Пятнiца, 30.7.2010
№58 (9614) ад 28.07.2010
Творчыя праекты / Раўненне на подзвіг / Векапомнае. З дынастыi Мiнчанковых
Векапомнае. З дынастыi Мiнчанковых

У селяніна з вёскі Васількі Галоўчынскага сельсавета Сямёна Мінчанкова было сямёра дзяцей. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, чацвёра яго сыноў пайшлі абараняць Айчыну. Старэйшы Пётр загінуў у першыя дні вайны. Іван прапаў без звестак. Васіль вярнуўся да бацькоўскага парога і больш дваццаці гадоў настаўнічаў у Галоўчынскай СШ. А Мікалай навечна застаўся спачываць ва Украіне. Пра яго гераізм бацькі і блізкія даведаліся толькі праз 32 гады пасля Перамогі.

ЦЯГА ДА ВУЧОБЫ

Мікалай нарадзіўся ў 1922 годзе. Гэта былі вельмі цяжкія часіны ў жыцці вяскоўцаў: не хапала хлеба, абутку, школьных падручнікаў і прылад. Але хлопчык рос жыццярадасным і дапытлівым. У яго была вялікая цяга да вучобы. Пасля сканчэння сямігодкі паступіў у Магілёўскі педтэхнікум і ў 1939 годзе з дыпломам прыехаў на працу ў Галоўчынскую школу. Выкладаў матэматыку ў старшых класах.

У 1940 годзе Мікалая Мінчанкова прызвалі на абавязковую службу ў Чырвоную Армію. Там ён стаў курсантам авіяшколы, у якой атрымаў спецыяльнасць стралка-радыста. Маладога салдата ў першай палове чэрвеня 1941 года накіравалі служыць у бамбардзіровачны полк.

ПЕРШЫ ПАВЕТРАНЫ БОЙ

22 чэрвеня 1941 года стралок-радыст М.С.Мінчанкоў у экіпажы самалёта лейтэнанта Ф.А.Зелянеева ўступіў у свой першы паветраны бой з гітлераўскімі сцярвятнікамі пад Кіевам. Двое сутак лётна-тэхнічны састаў трымаў абарону на Дняпры. Ворага стрымлівалі два ўзводы, якімі камандавалі капітан Л.І.Іўчанка і парторг эскадрыллі Л.П.Утробін. У паветраных баях гінулі экіпажы, а стомленыя байцы адбівалі бесперапынныя атакі немцаў. У жывых засталося толькі сем байцоў. У ліку іх быў і наш зямляк. Яны вынеслі з поля бою параненых, а самі нейкім цудам дабраліся да сваёй часці.

БАЯВАЯ ЎЗНАГАРОДА

Далейшая служба Мікалая Мінчанкова была звязана з 6-й гвардзейскай Таганрогскай Чырванасцяжнай ордэнаў Кутузава і Суворава авіяцыйнай бамбардзіровачнай дывізіяй, якая наносіла ўдары па немцах пад Сталінградам. Кожны дзень былі вылеты і паветраныя баі. У іх актыўны ўдзел прымаў і наш зямляк. Яго рацыя заўсёды своечасова перадавала разведвальныя даныя аб групоўках і руху войск праціўніка, а кулямёты палівалі шквалам агню варожыя знішчальнікі. За гераізм у баях пад Сталінградам М.С.Мінчанкоў быў удастоены медаля “За адвагу”. Гэта была першая яго баявая ўзнагарода.

У НЕБЕ ПАД МЕЛІТОПАЛЕМ

Пасля Сталінградскай бітвы М.Мінчанкова залічылі ў экіпаж лётчыка І.Н.Пашкова. Але хутка самалёт Пашкова быў збіты. І Мікалай трапіў у экіпаж камандзіра эскадрыллі Давыда Генкіна.

27 верасня 1943 года эскадрылля выляцела пад Мелітопаль бамбіць станцыю Рэйхенфельд, дзе скапілася шмат варожай тэхнікі і нарабаванага фашыстамі на савецкіх заводах абсталявання. Нашы самалёты адбамбіліся і ішлі на разварот. Якраз у гэты момант трапілі пад шчыльны агонь зенітнай артылерыі. У бензабак “П-2” Генкіна трапіў снарад. Збіць полымя не ўдалося, і машына пайшла да зямлі.

На другі дзень пасля вызвалення тэрыторыі, на якую ўпаў самалёт, нашы авіятары знайшлі толькі рэшткі “П-2”. Ля яго не было ні трупаў, ні слядоў крыві. Мясцовыя жыхары расказалі, што з палаючага самалёта скокнулі на парашутах трое. Іх заўважылі паліцаі і сталі лавіць. Штурману Райцкаму ўдалося дабрацца да партызанскага атрада, а Генкін і Мінчанкоў трапілі ў рукі гестапаўцаў.

НЕ ЗДРАДЗІЛІ РАДЗІМЕ

Іх доўга дапытвалі пра авіяполк, колькі ў ім самалётаў, хто камандзір. Але ні Генкін, ні Мінчанкоў не выдалі тайны. Мікалай плюнуў у твар фашысту. Звар’яцелы ад злосці, гестапавец выліў на іх па два вядры бензіну і падпаліў. Успыхнулі два жудасныя з жывых людзей факелы. 

Камсамольцу Мікалаю Мінчанкову ў той час ішоў дваццаць першы год.

Член палкавога камітэта В.І.Манаеў успамінаў: “За выдатнае выкананне баявых заданняў М.С.Мінчанкоў быў прызначаны начальнікам сувязі авіяцыйнай эскадрыллі з прысваеннем яму звання гвардыі малодшага лейтэнанта.

* * *
Пахаваны наш зямляк у брацкай магіле ў вёсцы Пладароддзе, што ў Запарожжы. На ёй стаіць высокі абеліск, а на ім – імёны, імёны... І сярод іх прозвішча адважнага стралка-радыста М.С.Мінчанкова.

Віктар ЯФІМАЎ.

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз