Аўторак, 7.2.2012
Аўторак, 7.2.2012![]() ![]() ![]() ![]() |
Творчыя праекты /
Наш край. Краязнаўчая старонка "Зары над Друццю" /
На долю шчаслівую
На долю шчаслівую
Прапаноўваем увазе чытача чарговы матэрыял нашага творчага праекта “Бялыніцкі ручнік: вышывае маці дзіцятку долю”. Ці лёгка быць шчаслівым чалавекам? У кожнага на гэта пытанне – свой адказ: паняцце шчасця, як і яно само, бясконца шматграннае. Шчасце, быццам тыя лугавыя кветкі, рассеяна па нашым індывідуальным жыццёвым шляху. Кожны чалавек з нараджэннем атрымлівае і свой шлях, і сваю долю. Вядома, маці заўсёды жадае бачыць сваё дзяцятка шчаслівым, жадае надзяліць яго добрым лёсам. У радзінна-хрэсьбіннай абраднасці беларусаў бацькі, кум з кумою ды бабка просяць для дзіцяці добрую долю: “хлебную”, “грашовую” і “вянчальную”, што азначае матэрыяльны дабрабыт і сямейнае суладдзе. У нашай свядомасці заўсёды мае месца імкненне ўплываць на лёс, спрагназаваць яго. Магічныя дзеянні пры першым купанні немаўляці садзейнічаюць станоўчаму ўплыву на яго далейшае жыццё: у ваду кладуць грошы з пажаданнем багацця, жыта – каб працягваўся род. Ваду, у якой купаюць дзяўчынку, выліваюць пад вішню, хлопчыка – пад яблыню. Першае рытуальнае купанне сімвалізуе прыняцце дзіцятка ў родавую і шырэй – чалавечую супольнасць. Значным актам далучэння немаўляці да сферы культуры з’яўляецца абціранне яго пасля купання ўціральнікам. Пры вышыванні такога ручніка маці закладвае ў яго ахоўную сілу і самыя цёплыя пачуцці, што зараджаюць у дзіцяці ўсё прыгожае, станоўчае, духоўнае. Вышытыя на такім ручніку ўзоры ёсць ні што іншае, як своеасаблівы напамінак аб сувязях, што яднаюць чалавека з яго родам. Вобраз маці і дзіця ўвасабляецца ў выяве дрэва жыцця, якое і ёсць перспектыўная мадэль лёсу. Падчас раённых этнаграфічных экспедыцый удзельнікі іх выявілі ручнікі-ўціральнікі з такой вышыўкай у жыхарак вёсак Свяцілавічы, Навасёлкі, Вялікая Машчаніца, Камяніца. Назіраюцца і варыянты ўсведамлення гэтага вобраза на арнаменце ручніка ў выглядзе яблыні, вярбы, вазона з кветкамі. Шматлікія разгалінаванні расліннага арнаменту тут сімвалізуюць плоднасць і жыццёвую моц роду. Дрэва жыцця з’яўляецца абярэгам ад уздзеяння нячыстай сілы, засцерагае таксама і ад хвароб. Гэты вобраз нясе сабою вечную ідэю жыццясцвярджальнага пачатку. А ўжыванне нітак чырвонага колеру лічыцца сімвалам жыцця, перасцярогі ад усяго негатыўнага, яны сцвярджаюць радасць і ахоўваюць здароўе ўладальніка ручніка – гэтай сакральнай палатніны. Падчас хрэсьбінаў, якія з’яўляюцца сямейна-родавым святам, бабка частуе ўсіх прысутных “бабінай кашай”. Гаршчок з ёю абавязкова павінен быць абгорнуты ручніком з вышытай выяваю дрэва жыцця. Кожны з удзельнікаў гэтага абраду кладзе на рытуальную страву грошы з пэўным пажаданнем дзіцяці, а кашу выкупляе кум. Ён жа і разбівае гаршчок. Такім чынам, па-майстэрску вышыты матуляй кавалак тканіны становіцца рытуальнай, сакральнай рэччу, з дапамогай якой можна задаць станоўчую мадэль ходу падзей для свайго дзіцяці. У нашых продкаў існавала традыцыя, калі кумы прыносілі бацькам хрэсніка хлеб, накрыты ручніком. Кума дарыла ручнік куму і прамаўляла пры гэтым: “Вось табе, кумок, у падарунак ручнічок. Ручнікі, якія выкарыстоўваюцца ў сямейна-родавых абрадах, неабходна захоўваць і перадаваць у спадчыну нашчадкам. А ручнік, вышыты матуляй на нараджэнне дзіцяці, суправаджае яго ўсё жыццё, служачы абярэгам. Таццяна ТРУБІЦЫНА, метадыст раённага Цэнтра культуры. |
![]() ![]()
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
| Галоўная // Рэдакцыя // Рэклама // Кантакты // Карта сайта | |||||||||||||||||||||||||||
| © 2007 “Зара над Друццю” Дызайн і распрацоўка БЕЛТА |