Пятнiца, 30.7.2010
№58 (9614) ад 28.07.2010
Творчыя праекты / Бялыніччына спартыўная / Міжнародныя спаборніцтвы. Цяга ў неба пачынаецца з зямлі
Міжнародныя спаборніцтвы. Цяга ў неба пачынаецца з зямлі

Сказаць, што бялыніцкія аматары спорту  не вельмі збалаваныя рознымі спаборніцтвамі, асабліва высокага ўзроўню, значыць, не сказаць нічога. Апошнія запамінальныя старты на бялыніцкай зямлі прайшлі амаль два дзесяцігоддзі таму, калі Бялынічы гасцінна прымалі ў сябе першынство Усесаюзнага таварыства “Ураджай” сярод юнацкіх гандбольных каманд. Дарэчы, выйгралі яго нашы зямлячкі, якія неўзабаве склалі касцяк жаночай каманды “Друць”, якая выступае ў чэмпіянаце рэспублікі і па сёння.

І вось не так даўно Бялынічам было даверана права правесці ў сябе міжнародныя спаборніцтвы па ракетамадэльнаму спорту “Кубак Беларусі”. Арганізатарамі іх сталі райвыканкам, ДТСААФ, ГА “Беларуская федэрацыя авіяцыйнага спорту” і маладзёжны мнагапрофільны цэнтр.

Але паслухаем, што гаворыць аб гэтым дырэктар спаборніцтваў Аляксей Кулакоў:

— Тое, што нам даверылі правесці Кубак Беларусі па ракетамадэльнаму спорту, які адначасова з’яўляецца этапам Кубка свету FAI, відаць, не проста шчаслівае супадзенне, а своеасаблівая даніна павагі мадэлістам  нашага раёна, якія пад кіраўніцтвам сваіх настаўнікаў не раз вызначаліся на разнастайных абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, праўда, у асноўным у авіямадэльным спорце.

І вось 24 жніўня да нас завіталі спартсмены з Украіны, Расіі і, вядома ж, з Беларусі. Арганізатары спаборніцтваў пастараліся іх дастойна сустрэць, размясціць, наладзіць добрае харчаванне, адвялі для месца пуску ракет спецыяльную пляцоўку непадалёку ад вёскі Свяцілавічы. Усяго ў турніры прынялі ўдзел 26 ракетамадэлістаў, а ўрачыста адкрыў яго чэмпіён свету мінулага года Уладзімір Мінкевіч з Мінска. Ад раённага выканаўчага камітэта ўдзельнікаў спаборніцтваў цёпла вітала начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Ірына Фурсава. Прадстаўнікам каманд былі ўручаны памятныя сувеніры.

Спаборніцтвы доўжыліся два дні. І хоць асноўныя ўзнагароды раз’ехаліся са сваімі гаспадарамі за межы нашай рэспублікі (беларусы былі адзначаны толькі сярэбранымі і бронзавымі медалямі), тым не менш, многія з удзельнікаў прыкметна павысілі свой асабісты рэйтынг, у тым ліку і адзіны прадстаўнік нашага раёна, кіраўнік гуртка ММЦ Іван Клепча.

Уладзімір КІСЯЛЁЎ (г.Масква), неаднаразовы прызёр і пераможца этапаў Кубка свету па ракетамадэльнаму спорту:

— Арганізацыя спаборніцтваў прыемна парадавала. Нам былі створаны ўсе ўмовы для добрага выступлення. Сваімі поспехамі ў ракетамадэлізме Беларусь ужо даўно заслужыла права прыняць у сябе такія прэстыжныя спаборніцтвы, і ў Бялынічах справіліся з гэтай задачай бліскуча.

(Наш кар.)

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз