Пятнiца, 30.7.2010
№58 (9614) ад 28.07.2010
Творчыя праекты / Наш край. Краязнаўчая старонка "Зары над Друццю" / Старонкі мінулага. Першыя крокі кааперацыі
Старонкі мінулага. Першыя крокі кааперацыі

ПЕРШЫЯ КРОКІ КААПЕРАЦЫІ

Напачатку 1924 года крыху больш за 65 працэнтаў прадпрыемстваў гандлю раёна знаходзілася ў руках прыватнікаў. Гадавы абарот прыватнага гандлю ў папярэдні год склаў 149640 рублёў, у той час як каапераванага – толькі 52 тысячы рублёў.

На той час у раёне дзейнічалі 4 аддзяленні спажыўкааперацыі: два ў Бялынічах і Кулакоўскае ды Царковішчанскае.

З цягам часу ўстановы спажывецкай кааперацыі актыўней сталі заваёўваць мясцовы рынак, усё настойлівей выцясняючы з яго прыватніка. Напрыклад, напрыканцы ўжо 1924 года 8 прыватных гандляроў вымушаны былі спыніць сваю справу, паколькі прайгралі ў канкурэнтнай барацьбе.

Неўзабаве ўстановы спажывецкай кааперацыі пачалі апекавацца і мясцовымі арганізацыямі культуры. Яны шэфствавалі, да слова сказаць, над Ількавіцкай хатай-чытальняй, выпісваючы для яе наведвальнікаў надзвычай папулярныя ў той час газеты, такія, як “Бедната”, “Беларуская вёска”, “Селянін”, “Саха і молат” і іншыя перыядычныя выданні.

Магчыма, і гэта акалічнасць таксама паўплывала на тое, што жыхары вёскі Асавец звярнуліся з просьбай аб адкрыцці ў іх паселішчы аддзялення спажыўкааперацыі, а кулакоўцы – яшчэ аднаго, дадатковага.
Да студзеня 1925 года пачалі дзейнічаць установы спажыўкааперацыі ў вёсках Прыхабы, Ількавічы, Малы Кудзін, Шылавічы, Задруцкая Слабада.

У акрэслены перыяд часу на Бялыніччыне былі створаны і тры сельскія калектыўныя арцелі. У Ланькаўскім сельсавеце заснаваны калгас “Чырвоны Бор”, які першапачаткова налічваў 8 сем’яў (40 едакоў) з 17 працаздольнымі работнікамі. Яны валодалі 60 дзесяцінамі ворнай зямлі. У гаспадарцы налічвалася 7 галоў рабочай жывёлы, 11 кароў, 3 свінні і 10 парасят. Сельгасінвентар складаўся з пяці плугоў, сямі баронаў і сямі вазоў. Першым старшынёй калгаса быў выбраны Васіль Кісялёў.

Лепшай жа сельгасарцеллю на той час з’яўляўся калгас “Араты” Нежкаўскай воласці, які меў 22,5 дзесяціны ворнай зямлі, сад, што займаў каля трох дзесяцін, і малатарню.

У далейшым каапераваныя ўстановы пачнуць займаць выключнае становішча, у тым ліку і ў сельскай гаспадарцы, і канчаткова выцесняць прыватніка.

Уладзімір СЕРЫКАЎ, краязнаўца. 

(нумар ад 03.11.07)

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз