Пятнiца, 30.7.2010
№58 (9614) ад 28.07.2010
Роднае. Блiзкае

СІМВАЛ АДЗІНСТВА

Напачатку прывяду цікавую гістарычную дэталь, што здольная выклікаць роздум. 4 кастрычніка 1634 года Бялынічы атрымліваюць ад караля польскага і вялікага князя літоўскага Гаспадарства Уладзіслава Вазы прывілей на самакіраванне па тыпу магдэбургскага права, пячатку і герб мястэчка. Акурат у гэтым жа самым годзе, паводле аднаго з паданняў каталікоў, у Бялыніцкі кармеліцкі кляштар завітаў падарожнік і намаляваў для іх абраз Маці Боскай з Богадзіцем на руках, які пазней стаў цудатворным. Каталікі сцвярджаюць, што тым пілігрымам-жывапісцам насамрэч з’яўляўся сам анёл.

І першапачатковы герб Бялынічаў, і арыгінал цудатворнага абразу аказаліся, на вялікі жаль, страчанымі.

Да сказанага варта дадаць, што для некаторых гарадоў і мястэчак пры наданні ім магдэбургскага права ў якасці герба выбіраліся мясцовыя шанаваныя хрысціянскай святыні.

Атрыманне мястэчкам права на самакіраванне садзейнічала развіццю гандлю, рамёстваў, культуры, давала жыхарам яго шмат новых выключных магчымасцей у іх сацыяльна-эканамічным жыцці, прадстаўляла значна большыя юрыдычныя правы. Напрыклад, найбольш шматлікая катэгорыя жыхароў паселішча – мяшчане – зроўніваліся ў сваіх правах з прывеліяваным саслоўем – шляхтай.

Як сведчыць гісторыя, менавіта з 1634 года Бялынічы пачынаюць імкліва развівацца: яны ператвараюцца ў значны гандлёвы і рамесніцкі асяродак, пры кляштары кармелітаў дзейнічае друкарня з гравёрным цэхам, павялічваецца колькасць насельніцтва. А духоўная дзейнасць ксяндзоў і манахаў кляштару, наяўнасць у касцёле цудатворнага абразу Маці Боскай, што абумоўлівала значны прыток паломнікаў, ператварылі мястэчка ў значны рэлігійны асяродак. Усё гэта паспрыяла таму, што Бялынічы набылі трывалую вядомасць і ўласную славу ва ўсім свеце.

Прывілеем на самакіраванне бялынічане карысталіся хутчэй за ўсё да 1803 года.
Неўзабаве пасля падзелу Рэчы Паспалітай, у склад якой уваходзіла і Бялыніччына, царскі ўрад на гвалтоўна далучаных да імперыі землях праводзіць рэформу сістэмы дзяржаўнага ўпарадкавання і кіравання, у выніку чаго магдэбургскія гарады, вёскі ды мястэчкі пазбавіліся ранейшых вольнасцяў, прывілей, ільгот і манаполій. Зразумела, мяшчане спрабавалі бараніць уласныя, у тым ліку і эканамічныя, інтарэсы.

Бялынічане нават распачалі судовы працэс, праз які спадзяваліся вярнуць сабе герб і самакіраванне. Высвятленне ўсіх акалічнасцей доўжылася на працягу 29 гадоў – з 1803 да 1832 гг.

Урэшце Сенат, куды ў свой час жыхары Бялынічаў перадалі арыгіналы двух прывілеяў на магдэбурскае права (фундацыйны 1634 года і канфірмацыйны, інакш – пацвярджальны, дадзены мястэчку ў 1703 годзе), прызнае гэтыя дакументы несапраўднымі, а ўсіх тых бялынічанаў, якія дамагаліся справядлівасці, як “возмечтавшие о мнимой вольности”, залічваюць у прыгонныя. Найбольш актыўных змагароў прылюдна пабілі бізунамі і выслалі на катаргу ў Сібір.

У 2001 годзе райвыканкам стварае на чале з Мікалаем Гузняковым адмысловую камісію па распрацоўцы герба і сцяга Бялынічаў. На адным з пасяджэнняў член камісіі, тагачасны загадчык аддзела інфармацыі райвыканкама Віталь Цітоў уносіць прапанову аб выбранні ў якасці герба райцэнтра абразу Маці Боскай Бялыніцкай, якая ў аднолькавай ступені шанавалася і лічылася святыняй вернікамі ўсіх хрысціянскіх канфесій. Трэба сказаць, што не ўсе члены камісіі прынялі гэту прапанову. Сярод іх былі як і шчырыя прыхільнікі яе, так і праціўнікі, і тыя, хто сумняваўся.

Але, як гаворыцца, ісціна нараджаецца ў спрэчках. У рэшце рэшт 6 снежня 2001 года камісія зацвярджае прапанаваны В. Цітовым праект эскізу герба Бялынічаў, які намалявала мастак Ларыса Журавовіч, і накіроўвае яго на разгляд сесіі дэпутатаў раённага Савета, што праходзіла 27 снежня гэтага ж самага года.

Як згадвае Віталь Аляксандравіч, які, да слова сказаць, і знаёміў народных абраннікаў з рашэннем камісіі, слуханні па гэтаму пытанню таксама не праходзілі гладка. Пасля доўгіх і бурных спрэчак сесія нарэшце пагадзілася з рашэннем камісіі і таксама зацвердзіла эскізы прапанаванага герба і сцяга Бялынічаў.

А 12 ліпеня 2002 года бялынічане атрымалі ўласны герб і сцяг. Менавіта ў гэты дзень камітэт па архівах і справаводству пры Савеце Міністраў  Беларусі зарэгістраваў і ўнёс у Гербавы матрыкул краіны герб і сцяг Бялынічаў. 

Наш герб мае наступны выгляд: у блакітным полі “варажскага” шчыта знаходзіцца выява Маці Боскай Бялыніцкай з немаўляткам на руках у залатым адзенні. Сцяг бялынічаў мае форму прастакутнага палотнішча ў суадносінах шырыні і даўжыні, як 1 да 2 і складаецца з трох гарызантальных палосаў – роўныя верхняя і ніжняя блакітнага колеру, пасярэдняя – залатога і складае 1/2 ад шырыні палатна сцяга.

Адначасова былі зацверджаны таксама і палажэнні аб гербу і сцягу нашага райцэнтра.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз