Пятнiца, 30.7.2010
Пятнiца, 30.7.2010![]() ![]() ![]() ![]() |
Творчыя праекты /
Бялыніччына спартыўная /
Гандбол. Пачынаем 21 верасня
Гандбол. Пачынаем 21 верасня
Менавіта на гэты дзень прызначаны старт першынства рэспублікі па гандболу сярод жаночных каманд. Бялыніцкая “Друць”, а калі быць больш дакладным – “Друць-Універсітэт-ЦАР” – правядзе стартавыя паядынкі з саперніцамі з Бабруйска, Новаполацка і Оршы на “сваёй” пляцоўцы – у магілёўскім спорткомплексе “Алімпійскі”. Напярэдадні старту гандбалістак наш карэспандэнт Міхась Радоўскі сустрэўся з галоўным трэнерам “Друці” Віталем Куліком і папрасіў яго расказаць, як яго выхаванкі рыхтаваліся да чэмпіянату 2007-2008 года. — Віталь Фёдаравіч, — колькі каманд падалі заяўкі на ўдзел у чарговым чэмпіянаце краіны, і хто нашы будучыя сапернікі? — Гэта тры сталічныя каманды – “Аркатрон”, БДУФК і БНТУ, ”Гараднічанка” (Гродна), ”Беразіна” (Бабруйск”), ГГУ (Гомель), “Вікторыя” (Брэст), “Васіліна” (Новаполацк), а таксама дружына з Оршы – усяго дзесяць. — Колькі “штыкоў” сёння ёсць у складзе “Друці” і як праходзілі падрыхтоўчыя зборы да чэмпіянату? — У нашу заяўку ўключаны 17 дзяўчат. Думаю, што балельшчыкам будзе цікава даведацца іх прозвішчы. Гэта кандыдаты ў зборную каманду краіны Кацярына Драздова і Ганна Нікалаенка, члены юнацкай зборнай краіны Таццяна Ашвілава і Лізавета Мардачова, члены маладзёжнай і юніёрскай зборных Ганна Мурашка і Ілона Курляндчык, а таксама Марыя Мініна, Алена Скараходава, Анжэла Сяверына, Таццяна Мілая, Наталля Гайшун, Алена Падымака, Іна Кусочкіна, Ірына Агалакава, Марыя Міхнавец, Ганна Фіялкоўская, Надзея Бухол і Вольга Скубілава. Усе разам мы збіраліся ўжо двойчы – на 10 дзён у Бялынічах, а таксама 18 дзён правялі ў горадзе Ачакаў, што ва Украіне. Асноўная ўвага на гэтых зборах надавалася агульнафізічнай падрыхтоўцы, а на днях каманда выязджае ў Літву на міжнародны турнір “Панявежыс-2007”, у якім прымуць удзел каманды гаспадароў пляцоўкі, а таксама латышкі і эстонкі, а завершым гульнёвую падрыхтоўку да чэмпіянату спарынгамі ў Гомелі з камандай мясцовага універсітэта – таксама ўдзельніцай першынства Беларусі. — Неўзабаве вас чакае вельмі сур’ёзнае выпрабаванне – удзел у розыгрышы Кубка еўрапейскай гандбольнай федэрацыі... — 29 і 30 верасня нам прадстаіць сустрэцца за камандай “Левангер” з аднайменнага нарвежскага горада. Што і казаць, выпрабаванне на нашу долю выпала нялёгкае, хаця “Друць” і патрапіла адразу ў асноўную сетку розыгрышу Кубка ЕГФ. Нарвежкі, як вядома, разам з датчанкамі з’яўляюцца заканадальніцамі еўрапейскай гандбольнай моды, а таму да нас паступіла прапанова правесці абедзьве гульні ў Нарвегіі, на што мы, хутчэй за ўсё, пагадзімся. — Дарэчы, з назвы каманды выпала слова Белпак. З чым гэта звязана? — Гэтая магілёўская фірма ўжо не з’яўляецца нашым спонсарам, цяпер фінансавую падтрымку камандзе аказваюць ПМК-241, Беларускі цэментны завод (Касцюковічы) і ААТ “Новая Друць”. Вось, як кажуць, і ўвесь сакрэт. — У апошнія гады ў адрас каманды ад балельшчыкаў паступала шмат нараканняў на тое, што ў ёй няма дамарошчаных спартсменак, яе гульні так ні разу не прайшлі на хатняй пляцоўцы. Якая сітуацыя сёння? — Пачну з другой часткі пытання. Не гулялі мы дома таму, што не было дзе гуляць – залы, якая б адпавядала спартыўным патрабаванням для нашага віду спорту, у Бялынічах проста няма. Але гэта сітуацыя хутка выправіцца, паколькі ў райцэнтры распачата будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу, дзе будзе і сучасная спартыўня зала з трыбунамі на 1000 гледачоў. Вось тады мы і запросім нашых прыхільнікаў на сустрэчы з саперніцамі не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы. Чакаць, я спадзяюся, засталося ўжо не так і доўга. Што тычыцца рэзерву каманды, то ў гэтым напрамку зроблены істотны крок наперад. У сёлетняй заяўцы каманды пяць выхаванак бялыніцкіх трэнераў. Прычым, узяты яны не за прыгожыя вочкі, а зыходзячы з дасягнутых спартыўных вынікаў. Двое іх – Мардачова і Ашвілава – з’яўляюцца членамі зборнай юнацкай краіны. Дарэчы, у час нашай паездкі ў Літву дзяўчаты накіруюцца на міжнародны турнір у Маскву ў складзе зборнай свайго ўзросту. |
![]() ![]()
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
| Галоўная // Рэдакцыя // Рэклама // Кантакты // Карта сайта | |||||||||||||||||||||||||||
| © 2007 “Зара над Друццю” Дызайн і распрацоўка БЕЛТА |