Аўторак, 7.2.2012
№9 (9769) ад 04.02.2012
У баях за Галоўчын

23 красавіка спаўняецца 100 год з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза Сяргея Церашкевіча.

Сяргей Рыгоравіч Церашкевіч нарадзіўся ў 1910 годзе далёка ад  нашай блакітнавокай Беларусі – у сяле Чкалаўскае Спаскага раёна Прыморскага краю. Але менавіта тут, на беларускай зямлі, яму давялося здзейсніць неўміручы подзвіг і тут знайсці сваё вечнае супакаенне.

У 1931 годзе Сяргея прызвалі ў рады Чырвонай Арміі. Здольнага юнака накіравалі на курсы малодшых афіцэраў, а ў ліпені 1941-га яму давялося ўжо ўдзельнічаць у абарончых баях у якасці камандзіра ўзводу. За баявыя заслугі быў адзначаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Надарылася так, што рота 459-га стралковага палка 42-й Смаленскай дывізіі, якой камандаваў старшы лейтэнант Церашкевіч, адной з першых уступіла на пакуль яшчэ захопленую ворагам тэрыторыю Бялыніччыны. Адбылося гэта 23 чэрвеня 1944 года.

Нашы войскі, папярэдне фарсіраваўшы раку Бася, занялі на заходнім яе беразе варожыя траншэі, адбіўшы не адну з контратак фашыстаў. Адной з першых рота С. Р. Церашкевіча фарсіравала і Днепр, падтрымліваючы агнём наступаючыя войскі Савецкай Арміі.

27 чэрвеня 1944 года пачаліся баі за Галоўчын. Тут ворагі змагаліся надзвычай упарта, на нашы пазіцыі былі пушчаны цяжкія танкі. І, калі становішча стала крытычным, ротны са звязкаю гранат кідаецца пад бронемашыну ворага. Байцы, натхнёныя ўчынкам свайго камандзіра, дружна ўзняліся ў атаку і выбілі фашыстаў з Галоўчына.

За гэты подзвіг 24 сакавіка Сяргею Рыгоравічу Церашкевічу Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пахавалі ж яго разам з многімі яго аднапалчанамі ў вёсцы Вяшэўка Бярэзінскага раёна.

Аб подзвігу С. Р. Церашкевіча, дзякуючы пошукам галоўчынскіх юных следапытаў, расказвае куток у мясцовай школе, каля яе ўстаноўлены памятны знак,  адной з вуліц у аграгарадку нададзена яго імя, а ў Бялынічах, на алеі Герояў у Ліпавым гаі, пастаўлены бюст Героя.

Людміла БЕГЛЯКОВА, педагог-арганізатар Галоўчынскай САШ.

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз