Пятнiца, 30.7.2010
Пятнiца, 30.7.2010![]() ![]() ![]() ![]() |
Творчыя праекты /
Раўненне на подзвіг /
Навечна ў памяцi. Праметэй з Каўказскiх гор
Навечна ў памяцi. Праметэй з Каўказскiх гор
Всем горцам дарил седой Кавказ Камандзір 121-га партызанскага палка, Герой Савецкага Саюза А.М.Касаеў нарадзіўся 11 кастрычніка 1916 года ў ауле Хурзук Карачаева-Чаркесіі. Скончыў Кіеўскае артылерыйскае вучылішча. Удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, лейтэнант Касаеў быў начальнікам артылерыі стралковага палка на Заходнім фронце. Са жніўня 1941 года мужна змагаўся з гітлераўцамі ў партызанах на тэрыторыі нашага, Магілёўскага і Быхаўскага раёнаў. Быў камісарам, камандзірам атрада, а ў лістападзе 1943 г. узначаліў 121-ы партызанскі полк. ...Невялікая зямлянка ва Угольшчынскіх лясах служыла казармай, штабам і складам зброі. Будні паступова прывучалі да цяжкага ляснога жыцця. Асман Касаеў ствараў вакол сябе сілу, якая змагла б адцягнуць ад фронту найбольшую колькасць гітлераўскіх войск. Таму новае папаўненне шукалі ў вёсках, што размяшчаліся паблізу лесу. За першую зіму атрад акрэп, паспрабаваў сілу ў аперацыях па разгрому варожых гарнізонаў у Сярмяжанцы, Вугольшчыне, Цяхціне, Бялевічах. Аперацыі нельга было назваць буйнымі, аднак яны сталі добрай праверкай ваеннай граматнасці, згуртаванасці, вернасці і стойкасці байцоў. ...У пачатку 1942 г. партызаны атрада зрабілі засаду на шашы Магілёў-Мінск. Немцаў сустрэлі на світанні. Завязаўся бой, Касаеў разлічыў усё да дробязей, і схватка закончылася ўдала: гітлераўцы панеслі страты, а народныя мсціўцы ўзялі шмат трафеяў. Асабліва радаваўся Асман, калі ў атрадзе з’явілася першая гармата. Калі ў ліпені 1942 г. у адным з баёў загінуў Міхаіл Абрамаў, камандаваць атрадам стаў Асман Касаеў. Ён адразу ўвёў страявую і тактычную падрыхтоўку, а ў Сярмяжанцы стварыў аружэйную майстэрню, у лясах – базы, палявы шпіталь. У лістападзе 1943 г. на базе атрада Касаева быў створаны 121-ы (не забыў лейтэнант нумар сваёй дывізіі!) чырвонаармейскі полк. І ў ім па-новаму закіпела жыццё. 1944 год пачаўся для палка ўдала. Умела распрацаваная і добра праведзеная ў канцы студзеня аперацыя дазволіла “разлічыцца” з апошнім у зоне дзеяння нямецкім гарнізонам у вёсцы Галынец. У ходзе бою было знішчана амаль 200 гітлераўцаў, захоплена 19 аўтамашын, спалена некалькі складаў. Полк недалічыўся 16 партызан, а Касаева тады параніла ў руку. 1 лютага 1944 г. фашысты пачалі блакаду партызанскіх зон у Магілёўскім раёне. У вёсках з’явіліся карныя войскі. Немцы, рухаючыся з Бялынічаў, занялі Цяхцін, Пільшычы, Сярмяжанку і Вугольшчыну. Вораг планаваў адрэзаць партызанаў ад асноўных баз у Сіпайлаўскім лесе, замкнуць кальцо акружэння на захадзе, а затым поўнасцю знішчыць. На экстраннай нарадзе камандзіры і камісары двух палкоў прынялі рашэнне: да раніцы 9 лютага 1944 г. перайсці па лёдзе Друць паблізу пасёлка Адраджэнне, які яшчэ не занялі немцы, і рухацца ўглыб Сіпайлаўскага лесу, а потым праз палігон – ва Усакінскія лясы. Камандзір К.М.Белавусаў павёў зводную калону, а Асман Касаеў забяспечваў бяспеку з тылу. Хутка калона была ва Усакінскім лесе, але ён быў ужо поўнасцю акружаны карнікамі. І партызаны пачалі рознымі дарогамі выходзіць з акружэння. У ноч з 16 на 17 лютага калона рухалася па намечанаму маршруту да Беразіны. Пры выхадзе з лесу да яе далучыўся 122-і полк Бялыніцкай ВАГ пад камандаваннем А.І.Ліпскага. Калона расцягнулася амаль на два кіламетры. Уперадзе яе ішлі А.М.Касаеў, кіраўнік Магілёўскага ВАГ І.П.Станкевіч, камандзір і начальнік штаба 113-га палка К.М.Белавусаў і І.Ф.Хазаў. За ноч меркавалі адолець не менш за 20 кіламетраў. Але лютаўская сцюжа, заснежаныя гушчары, бездарожжа затрымалі рух калоны, і світанне застала яе сярод чыстага поля. І амаль адразу над галовамі партызан павісла фашысцкая “рама”, а затым прыляцелі “юнкерсы”. Засвісталі бомбы. Раптам недалёка раздаўся моцны выбух, і тры асколкі варожай бомбы ўпіліся ў грудзі Асмана. Медыцына аказалася бяссільнай. Раніцой 18 лютага 1944 г., пражыўшы пасля ранення амаль суткі, камандзір палка А.М.Касаеў памёр. У яго было дзве маці. Адна – Хабі Джамаеўна – жыла на радзіме каўказскага джыгіта, а другая – Фёкла Міхайлаўна Навумовіч – у вёсцы Вугольшчына. Апошняя, рызыкуючы жыццём, прабіралася да партызан у лес і дастаўляла ім ежу. Перад смерцю ён клікаў Хабі Джамаеўну і Фёклу Міхайлаўну. А вось што гавораць сёння партызаны, якія гераічна ваявалі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў разам са славутым горцам. М.Н.Бельскі: Асман Касаеў здзіўляў нас сваім тэмпераментам, быў надта гарачым і па-каўказску смелым камандзірам. Падману, няпраўды не любіў, не дазваляў браць у вяскоўцаў ежу і вопратку. Ён заўсёды быў у строгай вайсковай форме. І.Ц.Маргуноў: Партызаны моцна паважалі Асмана за смеласць і справядлівасць. Гэта быў адважны камандзір. Пахаваны А.М.Касаеў у Магілёве ў брацкай магіле па вуліцы Лазарэнкі. Да 20-й гадавіны Перамогі над гітлераўскімі захопнікамі Асману пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Вёска Сярмяжанка перайменавана ў Асман-Касаева, яго імем названы школа ў Заполлі, вуліцы ў абласным цэнтры і ў вёсцы Хрыпялёва. Паблізу вёскі Вугольшчына, на шашы Бялынічы-Друць, узведзены помнік, а ў раённым Парку культуры і адпачынку на Алеі Герояў устаноўлены бюст. Па матэрыялах друку падрыхтаваў |
![]() ![]()
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
| Галоўная // Рэдакцыя // Рэклама // Кантакты // Карта сайта | |||||||||||||||||||||||||||
| © 2007 “Зара над Друццю” Дызайн і распрацоўка БЕЛТА |