Субота, 19.5.2012
№36 (9796) ад 16.05.2012
Заазерскія следавікі і Лубянскі крыж

Калі чалавек доўгі час жыве на адным месцы, бачыць вакол сябе адны і тыя ж краявіды, звычайна, ён перастае здзіўляцца, заўважаць адметную прыгажосць наваколля. У такіх выпадках кажуць: “Замулілася вока”. І на пытанне прыезджага чалавека той махне толькі рукой: маўляў, нічога цікавага тут няма. Лес, рэчка, сажалка, поле, валуны... усё гэта ўсюды аднолькавае.

Следавікі

Насамрэч, цікавага і таямнічага вакол нас яшчэ шмат. І, на жаль, досыць мала зроблена, каб пэўна і адназначна адказаць на загадкавыя пытанні, пастаўленыя як самой прыродай, так і закадзіраваныя нашымі прашчурамі ў надпісах і малюнках на камені, у тапаніміцы... Кожная вёсачка, а тым больш – буйное паселішча, кожная мясціна маюць не толькі ўласную гісторыю, але і вонкавыя рысы адметнасці.

Яшчэ пяць-сем гадоў таму на маю дапытлівасць так рэагавалі некаторыя заазерцы: “Нічога ў нас цікавага няма. Старэе вёска”. І, мабыць, каб не назаляў ім асабліва сваімі роспытамі, раілі аглядзець звекавелую трухлявую каплічку.

А потым адзін з вяскоўцаў зусім выпадкова абмовіўся аб камянях, што зарастаюць мохам у лесе непадалёку ад Заазер’я. І пайшло-паехала. Сёння аб “Заазерскім Стоўнхэнджы” не чуў хіба што глухі і лянівы.

ДАВЕДКА

Стоўнхэндж – “Каменная агароджа”, якая ўнесена ў спіс Сусветнай спадчыны каменнага мегалітычнага збудавання, знаходзіцца на Солсберыйскай раўніне ў графстве Уілтшыр за 130 кіламетраў на паўднёвы захад ад Лондана. Уяўляе сабой збудаванне з 82 пяцітонных мегалітаў, 30 каменных блокаў, вагою па 25 тон, і 5 вялікіх гэтак званых трыалітаў.

30 камянёў утвараюць кола дыяметрам 33 метры. Яны маюць вышыню 4,1 метра, 2,1 метра ў шырыню. Зверху на іх пакладзены каменныя перамычкі так, што вяршыні іх знаходзяцца на 4,9 метра над узроўнем зямлі. Напачатку ХІХ стагоддзя зацвердзілася версія аб Стоўнхэнджы як свяцілішчы друідаў.

Насамрэч, вучоным пакуль невядома, хто і для чаго ўзвёў гэта збудаванне, якое найчасцей прымаюць за астранамічную абсерваторыю, старадаўнія могілкі.

Аб Заазерскім комплексе валуноў з каменным крыжам, на якім адлюстравана воўчая мыза (здымак 1), пісалі рэспубліканскія газеты і часопісы, сюжэты пра іх шмат разоў паказвалі, бадай, усе тэлеканалы краіны, а журналісты тэлекампаніі “Мир” не толькі зрабілі перадачу, але і ўсталявалі ў Заазер’і для арыентацыі ўсіх цікаўных і турыстаў адмысловы ўказальнік (здымак 2).

Праўда, нягледзячы на павялічаную цікаўнасць да комплексу валуноў у Заазерскім лесе і па сёння яшчэ няма    адзінага меркавання, што гэта такое: паганскае капішча, сярэднявечнае пахаванне ці штосьці іншае.

ДАВЕДКА

Капішча (ад стараславянскага “капь”: выява бога, ідал) – адна з разнавіднасцяў паганскіх свяцілішчаў. У літаральным сэнсе – месца, дзе стаяў драўляны ці каменны ідал. Тут язычнікі маліліся, прыносілі ахвяры. Характэрнымі асаблівасцямі з’яўляліся пляцоўка круглай формы, абведзеная па краі ровам, камянямі ці ямкамі, у цэнтры яе стаяў ідал. (Энцыклапедыя “Археалогія і нумізматыка Беларусі”, Мн., 1993).

Несумненна адно, гэтак званы “Заазерскі Стоўнхэндж”, як назвала яго ўпершыню журналістка газеты “Звязда” Ілона Іванова, – месца сакральнае, святое. Яно цікавае ўжо само па сабе: і тым жа таямніча-прываблівым каменным крыжом, і загадкавай манаграмай на адным з валуноў, і крыжам багіні Мажаны, дый сама форма многіх камянёў цікавая і здольная выклікаць зрокавыя асацыяцыі.

ДАВЕДКА

Мажана – багіня, увасабленне смерці, тое самае, што і Марэна. Уяўлялася ў вобразе жанчыны, якая часам можа набываць аблічча розных жывёл. З Мажанай-Марэнай, відавочна, генетычна звязана Мар’я купальскіх песняў. (“Беларуская міфалогія”, Мн., 2006.)

А яшчэ на гэтым комплексе знаходзяцца тры валуны-следавікі (здымкі 3, 4, 5). Цікава, што сляды на камянях не падобныя адзін да аднаго ні па памеры, ні па форме. Камяні-следавікі на Заазерскім комплексе размешчаны па вяршынях уяўнага трохвугольніка. Два з іх знаходзяцца па краях уваходу на комплекс, утвараючы своеасаблівыя вароты. Не вядома, ці яны наўмысна пакладзены ў такім парадку, ці такое іх размяшчэнне зусім выпадковае.

ДАВЕДКА

Археолагі Людміла Дучыц і Эдвард Зайкоўскі ў энцыклапедыі “Археалогія і нумізматыка Беларусі” пішуць: “Следавікі  – гэта камяні-валуны з поўнасцю ці часткова выбітай выявай слядоў чалавека (імітацыя босай ці абутай ступні або рукі) або розных жывёл ці міфічных істотаў. Распаўсюджаны ў Еўропе і Азіі, трапляюцца ў Афрыцы. Следавікі – праяўленне язычніцкіх культаў. Ёсць падставы лічыць, што культ камянёў-следавікоў узнік у бронзавым веку.

Паводле шведскага археолага Б. Альмгрэна, у 2-й палове 2-га тысячагоддзя да н. э. існавала строгая забарона ствараць выявы бостваў. Але зварот да нябачнага Бога вымушаў чалавека шукаць адзнакі яго бачнай прысутнасці. У сувязі з гэтым з’явіліся выявы “слядоў Бога”.

На Беларусі вядома больш за 70 следавікоў, сканцэнтраваных пераважна на поўначы і ў цэнтры краіны.

Найбольш пашыраны камяні са слядамі чалавека. У большасці выпадкаў адзін, бывае два і больш.

Аб большасці следавікоў бытуюць паданні, паводле якіх раней камяні нібыта былі мяккімі і розныя істоты пакідалі на іх сляды.

Вада са слядоў лічыцца святой і гаючай, да камянёў носяць ахвяраванні. З пашырэннем хрысціянства многія следавікі набылі функцыі прошчаў”.

Крыж

Яшчэ тры цікавыя мясціны, дакладна звязаныя з сакральным культам камянёў, знаходзіліся ў Ланькаўскім сельсавеце – у Лубянах і ва ўрочышчы “Чучкава кладаўе”, што паблізу Вылава, а таксама на лузе каля Дзевашычаў Эсьмонскага сельсавета.

Вёска Лубяны па пісьмовых гістарычных крыніцах вядома з ХVІІ стагоддзя. Даследчыкі выявілі ў ваколіцах яе некалькі цікавых помнікаў археалогіі, якія адносяцца да неаліту, бронзавага, жалезнага вякоў.

Асабліва шмат археалагічных раскопак у вярхоўях Друці, у тым ліку і ў ваколіцах Лубяноў, у 30-я гады мінулага стагоддзя правёў Аляксандр Каваленя. Для прыкладу, на левым беразе Друці за паўтара кіламетра на поўдзень ад вёскі Аляксандр Дзмітрыевіч выявіў стаянкі неаліту і бронзавага веку. Падчас раскопак ім былі адшуканы фрагменты ляпной керамікі, арнаментаваныя адбіткамі шнура, “елачнымі” кампазіцыямі. Былі знойдзены таксама наканечнікі стрэл, скрабкі, праколкі, якія датаваны VІ – ІХ стагоддзямі.

Пэўную цікаўнасць для археолагаў уяўляе і ўрочышча Круча, дзе былі выяўлены паселішча і бескурганны могільнік. Пры правядзенні раскопак тут знойдзены гладкасценная кераміка і пахаванні. Археолагі ўскрылі дзве магілы. У адной з іх знайшлі срэбнае скроневае кальцо і фрагмент яго, парэшткі крэмацыі.

Улетку 1930 года Аляксандр Каваленя адшукаў каля гэтае вёскі каменны крыж, на якім было высечана слова “Дарька”. На жаль, пасля Вялікай Айчыннай вайны гэты цікавы помнік даўніны знік. Існуюць на гэты конт самыя розныя чуткі: адны сцвярджаюць, што крыж забралі музейныя работнікі ці то з Магілёва, ці то з Мінску, іншыя кажуць, што крыж ляжыць у падмурку адной з мясцовых хат. Апошняя інфармацыя, бадай, не мае пад сабой рэальнай глебы: наўрад, каб асмеліўся чалавек ставіць сваё жытло на каменным крыжы.

Цікавыя звесткі атрымаў і археолаг Эдвард Зайкоўскі, які ў 1982 годзе даследаваў тэрыторыю плошчай у 36 квадратных метраў на месцы былога пасёлка Зарэчча, што побач з Лубянамі. Тут даследчык выявіў фрагменты керамікі, апрацаванага крэменю – шматлікія скрабкі, наканечнікі стрэл.

Варта згадаць і на тое, што беларускі археолаг К. М. Палікарповіч на былым возеры Вейна (каля Лубяноў), выявіў палевае паселішча эпохі неаліту і бронзавага веку, якое з’яўляецца надзвычай рэдкім археалагічным помнікам на Беларусі.

ДАВЕДКА

Палевае паселішча – паселішча эпохі неаліту на палевых канструкцыях, якое размяшчалася над вадой. Упершыню адкрыта ў Еўропе ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя на Цюрыхскім возеры (Швейцарыя).

На тэрыторыі Беларусі сляды палевых пабудоў упершыню адшуканы ў 40-я гады ХХ стагоддзя археолагам М. Аляксеюком на возеры Улла.

У 1952 годзе, дзякуючы паведамленню жыхара вёскі Лубяны  М. Г. Ганчарова, археолаг К. Палікарповіч адкрыў палевае паселішча эпохі неаліту і бронзавага вякоў на былым возеры Вейна. Палі, дасягаючы даўжыні 4 метраў, былі завостраныя з аднаго боку. Яны канцэнтруюцца ў паўднёва-ўсходняй частцы возера.

Мясцовае насельніцтва захавала паданне аб тым, што некалі на беразе возера была пабудавана летняя рэзідэнцыя мясцовага пана.

Калі ўлічыць, што паблізу Лубяноў выяўлены 8 месцазнаходжанняў апрацаванага крэменю, керамікі эпохі неаліту і бронзы, можна меркаваць, што палевае паселішча, і сапраўды, існавала.

Не так даўно бялынічанін Сяргей Антонаў, які нарадзіўся і вырас у Лубянах, паведаміў аўтару гэтых радкоў, што вада з берага Друці паблізу вёскі вымыла каменны крыж.

Ужо на месцы высвятляецца, што першым заўважыў гэты крыж  лубянец Сяргей Харытонаў. А потым Сяргей Антонаў з сынам Аляксандрам вынеслі яго вышэй на бераг – каб крыж не апынуўся на дне ракі.

Наш праваднік, навучэнец ПТЛ №17 Аляксандр Жуган, з ахвотаю вядзе да берага Друці. Па дарозе расказвае, што яго маці часта ўзгадвае той момант, калі яна васьмігадовай дзяўчынкай бачыла, як археолагі праводзілі раскопкі аднаго з лубянскіх курганоў.

— А фатаграфія гэтага нашага крыжа, — цікавіцца дапытлівы юнак, — патрапіць у кніжкі, падручнікі?

Саша тлумачыць, што рэчка “выдала” крыж паблізу Броду – так называецца месца на Друці, дзе яе можна перайсці. Дно тут высцелена валунамі розных памераў. Даўней па іх пераязджалі на супрацьлеглы бераг нават калгасныя трактары. Цяпер той бераг стаў высокім, і тэхніка гэтакі круты  пад’ём не адолее.

Наш праваднік, узбіваючы нагамі на стромкім схіле берага хмару пяску, імкліва апускаецца да вады. Вось і крыж. Ён нагадвае надмагільны, але правае крыло яго чамусьці акуратна і роўна зрэзана на конус. Калі глядзець зверху, гэтае крыло быццам хаваецца пад вертыкальную частку сяродкрыжжа. На самім крыжы выбіты чатырохканцовы крыжык. Больш аніякіх знакаў (здымкі 6, 7).

Калі гэта надмагільны крыж, то як ён апынуўся ў Друці? Да старых могілак адсюль даволі значная адлегласць.

Не хочацца верыць і ў тое, што калі, уладкоўваючы брод, вымошчвалі камянямі дно ракі, то і яго паклалі сюды. Магчыма, канкрэтны адказ на гэта пытанне дасць дэталёвае вывучэнне камянёў, якімі выслана ў гэтым месцы дно ракі.

— Крыж не павінен ляжаць каля самай вады, — гаворыць Аляксандр Антонаў. – Друць можа “забраць” назад. Крыж трэба ўстанавіць. Можна ў Лубянах ці каля царквы. Не ведаю, як правільна паступіць з нашай знаходкай... Але рабіць нешта трэба.  

Усцешна, што жыхары Лубяноў не забываюцца на сваіх продкаў, шануюць мінуўшчыну роднага краю, спрабуюць разгадаць мясцовыя таямніцы, ведаюць і ганарацца адметнасцямі роднага кута.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз