Субота, 19.5.2012
№36 (9796) ад 16.05.2012
“Барацінка”… на агародзе

Шмат разоў раёнка пісала пра таямніцы Эсьмонскага сельсавета. Сярод іх і камяні з невядомымі надпісамі, і святая крыніца, якая знаходзіцца недалёка ад вёскі Майск, і крыж багіні Мажаны, і шэраг іншага, загадкавага.

Здавалася б, чым яшчэ можа здзівіць гэты куток Бялыніччыны? Але ж можа.

Увосень, апрацоўваючы агарод у вёсцы Майск, які застаўся нашай сям’і ў спадчыну, увагу майго сваяка прыцягнуў маленькі, круглы прадмет...

Забягаючы крыху наперад, скажу, што ім аказалася манета: шэлег, ці солід, — менавіта так знаходка называецца. Яна мае яшчэ адну назву, неафіцыйную, — “барацінка”.

Але ж звернемся да гісторыі яе ўзнікнення.

1 ліпеня 1569 года ў выніку Люблінскай уніі адбылося аб’яднанне Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Ва ўмовах глыбокага эканамічнага заняпаду другой паловы XVII – першай паловы XVIII стагоддзя, выкліканага вынішчальнымі войнамі, дзяржава не здольная была справіцца з грашовымі абавязацельствамі, асабліва перад войскам.

Тагачасны загадчык кракаўскага манетнага двара Ціт Лівій Бараціні прапанаваў выпуск новых крэдытных грошай, накіраваных на пакрыццё даўгоў. У 1659 годзе на сойме прымаецца рашэнне аб выпуску дадатковых грошай, незважаючы на тое, што гэта было практычна ашуканства, бо новы медны солід не меў рэальнай вартасці.

Згодна рашэння, планавалася выбіць медных шэлегаў на 1 мільён залатовак для ВКЛ і на гэтулькі ж — для Польшчы. Непаўнавартасныя шэлегі пайшлі ў абарачэнне па прымусовым курсе ў 1:3 срэбнага гроша пры рэальным кошце ў 1:20.

Вызначаны дзяржаўны ліміт медных солідаў Бараціні нелегальна перавысіў. Таму ў 1662 годзе сойм загадаў устрымацца ад біцця іх. Але клопаты скарбу справакавалі ў 1663 годзе ўзнаўленне выпуску “барацінкі”. Тлумачылася гэта адзінай магчымасцю выйсці з крызісу і аплаты пратэрмінаваных плацяжоў.

З аднаго фунту (405 грамаў) медзі Бараціні выбіваў 300 шэлегаў афіцыйна вартых 100 грошам. 57 грошай ішло ў скарб дзяржавы, рэшту забіраў загадчык манетнага двара. Акрамя велізарных прыбыткаў, Бараціні надалей ашукваў дзяржаву, б’ючы таксама манеты па-за лімітам.

Апошняе біццё медных шэлегаў спынілася ў 1668 годзе. Аднак у абароце яны функцыянавалі яшчэ да пачатку XVIII ст.

Вялікая колькасць “барацінак”, уведзеных у абарот, невысокая іх якасць заахвочвала фальшываманетчыкаў. Ім пагражалі катаванні, адсячэнне правай рукі і прыбіццё яе да гарадской брамы, смерць праз адсячэнне галавы... Але перспектыва лёгкага прыбытку не памяншала ахвочых падрабляць “барацінкі”. Лічыцца, што фальшывай з’яўляецца недзе дзясятая частка выпушчаных манет.

За няўдалую спробу аздараўлення фінансаў Рэчы Паспалітай Ціта Лівія неаднойчы намагаліся прыцягнуць да адказнасці, але кожны раз яму ўдавалася выслізнуць, абгрунтоўваючы адпаведнасць сваёй дзейнасці пастановай сойму.

“Барацінкі” Кароны мелі на аверсе галаву караля Яна Казіміра ў лаўровым вянку, надпіс IOAN.CAS.REX, падзелены вакол галавы літарамі T.L.B (ініцыялы Бараціні). Больш познія варыянты былі без гэтых літар ці з іншымі. Рэверс падаваў польскага арла са шчытом гербовым Вазаў на грудзях. Наўкол надпіс — SOLID.REGN - POLON і дата. Уверсе надпіс падзяляе пялёстак, а ўнізе — герб падскарбія кароннага Яна Казіміра Красінскага “Слепаўрон”. У больш позніх варыянтах манеты трапляецца іншае размяшчэнне элементаў.

Літоўскія “барацінкі”, да якіх адносіцца і мая знаходка, мелі такі самы аверс, як і польскія. Пасля змяніліся ініцыялы. На рэверсе быў прадстаўлены герб “Пагоня”. Пад ёю ішоў герб падскарбія літоўскага Іераніма Крышпіна Кіршэнштэйна ў выглядзе галавы аленя. Наўкол надпіс, падзелены ўверсе княскай каронаю, SOLI.MAG.DVC.LIT і дата. Пазнейшыя тыпы маюць адрозненні. Памер “барацінкі” складае прыкладна 15 міліметраў у дыяметры.

Вядома, што ў Сярэднявеччы людзі кідалі “барацінкі” за спіну і загадвалі добрае надвор’е. А на Вялікдзень сяляне, калі чыталі малітву, раскідвалі манеты разам з куццёй і кавалкамі вялікоднага яйка ў паўднёвай частцы поля — на вялікі ўраджай.

Якім чынам “барацінка” патрапіла на сядзібу маіх продкаў — невядома. Магчыма, што яна належыць да той дзясятай часткі фальшывак.

Наталля ЗУБРЫЦКАЯ.

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз