалезабетонныя слупы, металічную баржу, з якой экскаватар дзесяцігоддзямі здабываў сапрапель – карыснае ўгнаенне, што дастаўлялася адсюль, бадай, на ўсе палеткі гаспадарак раёна. Возера, якое ўтварылася пасля здабычы сапрапелю, не толькі ўпрыгожвае балота, але і прываблівае рыбакоў. Палюбілі яго і лебедзі: кожную вясну вяртаюцца яны сюды, выводзяць птушанят. А яшчэ гэтае балота – адзінае ў бліжэйшым наваколлі, якое радуе добрым ураджаем аматараў збірання журавін. Лубянскія дзівосы Паўз балота па ледзьве прыкметнай сцяжынцы рухаемся на поўнач, да вёскі Лубяны. Паселішча прытулілася амаль да Друці, вясковыя сядзібы схаваліся за пагоркам, агароды падабраліся да самай рэчкі. Людзі тут жывуць добразычлівыя, светлыя душой, гаманкія і працалюбівыя. І мова ў іх склалася свая, па якой, кажуць, лубянца можна пазнаць адразу ж. А як умеюць тутэйшыя жанчыны спяваць! Ад іхніх шчырых, сардэчных песень і сэрца можа сціснуцца ад журботы ці, наадварот, на душы стане весела і хораша. Часам кажуць, што ў Лубянах жывуць цыбульнікі. Ёсць у нашай краіне некалькі гурочных сталіц, дык, можа, Лубяны – сталіца цыбульнікаў? Праўда, гэтую агародніну ў прамысловай колькасці тут не вырошчваюць. Але лубянская глеба такая, што кожны год незалежна ад надвор’я на агародах вырастае багаты ўраджай цыбулі. Дый сама назва вёскі мае цікавае паходжанне. Адны кажуць, што ў аснову наймення яе пакладзена слова “луб” – валакно дрэў і што раней мясцовыя жыхары займаліся вырабам паперы. Існуюць іншыя меркаванні. Напрыклад, дзеяслоў “лубіць” мае дачыненне да працэсу выдзелкі шкуры. Магчыма, у свой час тут існаваў моцны гарбарны промысел. Дзве Іскры Заканчваюцца апошнія лубянскія пабудовы, і па лугавой дарожцы хутка прыходзім у вёску Іскра. Два абліччы мае гэта паселішча, а калісьці мела і два імені, бо вёскі не былі аб’яднаныя. Сядзібы старой часткі раскінуліся ўнізе, каля Друці і заліўнога луга. Раней паселішча называлася Карчы. У 1950 годзе, пасля аб’яднання калгасаў “Іскра”, “Дружба”, “Ільіч,” – атрымала імя Іскра. Існуе цікавая гісторыя аб паходжанні ранейшага імені паселішча. На гэтым месцы рос вялікі лес. Аднойчы нейкі чалавек пасярод яго пачаў валіць дрэвы, карчаваць пні. Неўзабаве на паляне ўзнікла сядзіба. Той чалавек усю працу выконваў адзін. Навакольныя сяляне празвалі яго Разбойнікам. Можа, і таму, што хаваўся тут ад некага. Магчыма, такую мянушку ён атрымаў за сваю нелюдзімасць. Выкарчаваныя непатрэбныя самому дрэвы і пні Разбойнік складваў непадалёку ад сядзібы, бо не хапала яму часу і сілаў, каб некуды іх вывезці. А жыхары суседніх вёсак прыязджалі за гэтым карчэўем, выкарыстоўваючы яго потым на дровы. І калі хтосьці збіраўся прывезці сабе дровы, казаў: “Паехаў у Карчы”. Пазней вакол сядзібы паставілі дамы іншыя сяляне, узнікла вёска Карчы. Зусім у іншую Іскру патрапляеш з боку шашы на Круглае. Тут знаходзяцца сучасныя дамы, у якіх жывуць работнікі і спецыялісты СВК “Іскра”. Жыццё ў новай частцы вёскі бурліць, нагадваючы рытм сучаснага гарадка. Бабровая краіна Адпачыўшы ў засені векавога дрэва пад птушыныя спевы ў старой частцы Іскры, звяртаеш увагу, што адразу за агародамі – найпрыгажэйшыя краявіды. А потым заўважаеш, што гэта наваколле займела і гаспадара – бабрынае сямейства. Яно жыве ў згодзе і міры з вяскоўцамі, іх дамашняй жывёлай, дазваляючы цікаўнаму паназіраць за сваёй працоўнай дзейнасцю. Бабры набудавалі плацін, нарабілі дзесяткі нораў да сваіх “шматкватэрных дамоў”. На іхнія сляды не рэагуюць звонкім брэхам вясковыя дварнякі, а каровы, што выпасаюцца на лузе, п’юць ваду прама каля бабровых нор. Чаплінае царства Калі крочыць па лузе да сасновага лесу, можна патрапіць у яшчэ адну адметную мясціну, што падпірае Іскру на захадзе. На самых макавінах соснаў асцярожныя і даволі рэдкія ў нас шэрыя чаплі пабудавалі сотні гнёздаў. Узнікла цэлая калонія птушак. Асабліва не любяць чаплі, калі ў сасоннік наведваецца чалавек у час вывядзення імі патомства. Уздымаюць такі вэрхал, дый “слядоў свайго хвалявання” на вашым адзенні пакінуць нямала. ...Над вёскай Іскра кружаць буслы, а над лесам і рэчкай – чаплі. Цікавы птушыны край! Паселішчы продкаў Прамінаючы сасоннік з яго пярнатым “насельніцтвам”, выходзіш на луг. На супрацьлеглым беразе Друці невялічкая вёска Ліпск прытулілася да двух велічных курганоў. Курганы ўражваюць і вабяць узабрацца на іх. Чый яны твор: чалавека ці прыроды? Калі стварыла іх прырода, то адкуль столькі сіметрыі і прапорцый? Тубыльцы распавядаюць, што даўным-даўно на курганах былі паселішчы старажытнага чалавека. У свой час мясцовыя жыхары адкапалі на іх старадаўнія кастрышчы. Курганы – гэта памяць аб нашых далёкіх продках, напамін берагчы родную зямлю, шанаваць мінуўшчыну Айчыны. Асцярожна, Кардон! Вось мы спакваля і дасягнулі “паўночных варотаў” Бялыніччыны: на мяжы з Круглянскім раёнам размясцілася невялічкая вёсачка з адмысловым і характэрным найменнем – Кардон. Сама назва яе ўскосна пацвярджае думку аб тым, што тут у далёкім мінулым магло адбывацца шмат значных і цікавых падзей. Цяпер у Кардоне засталося ўсяго некалькі жылых двароў. Нягледзячы на нязначную адлегласць ад Бялынічаў, адчуваеш, што гэта паўночны куток раёна. Зімой тут мароз на градус-два мацнейшы чым у райцэнтры, ды і спякотным летам у Кардоне большая прахалода. Лебядзіны край Час вяртацца назад. А каб зваротны шлях не паказаўся доўгім, варта перайсці шашу ў накірунку да рэчкі Няропля. У некалькіх кіламетрах ад Іскры, за бярозавым гаем, месцяцца Ількавічы. Невялічкае возера перад гэтай вёскай упадабалі лебедзі. Зараз тут гняздуецца больш за дзесяць грацыёзных птушак. З нядаўняга часу ў лебедзяў з’явіліся суседзі – бабры. Паміж сабой яны ладзяць. А што да вяскоўцаў... Распавяду пачутае ў Ількавічах. Аднойчы ўраніцу двор вяскоўкі напоўніўся злосным брэхам сабакі, курыным крыкам і нейкімі невядомымі гукамі. Гаспадыня выбегла на ганак і... аслупянела. Па двары важна хадзіў бабёр, на яго дзіўна касавурыліся куры і тут жа гучна “абмяркоўвалі” гэту падзею з цыбатым пеўнем. Сабачка брахаў і стараўся абнюхаць нязванага госця. Бабру гэта не падабалася, ён падаваў пранізлівыя крыкі, а затым, папляскаўшы хвастом па зямлі, няспешна падаўся прэч. Вылаўскія буслы Вёска Вылаў таксама мае шмат адметнасцяў. Адразу ж пры ўездзе ў паселішча вас сустракае буслінае гняздо на драўляным слупе лініі электраперадачы. Наогул, колькасць бусліных пасяленняў тут не можа не ўразіць. У свой час аўтар гэтых радкоў з вучнямі Іскраўскай БШ даследавалі прычыны такой любові чырвонадзюбых да гэтых мясцінаў. Удалося высветліць, што драўляныя слупы як мага лепш падыходзяць птушкам для будаўніцтва на іх гнёздаў. Выдатная навокал і кармавая база для пярнатых. Мясцовыя жыхары прыгадваюць, як даўней каровы, пасвячыся на лузе, палохалі жаб, а ў перамешку з рагулямі тут жа “пасвілася”, можа, і сотня буслоў. Вылаўцы птушак ніколі не крыўдзілі, а бусліныя сем’і прывязваліся да гаспадароў сядзібаў. І калі паміралі ўладальнікі дома, то і буслы шукалі сабе пад жытло новае месца. ...Становіцца менш у вёсцы жыхароў – менш бачым і бусліных сем’яў на слупах. Возера Адверніцкае Амаль побач з Бялынічамі, адвярнуўшы крыху ўбок, туліцца да аднайменнага возера вёска Адверніца. Магчыма, і назвы свае яны атрымалі ад дзеяслова “адвярнуць”. Цешыць вока і сэрца наўкольная прыгажосць: серабрыстая плыня вады, крыкі чаек, асветлены бярозавы гай... Аматары рыбалкі не абыходзяць увагаю возера ні летам, ні ўзімку. Тым больш, што каля яго б’е чыстай вадою крынічка, а бераг абсталяваны месцамі для адпачынку. Аўтар спадзяецца, што пазнаёміўшыся з гэтым матэрыялам, у чытачоў “Зары над Друццю” народзіцца інтарэс да паўночных мясцінаў роднага раёна і, магчыма, каму-небудзь пажадаецца наведаць іх асабіста. |
![]() ![]()
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
| Галоўная // Рэдакцыя // Рэклама // Кантакты // Карта сайта | |||||||||||||||||||||||||||
| © 2007 “Зара над Друццю” Дызайн і распрацоўка БЕЛТА |