Аўторак, 7.2.2012
№9 (9769) ад 04.02.2012
Творчыя праекты / Натхненне / З \"Натхнення\" - у вялікую літаратуру
З \"Натхнення\" - у вялікую літаратуру

Больш за паўвека дзейнічае пры нашай раённай газете літаратурнае аб’яднанне “Натхненне”. Яно не толькі адно са старэйшых на Магілёўшчыне, але, бадай, і адно з самых плённых. Варта толькі ўспомніць прозвішчы беларускіх паэтаў і празаікаў, якія менавіта з яго зрабілі  свой крок у вялікую, прафесійную літаратуру. Гэта сатырыкі Рагор Яўсееў, Васіль Найдзін, Мікола Падабед, першы аўтар ва ўсходне-славянскай літаратуры вянка вянкоў санетаў Змітрок Марозаў. Тут рабілі свае першыя крокі прыгожага пісьменства Раіса Баравікова, Аляксандр Мельнікаў, Віктар Хаўратовіч, Міхась Карпечанка, Вячаслаў Казакевіч...

Актыўна ўдзельнічалі ў яго рабоце ў розныя гады існавання аб’яднання паэты і празаікі Мікола Купрэеў, Марыя Панкова. Пагадзіцеся: што ні прозвішча, то асоба ў беларускай літаратуры. А калі дадаць да гэтага спісу ўраджэнцаў Бялыніччыны Янку Шарахоўскага, Ігара Шклярэўскага, Міколу Цэлеша, Міколу Шарамета, якія пакінулі свой адбітак не толькі ў беларускай, але рускай і ўкраінскай літаратурах, то можна без перабольшвання сказаць, што сёння мы з вамі жывём на сапраўды слыннай зямлі.

Гаворачы пра літаб’яднанне, нельга не сказаць аб людзях, якія ў свой час яго ўзначальвалі, сваёй слушнай і тактоўнай парадай дапамагалі маладым літаратарам станавіцца на крылы. Гэта Рыгор Яўсееў, Алег Пліндоў, Уладзімір Серыкаў, Віктар Хаўратовіч. Асабліва Віктар Хаўратовіч. Менавіта з яго лёгкай рукі пачаліся сустрэчы бялыніцкіх пачаткоўцаў са сваімі калегамі, а таксама з аматарамі прозы і паэзіі Бярэзінскага і Круглянскага раёнаў. Віктар Кандратавіч быў адным з ініцыятараў і ўкладальнікаў калектыўнага зборніка літаратараў Магілёўшчыны “Галасы Прыдняпроўя”, творчых сувязей з пісьменнікамі балгарскага горада Сеўліева, з якімі двойчы абмяняліся літаратурнымі старонкамі. Пры ім жа ўпершыню “Натхненне“ было прадстаўлена на беларускім тэлебачанні, стала лаўрэатам прэміі камсамола Магілёўшчыны ў галіне літаратуры.

Пэўную работу праводзіць літаб’яднанне і сёння. Штомесяц  па трыдыцыі, закладзенай яшчэ былым рэдактарам “Зары над Друццю” Мікалаем Падабедам, выходзіць тэматычная старонка “Натхненне”, у якой друкуюцца не толькі творы пастаянных аўтараў, такіх, як Алег Пліндоў, Рыгор Сарока, Васіль Дзеравяшка, Уладзімір Серыкаў, але і пачаткоўцаў з гурткоў сярэдніх школ Бялынічаў, Цяхціна, Галоўчына, Заполля і г.д. Трэба думаць, што з цягам часу і з сяброўскай дапамогай газеты яны таксама стануць, калі не прафесіянальнымі літаратарамі, то, хаця б шчырымі прыхільнікамі роднай матчынай мовы і прыгожага пісьменства.

Міхась РАДОЎСКІ,
старшыня літаратурнага аб’яднання “Натхненне”
пры газеце “ Зара над Друццю”.

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз