Аўторак, 7.2.2012
№9 (9769) ад 04.02.2012
Творчыя праекты / Натхненне / Васіль Дзеравяшка. Жужа
Васіль Дзеравяшка. Жужа

ЖУЖА

На жоўты магільны пясок, на вянкі, на драўляны крыж мякка, без шоргату, быццам захоўваючы рытуальную цішыню, паволі клаліся яшчэ зеленкаватыя лісты са старых бяроз, што звычайна раней за іншых развітваюцца з летам. Гэтак жа ціха, моўчкі пачалі разыходзіцца і людзі. Апошнімі пакідалі могілкі сваякі і суседка нябожчыцы. Яны не выйшлі яшчэ нават за агароджу, як слых разанула пранізлівае, жудасна-журботнае выццё сабакі. Людзі разам спыніліся, азірнуліся. Пасярэдзіне абстаўленага вянкамі грудка пысай на крыж сядзела чорная, як вугалёк, невялікая, прыкметна брухатая дварняжка і, не змаўкаючы, выла на парадзелыя верхавіны бяроз.

— Даравала Жужа нябожчыцу, — з палёгкай уздыхнуўшы, прамовіла суседка Тамара Міхайлаўна. – Вось і развітацца прыйшла. Бач ты, як жаласліва галосіць.

— Даравала? За што? – запытала дачка, што прыехала на пахаванне з далёкага гораду.

...На бераг Друці закадычныя сяброўкі Віка з Хрысцінай прыйшлі халаднаватым жнівеньскім адвячоркам па даручэнню Вікінай маці, каб перавязаць на свежую траву іх рахманую белую кабылу. Калі на новым месцы дзяўчынкі забілі прыхопленым з дому малатком востры штыр у мяккую вільготную глебу, яны заўважылі раптам згорбленую постаць бабулі Фені, што з мяшком за плячыма падыходзіла да ракі.

— Няўжо яна купацца надумала? – здзівілася Хрысціна. – Дык жа спякота даўно скончылася.

— Не, напэўна, нейкую бялізну папаласкаць хоча, — памяркоўна выказалася Віка, якой ужо споўнілася пятнаццаць год, і яна  на два гады старэйшая за сяброўку. – А давай пачакаем і паглядзім.

Наблізіўшыся да ракі, жанчына раптам шпурнула яўна не пусты мех з высокага берага і, перахрысціўшыся на ваду, хуценька патупала назад. Дзяўчаты пераглянуліся і, не згаворваючыся, пабеглі на тое месца, дзе мінуту назад хрысцілася баба Феня.

Павольнае цячэнне далёка мех не аднесла. Ды і тануць ён зусім не збіраўся. Было добра бачна, што ўнутры яго валтузілася і трапятала штосьці жывое.

Тут сяброўкі ў час летніх канікулаў не аднойчы купаліся, умелі даволі добра плаваць, і халодная вада іх асабліва не палохала. А часу на разважанне ўжо не заставалася, бо паступова жывы мех раз-пораз знікаў пад вадой.
З цяжкасцю вывалаклі на бераг ужо набраклы вадой груз. Вузельчык на завязцы доўга не паддаваўся тонкім дзявочым пальцам, і Віка вымушана была перакусіць шпагаціну.

— Ой, гэта ж Жужа! – у адзін голас усклікнулі дзяўчынкі, калі з меха выкаціўся на траву скамечаны, мокры, усхліпваючы, дрыжачы чорны камяк. Здавалася, сучка вось-вось захліпнецца вадой, што літаральна цурчэла з яе шырока разяўленай пашчы.

Уся мясцовая дзятва любіла Жужу. Гаспадыня баба Феня ніколі не саджала яе на ланцуг, ніколі ніхто не чуў яе брэху, а да дзяцей яна лашчылася так, што тыя дзяліліся з ёй апошняй цукеркай. Чаму баба Феня паступіла так жорстка і здзекліва з агульнай любіміцай, дзяўчынкі ніяк не маглі ўцяміць.

Неўзабаве тапельніца апрытомнела, яе дыханне стала цяплець, толькі ўсё яшчэ яна не пераставала ўздрыгваць на руках то ў адной, то ў другой дзяўчынкі, а вочы-вугалькі нібы патухлі, здавалася, што яны пацягнуты мутнай плёнкай. Жужу прынеслі ў двор да Вікі.

— Няхай у нас жыве, — выслухаўшы ўсхваляваны аповед дзяўчынак, памяркоўна вырашыла Валянціна Уладзіміраўна, Вікіна маці.

Да былой гаспадыні Жужа так і не вярнулася.

Праз некалькі дзён баба Феня па нейкіх сваіх справах пайшла да Валянціны Уладзіміраўны. І здарылася непрадбачанае: з лютым брэхам, шчэрачы вострыя белыя клыкі, ёй насустрач з ганку кінулася Жужа. Не, яна не кусала жанчыну, але ўсім сваім непрымірымым выглядам паказвала, што ў двор яе не пусціць і што цяпер яны – ворагі. Аб гэтым выпадку хутка ведалі ўсе жыхары Задруцкай Слабады і толькі ківалі галовамі, калі назіралі, як, выпадкова сустрэўшыся з бабай Феняй, Жужа зласліва шчэрылася і пераходзіла на другі бок вуліцы. Толькі з дзецьмі яна была па-ранейшаму ласкавай і даверлівай.

— Бабуля, а навошта вы Жужу тапілі? — неяк пацікавіліся ў бабы Фені дзяўчынкі-выратавальніцы.

— Дык жа яна некалі шчаніцца будзе, — прывяла аргумент жанчына. – А што мне потым рабіць з цэлым вывадкам? Усіх разам тапіць, ці як?

Нічога не адказалі бабульцы, уражаныя яе логікай, дзяўчаты. Задумлівыя і засмучоныя гэтай нібыта апраўданай жорсткасцю, яны разышліся па сваіх хатах.

...На памінках, як гэта звычайна бывае, шмат гаварылі аб тым, якой добрай, чулай і спагадлівай была пры жыцці баба Феня.

— І гэта праўда, — пацвердзіла ў сваім памінальным слове суседка Тамара Міхайлаўна. – Ёй вось і Жужа ўсё даравала...

Васіль ДЗЕРАВЯШКА.

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз