Аўторак, 7.2.2012
Аўторак, 7.2.2012![]() ![]() ![]() ![]() |
Творчыя праекты /
Раўненне на подзвіг /
Трывожная маладосць
Трывожная маладосць
У вёсцы Стараселле Машчаніцкага сельсавета добра ведаюць надзвычай сціплага і душэўнага чалавека, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і працы Дзяніса Іосіфавіча Ганчарова. Яго маладосць была апалена вайной. Ніжэй распавядаецца пра некаторыя эпізоды гераічнай барацьбы Дзяніса Іосіфавіча з гітлераўскімі захопнікамі. Уцёк ад катаў Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Дзянісу Ганчарову ішоў шаснаццаты год. Застаўшыся на акупіраванай фашыстамі Бялыніччыне, падлетак актыўна ўключыўся ў барацьбу з ненавісным ворагам. Спачатку наладзіў цесную сувязь з народнымі мсціўцамі, дапамагаў ім здабываць зброю, разведданыя, прадукты харчавання. У Дзяніса былі надзейныя памочнікі ў Бялынічах, Крупках і Круглым. Звычайна, ён наведваўся ў гэтыя паселішчы з кошыкам, у якім ляжалі яйкі. Аднойчы, выправіўшыся ў Крупкі, Дзяніс прыхапіў з сабою дзве магнітныя міны, якія адшукаў са сваім сябрам у разбітым нямецкім самалёце. Непадалёку ад будынка камендатуры ён запрыкмеціў фашысцкую машыну, якую і вырашыў падарваць. Устанавіў хранометр на 30 мінут і, выбраўшы зручны момант, прымацаваў міну да аўтамабіля. У зададзены момант раздаўся магутны выбух. Але юнак быў затрыманы паліцаем і дастаўлены ў камендатуру. Гітлераўцы ўчынілі яму допыт. Дзяніс упарта маўчаў. Тады каты пачалі збіваць хлопца, выкручвалі пальцы на руках, заганялі пад пазногці іголкі. Але ўсё роўна ад яго не пачулі ані слова. На другія суткі здзекаў непрытомнага Дзяніса кінулі ў падвал. Адшукаў свайго сувязнога начальнік мясцовай паліцыі, ад якога Дзяніс Ганчароў атрымліваў звесткі, і ноччу дапамог вярнуцца ў 30-ы партызанскі атрад 8-й Круглянскай брыгады. Юнак працягваў змагацца з ворагам. На фронце Пасля вызвалення Прыдруцкага краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Дзяніс Ганчароў патрапіў у 18-ы запасны стралковы полк, які дыслацыраваўся ў Буйнічах. За тры месяцы навучання ў школе сяржантаў былы народны мсцівец дасканала асвоіў станковы кулямёт і быў накіраваны ў 882-і стралковы полк 290-й Магілёўскай Чырванасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава ІІ ступені стралковай дывізіі ў якасці памочніка камандзіра ўзводу. Жорсткія і кровапралітныя баі ў той час ішлі на тэрыторыі Польшчы. Менавіта там старшы сяржант Дзяніс Ганчароў пры фарсіраванні ракі Нараў атрымаў сваё першае франтавое баявое хрышчэнне. Два батальёны дывізіі аказаліся адрэзанымі ад галоўных сіл і падвяргаліся бесперапыннаму абстрэлу. Навісла пагроза іх акружэння гітлераўцамі. Дзяніс Іосіфавіч з падносчыкамі патронаў непрыкметна падпаўзлі да аднапалчан і прыцэльным агнём дапамаглі адбіваць атакі фашыстаў. Батальёны былі выведзены з нявыгаднай пазіцыі. На грудзях Дзяніса Ганчарова заззяла першая ўзнагарода – ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені. У палку наш адважны зямляк займеў рэпутацыю бясстрашнага, смелага і несмяротнага кулямётчыка. Бой за безымянную вышыню Байцы стралковай дывізіі вялі баі каля прускага горада Мяльзак. На подступах да яго знаходзілася безымянная вышыня. У ходзе бою ёю авалодалі чырвонаармейцы, але потым фашысты паспрабавалі яе адбіць. Парадзелыя падраздзяленні палка ў складанай абстаноўцы пачалі адступаць. Ды здарылася неверагоднае: узвод кулямётчыкаў Дзяніса Ганчарова на вышыні заняў агнявы рубеж і стрымаў варожую атаку. На досвітку немцы зноўку пайшлі ў наступ. Яны рухаліся суцэльнай сцяной прама на нашы кулямётныя разлікі. І тут з левага фланга шквальным агнём стаў паліваць непрыяцеля “максім” Д. Ганчарова. Момант адкрыцця агню быў выбраны настолькі ўдала, што ход бою адразу аказаўся пераламаным. Трапныя чэргі нібыта касілі ворага. Немцы, якія неслі вялікія страты, палічылі за лепшае адступіць. А калі раздалося дружнае “ўра!” чырвонаармейцаў, то ворагаў ахапіла паніка. Сабраўшыся, неўзабаве фашысты зноў пайшлі ў атаку. Дзяніс націснуў на гашэтку кулямёта і... разгубіўся. Патронная стужка была пустой, другі нумар разліку аказаўся забітым. Д. Ганчароў імгненна замяніў стужку і зноў пачаў паліваць свінцом атакуючых фашыстаў. І вось скончыліся патроны... Якраз у гэты момант па вышыні, наступаючых немцах ударылі нашы гвардзейскія мінамёты – знакамітыя “кацюшы”. Усё наваколле патанула ў віхуры агню і дыму. Здавалася, што не ўцалее аніводная жывая істота. Дзяніса Ганчарова аглушыла выбухамі, напаўзасыпала ў траншэі. Наш зямляк моцна сціснуў у руцэ адзіную гранату, якую бярог на самы крайні выпадак... Калі яго адшукалі аднапалчане, то яны былі вельмі ўражаныя: Дзяніс Ганчароў не атрымаў падчас гэтай свінцовай калатнечы нават драпіны. Праз некалькі дзён за мужнасць і адвагу, праяўленыя Д. І. Ганчаровым у баях за абарону безымяннай вышыні, камандзір дывізіі ўручыў яму ордэн Чырвонай Зоркі. Потым былі яшчэ цяжкія і кровапралітныя баі на нямецкай зямлі. Але Дзяніс Ганчароў выжыў у іх і вярнуўся з Перамогай у бацькоўскую хату. Эпілог У пасляваенныя гады былы партызан і салдат працаваў на Бялыніччыне на самых розных пасадах. Быў загадчыкам вясковага клуба, узначальваў вытворчыя ўчасткі ў былых калгасе імя Ільіча, саўгасах “Каліноўскі”, “Іскра”, неаднаразова выбіраўся дэпутатам Машчаніцкага сельсавета. Пакуль дазвалялі сілы і здароўе праводзіў вялікую грамадскую работу сярод насельніцтва, займаўся патрыятычным выхаваннем моладзі. Віктар СУХАРАЎ, няштатны карэспандэнт “Зары над Друццю”. |
![]() ![]()
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
| Галоўная // Рэдакцыя // Рэклама // Кантакты // Карта сайта | |||||||||||||||||||||||||||
| © 2007 “Зара над Друццю” Дызайн і распрацоўка БЕЛТА |