Аўторак, 7.2.2012
Аўторак, 7.2.2012![]() ![]() ![]() ![]() |
Творчыя праекты /
Раўненне на подзвіг /
Яны не лічылі сябе героямі, але справы іх былі геройскімі
Яны не лічылі сябе героямі, але справы іх былі геройскімі
Чарговы матэрыял рэдакцыйнага творчага праекта “Сваёй мужнасцю і смерцю набліжалі светлы дзень” прысвячаецца дзейнасці партызанскай брыгады “Чэкіст”. “Помні вайну!” Такі кароткі надпіс замест квяцістых слоў эпітафіі зроблены на помніку знакамітаму расійскаму флотаводцу, адміралу Макараву. У іх – і напамінак нашчадкам аб трагедыі войнаў і іх героях, і запавет берагчы мір. Гераічных і адначасова трагічных баявых эпізодаў шмат у былой дзейнасці народных мсціўцаў знакамітай партызанскай брыгады “Чэкіст”, байцы якой у гады Вялікай Айчыннай вайны змагаліся з ворагам на тэрыторыі акупіраваных Бялыніцкага, Шклоўскага, Круглянскага раёнаў Магілёўскай і часткова ў Талачынскім і Лепельскім – Віцебскай абласцей. Стварэнне брыгады і яе далейшая баявая дзейнасць непарыўна звязана з яе камандзірам Герасімам Кірпічам. Кадравы ваенны, Герасім Аляксеевіч напярэдадні вайны служыў камандзірам кулямётнага ўзвода 17 пагранічнага атрада на савецка-польскай мяжы. Першыя баі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, горыч адступлення, цяжкае раненне пад Мінскам – усё гэта зведаў і мужна перанёс Герасім Кірпіч. Адпачыўшы і набраўшыся сіл у Галоўчыне, Герасім Аляксеевіч з таварышамі рушылі ў Шклоўскі раён. У лістападзе 1941 года з 27 чалавек там быў створаны партызанскі атрад, якому нядаўнія воіны-пагранічнікі далі назву “Чэкіст”. Як успамінаў пазней Герасім Кірпіч, у маі 1942 года атрад перарос у брыгаду, якая пастаянна папаўнялася новымі мсціўцамі з ліку воінаў-акружэнцаў, мясцовых жыхароў. Да сярэдзіны гэтага ж года ў ёй налічвалася 9 атрадаў, у складзе якіх з фашыстамі змагаліся паўтары тысячы партызанаў. Адной з самых удалых аперацый брыгады лічыцца “Дымава”. Умела манеўруючы, народныя мсціўцы вывелі больш за паўтысячы карнікаў на дымаўскае поле, што на Шклоўшчыне. У пяцігадзінным баі байцы “Чэкіста” знішчылі іх, здабыўшы пры гэтым у якасці трафею 5 ротных і 2 батальённыя мінамёты, звыш двух дзесяткаў ручных і станкавых кулямётаў, больш за сотню вінтовак і нават кухню. За гэты бой 200 партызанаў і іхніх камандзіраў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Актыўны ўдзел у барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі на тэрыторыі Галоўчынскага сельсавета прынялі і жыхары вёскі Забалоцце. Адзін з ліку іх, Міхаіл Ермачэнка, стварыў падпольную групу, члены якой устанавілі сувязь з байцамі партызанскага атрада № 10, што з’яўляўся адным з падраздзяленняў брыгады “Чэкіст”. Патрыёты перадавалі народным мсціўцам неабходную інфармацыю, перавязачныя матэрыялы, якія ўпотай збіраў галоўчынскі ўрач Назарэўскі. Да слова сказаць, пазней доктар разам з сябрам Н. Буяковым уліліся ў рады партызанаў. Незабыўным для Міхаіла Ермачэнкі стаў адзін з веснавых дзён 1944 года. Група народных мсціўцаў у складзе М. Ермачэнкі, А. Шчэлкі, У. Шлапакова атрымалі заданне падарваць эшалон з фашысцкімі танкамі на ўчастку чыгункі паблізу Шклова. Нягледзячы на нямецкую ахову, партызаны заклалі міну хуткага дзеяння і падарвалі эшалон з танкамі і жывой сілай праціўніка. За гэты подзвіг Міхаіл Ермачэнка быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Па заданні камандавання партызанскага атрада № 10 жыхарка вёскі Васількі Марыя Буянава збірала зброю, расклейвала лістоўкі з інфармацыяй аб перамогах чырвонаармейцаў, становішчы на франтах і заклікамі аказваць акупантам усемагчымае супраціўленне. Улетку 1942 года партызаны брыгады распрацавалі план разгрому галоўчынскага нямецка-паліцэйскага гарнізона. Схему размяшчэння ўмацаванняў яго склаў мясцовы настаўнік Ганчароў, а перадала яе сувязным народных мсціўцаў сямігадовая дачка Марыі Маркаўны Лера. Партызаны, скарыстаўшыся атрыманай дакладнай інфармацыяй, 11 ліпеня 1942 года ўпершыню разграмілі гэты гарнізон. Пераапрануўшыся ў нямецкую форму, народныя мсціўцы на трафейнай машыне, у прычэпе якой былі ўстаноўлены гарматы, уехалі ў вёску. Супраціўленне немцаў і паліцаеў было падаўлена менш як за гадзіну. Партызаны без адзінай для сябе ахвяры завалодалі значнымі трафеямі. Жыхароў мястэчка яны сабралі на сход, расказалі аб становішчы на франтах і пад чырвонымі сцягамі завіталі ў Княжыцы, на Палыкавіцкія хутары і ў шэраг іншых паселішчаў, дзе таксама адбыліся мітынгі, гутаркі з насельніцтвам. Не забывалася камандаванне брыгады і на культурна-масавую работу. Па ініцыятыве камісара Фёдара Сядлецкага ў час знаходжання партызанаў у бялыніцкіх лясах у некаторых атрадах былі створаны гурткі мастацкай самадзейнасці. Напрыклад, у лясным лагеры паміж Клявой і Заазер’ем народныя мсціўцы пабудавалі клуб. Канцэрты гучалі ў партызанскіх лагерах і шэрагу населеных пунктаў. У рэпертур самадзейных артыстаў са зброяй у руках уключаліся мастацкія нумары з жыцця партызан, сатырычныя частушкі, песні і танцы, вершы ды байкі. Вялікай праблемай для партызанаў брыгады было пытанне забеспячэння іх узбраеннем. Неўзабаве яна была часткова вырашана ўмельцам, камісарам першага атрада Пятром Счэслаўскім. Партызаны здабылі накавальню, слясарныя ціскі, напільнікі, пілку па метале... У ход ішлі абгарэлыя кулямёты, колавыя восі, вобады, малатарні. Хутка на ўзбраенні партызанаў паступілі шэсць адрэстаўраваных кулямётаў, дзесяткі аўтаматаў і вінтовак. Умельцы пад кіраўніцтвам Пятра Счэслаўскага выязджалі ў іншыя атрады і брыгады, дзе займаліся стварэннем такіх майстэрняў. На вялікі жаль, у маі 1941 года пры штурме фашысцкага гарнізона камісар Пётр Счэслаўскі гераічна загінуў. Жыхары вёскі Казёл Шапялевіцкага сельсавета Круглянскага раёна ганарацца сваім таленавітым земляком. І такіх трагічных выпадкаў, калі ў змаганні з акупантамі за незалежнасць і свабоду Айчыны гінулі патрыёты, было нямала. У баях з ворагам гераічна загінулі партызанскія камандзіры брыгады Б. Ключнікаў, М. Каянаў, Н. Масюраў, сёстры Надзея і Марыя Хаўранковы, А. Хайніцкі, Ф. Сядлецкі і іншыя – усяго больш за 500 партызанаў брыгады “Чэкіст”. Варта адзначыць, што брыгада была інтэрнацыянальнай па сваім складзе. У яе шэрагах змагаліся беларусы Антон Хайніцкі і Іван Кулікоў, рускія Мікалай Фёдараў і Павел Галіцын, украінцы Мікалай Апанасенка і Васіль Юрчанка, мардвіны Аляксандр Сімдзякін і Мікалай Каянаў, казахі Мусуль Матытаў і Касім Айсагаліеў, узбек Мамадалі Тапвалдыеў, асеціны Даніла Айдараў і Сцяпан Якішаў і многія іншыя прадстаўнікі нацыянальных рэспублік былога СССР. Дарэчы, шматнацыянальным быў і склад камандавання брыгады: камандзір Герасім Кірпіч – украінец, камісар Фёдар Букштынаў – беларус, начштаба Рыгор Севасцьянаў – рускі, начальнік асобага аддзела Салахутдзінаў – татарын... У чэрвені 1944 года, перадаўшы камандаванню Ген-штаба дакладныя звесткі аб размяшчэнні і ўмацаваннях на правым беразе Дняпра 4-й нямецкай арміі, партызаны брыгады “Чэкіст” злучыліся з перадавымі падраздзяленнямі Чырвонай Арміі. Слаўны баявы вынік змагання байцоў брыгады. На іх рахунку больш за 30 знішчаных варожых гарнізонаў, 280 пушчаных пад адхон фашысцкіх эшалонаў з тэхнікай і жывой сілай, 400 ліквідаваных аўтамашын праціўніка, 50 тысяч пагонных метраў пашкоджанай чыгункі, 11 тысяч захопнікаў, якія загінулі ад рук народных мсціўцаў “Чэкіста”... У раёнах, дзе дзейнічала брыгада, стаяць помнікі і абеліскі. Як напамін нашчадкам аб героях таго трагічнага і гераічнага перыяду гісторыі нашай краіны. Васіль ЦЫРКУНОЎ, сябра рады ГА “Бялыніцкае краязнаўчае таварыства”. |
![]() ![]()
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
| Галоўная // Рэдакцыя // Рэклама // Кантакты // Карта сайта | |||||||||||||||||||||||||||
| © 2007 “Зара над Друццю” Дызайн і распрацоўка БЕЛТА |