Пятнiца, 30.7.2010
№58 (9614) ад 28.07.2010
Творчыя праекты / Раўненне на подзвіг / Ад радавога да палкоўніка
Ад радавога да палкоўніка

Многія старажылы Бялынічаў, вёсак Прыхабы і Заполле памятаюць маладога і ініцыятыўнага камсамольца Д. А. Гапеева. У 30-я гады мінулага стагоддзя ён узначальваў камсамольскую арганізацыю Запольскага сельсавета, загадваў хатай-чытальняй, быў членам Бялыніцкага райкама камсамола. У 1926 годзе Даніла Андрэевіч у складзе дэлегацыі Магілёўшчыны прымаў удзел у рабоце VII з’езда ВЛКСМ.

Восенню таго ж года Данілу Гапеева прызвалі на службу ў Чырвоную Армію, дзе ён спачатку скончыў вячэрнюю школу, а затым спецкурсы па падрыхтоўцы да паступлення ў вайскавое вучылішча, а затым экстэрнам здаў экзамены на камандзіра сапёрнага ўзвода і закончыў курсы каманднага саставу інжынерных войск пры Беларускай ваеннай акрузе.

Вялікую Айчынную вайну Д.А.Гапееў сустрэў не навічком у баявой справе. За яго плячыма былі вызваленчы паход па Заходняй Беларусі, вайна з белафінамі. З кастрычніка 1942 года  і да дня Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі Даніла Андрэевіч знаходзіўся на перадавой. У саставе 16-й інжынерна-сапёрнай брыгады  рэзерву Галоўнага камандавання Першага Украінскага фронту ён камандаваў батальёнам, прымаў удзел у разгроме гітлераўцаў пад Сталінградам і на Курскай дузе. На ўсё жыццё засталіся ў яго памяці цяжкія баі за вызваленне Украіны.

Наш зямляк са сваім батальёнам вызваляў ад ворага Харкаў, Львоў, Луганск і іншыя населеныя пункты братняй рэспублікі. Затым былі цяжкія баі на польскай зямлі і ў Германіі. У бітве за горад Браслау байцы Д. Гапеева пад варожым агнём разабралі 17 барыкад і завалаў, знішчылі 67 гармат, мінамётаў і кулямётаў, больш тысячы гітлераўцаў і ўзялі ў палон — 123. За ўзорнае выкананне задання камандавання батальённы быў удастоены ордэна Чырвонага Сцяга.

Пад камандаваннем Д. А. Гапеева наводзіліся  пантонныя і паромныя пераправы праз Заходні Буг, Віслу, Одэр... Пасля выканання задачы па фарсірванню Віслы і замацавання на Сандамірскім плацдарме войскаў  першага Украінскага фронту, батальёнам Гапеева было ўстаноўлена 14 тысяч супрацьтанкавых і супрацьпяхотных мін.

За выкананне баявых задач штурмавы батальён нашага земляка быў удастоены васьмі падзяк ад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.

Больш за 30 год  адслужыў палкоўнік Гапееў у Савецкай Арміі. Ён узнагароджаны ордэнам Леніна, чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, а таксама Айчыннай вайны ІІ ступені і Чырвонай Зоркі, васьмю баявымі медалямі.

Звольніўшыся ў запас, Даніла Андрэевіч прыехаў на сталае жыхарства ў Магілёў, дзе працяглы час працаваў начальнікам аддзела кадраў на заводзе штучнага валакна імя Куйбышава, з’яўляўся старшынёй клуба рэвалюцыйнай і баявой славы пры Доме культуры швейнікаў, узначальваў парткамісію пры Кастрычніцкім райкаме партыі абласнога цэнтра.

Віктар ЯФІМАЎ.

(нумар ад 06.11.07)

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз