Субота, 19.5.2012
Субота, 19.5.2012![]() ![]() ![]() ![]() |
Творчыя праекты /
Бялыніччына спартыўная /
Ля весніц родных
Ля весніц родных
Войлакава Ала Аляксееўна нарадзілася 4 мая 1953 года ў вёсцы Гарадзішча Магілёўскага раёна. Скончыла Гарадзішчанскую васьмігадовую школу і Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А. С. Пушкіна. Працавала загадчыцай сельскай бібліятэкі на Віцебшчыне, з 1978 года па 2008 год – ва ўстановах культуры Бялыніцкага раёна. Вершы друкаваліся ў перыядычным друку, у зборніках “Галасы Прыдняпроўя”, “Праменьчык сонца ў душы маёй”. З’яўляецца аўтарам тэкстаў музычных кампазіцый “Блюз Белай Ночы” (музыка Юрася Несцярэнкі), “Бялынічане, бялынічанкі”, “Прыдруцкі вальс”, “Белая Русь” і інш., пакладзеных на музыку Віктарам Халадцовым. Чырвоны васілёк Нібы сама вясёлка Уплецена ў вянок. Свет роднага прасёлка Наўкол у красках лёг. Спявала ціха жыта, Таіў вякі быльнёг… Адкуль такое дзіва – Чырвоны васілёк? Ля кветкі ў захапленні Спынілася далонь. І не было здзіўлення – Яно пазней прыйшло. Ці сон прыгожы гэта, Ці явы даўняй плён? Чаму агеньчык-кветка Мне шле цяпло з тых дзён? …Яму не паўтарыцца, Хоць і заве здалёк Мяне маё дзяцінства – Чырвоны васілёк. Лясная згадка Каб рукі карысную справу знайшлі, Утаймаваўшы гарэзу, Прыводзіў з сабой мяне бацька-ляснік У царства чароўнае лесу. Якой не была я гадамі малой, Але працавала старанна – Саджала сасонкі радок за радком На долах пустэч і прагалін. Хоць дрэва адно за жыццё пасадзіць Народная мудрасць нам раіць, І недзе прыветліва мой лес шуміць Усім добрым людзям на радасць. Прымаўка — Дзеці мае, дзеці, Куды вас падзеці? – Так маці жартавала, Калі за стол сядала Яе сям’я вясёлая – Усіх было сямёра нас. Павыраслі, паз’ехалі, Ні помач, ні памеха мы, А пачуццё пакутліва Сцвярджае: Штосьці згублена… І хоць заве прыветліва Дарога непаседлівых, Дзеці мае, дзеці, Той прымаўцы не верце. Бацькоўскі сад Стаю ля весніц у бацькоўскі сад, Дзе ўжо даўно адгаманіла лета, Блукаюць цені незваротных страт, Знікаюць многія знаёмыя прыкметы. Не ўбачу больш, як сядзе адпачыць На лаўку тата пад любімым клёнам, Не ўбачу мамы, як пад грушаю стаіць, Разгалістай любуючыся кронай. Над вішняй вецер пахіліў шпакоўню... Шчымлівы смутак апусцелага двара Спаўна адорвае адною цішынёю. Ды толькі сад, стары бацькоўскі сад З такой жа састарэлаю альтанкай Зноў рассыпае, як і шмат гадоў назад, Свой спелы дар па сцежках і ля ганка. Падзей шчаслівых і нягод быў сведкай сад, Свет адкрываў прыроды мудры і прыгожы, Дарыў мне радасці і ў снег, і ў лістапад, І ў майскай квецені, і ў яблычнай раскошы. Смак гэтых яблыкаў ніколі не забыць, Яму ні з чым не знойдзеш падабенства, Ён ува ўсім, што я магу любіць, Як светлы знак майго вясковага маленства. Не раз прыеду, хоць мяне чакаць Цяпер тут будуць толькі груша з клёнам, Ля весніц родных з ціхім сумам пастаяць, Як перад самай найсвяцейшаю іконай. Крынкі Бялыніцкі-Біруля… У Прыдруцкіх Крынках, Дзе кожны краявід Сугучны з цішынёй, Адчуеш сэрцам, Кожнаю крывінкай Святую еднасць З роднаю зямлёй. Сюды, толькі сюды З далёкае Удомлі Душа ляцела Кнігаўкай заўжды, Каб толькі тут З крыніцы жыватворнай Глыток зрабіць Гаючае вады. І над мальбертам Схіленая постаць Перш, чым аддаць Свой талент палатну, Згадае Крынкі: Зацвітае лотаць, Вітаючы Блакітную вясну. Чуеш – вясна! Чуеш – вясна На світанні гулліва гукнула: — Ладзьце цымбалы, Музыкі мае – капяжы! Бліскавак рой Сонца шчодра ў ручай сыпанула, І вось яна Смеючыся за імі бяжыць. Тут, ля бяроз, На хвілінку свой бег прыпыніла: — Вам, прыгажуні, Дару завушніцы свае. Ты прынясі Мне, жаўрук, з небу крыху блакіту – Я замяню На пралескі пяшчотныя снег. Гэта яна, Навяваючы казку лясную, Выйдзе цнатліва Насустрач з духмянай вярбой. Чуеш – вясна Адшукала крыніцу жывую, Што напаіла Да краю душу чысцінёю. * * * Гляджу на цябе з любоўю Ужо праз гады, праз адлегласці. Не згасла яно нада мною – Святло тваёй чалавечнасці. Са мной ты такі нястрогі, С табой я такая вясенняя… Няхай не шукае дарогу Да нас непагода асенняя. Гарбінка на носе — Ты падобна на Ганну Ахматаву! Ён на ўвазе меў нос мой з гарбінкаю. Я, здзівіўшыся нават сама таму, Прачытала свой верш з запінкаю. Ён употай свой нос пакратаў, Уздыхнуў і сказаў у прозе: — У цябе атрымалася складна… Вось што значыць гарбінка на носе! Вершаплёту Паэзія не прызнае пасад, Грашыма з ёю ты не купіш лад. Ёсць вольны дух і непаўторны дар, Ды каб у сэрцы быў не лёд, а жар. Над словам трэба кожным пакарпець, Каб вершам ім адным зазіхацець. Але і куры маюць свой палёт, Калі ляцяць праз плот у агарод. Таму рыфмуй па зборніку штогод, Не баючыся звання – вершаплёт.
— Ганна, ты ж у сына У горадзе жыла, Чаму па-гарадскому Казаць не пачала? — Людцы, я ж чужога Зроду не ўзяла: Сваю гаворку маю, Што маці мне дала. Свякруха (паводле народнага) Ой, ніколі маладзіцы Са свякрухаю не ўжыцца! Кожнай раніцай свякруха Дакучае, нібы муха: Каб я з сонцам уставала І сняданак гатавала… Ой, не ўладзіш ёй! Цэлы дзень адно – працую, Што ні рук, ні ног не чую. Але зіркае свякруха З-пад ілба за кожным рухам, Каб усюды я паспела, На хвілінку не прысела… Ой, не ўладзіш ёй! Вось ідзе мой муж дахаты, Ды не будзе ў хаце свята. Бо з парога ўжо свякруха Яму скардзіцца са скрухай, Што я дзёрзкай вельмі стала, Яе мамай не назвала… Ой, не ўладзіш ёй! — Ой, пайду я проці ночы, Куды глянуць мае вочы! Ды не слухае свякруха, Нібы глуха на два вухі, Ці то памяць адняло, Як самой калісь было. Лебедзі Ляціць неяк пара лебедзяў Над нашай пяціэтажкаю. Сенсацыі ў тым не ўгледзелі, Але ж уражвае. Унукам сваім гражу: — Скрадуць, калі будзеце дрэнныя. А дзецям кажу: — Нясуць На крылах каханне вернае. Мяне не ўкрадзе ўжо ніхто, І вернасці пройдзены ўрокі… Растаяў за дальняй смугой Кахання палёт высокі. З “Жыція Еўфрасінні Полацкай” Што ў памяці людской пакіне чалавек, Які жыве ў забавах і вяселлі? Якую слава знойдзе ён сабе? Якое зерне на палях яго паспее? І міма праплыве яго жыццё, Зацягнецца самотнай павуцінай… А ці не лепш духоўнасці мячом Усё бязбожнае адсекчы і адкінуць! На нівы душаў вашых рада я праліць Дождж церпялівасці і прагі да навукі, Каб парасткамі добрымі ўзышлі І намаганні вашыя і мукі. Гарыць агеньчык свечкі спакваля, І над лістамі кніг яго святое ззянне. Чакае наша родная зямля Духоўнага ўзлёту і прызнання. Па зборніках вершаў Змітрака Марозава Пад небам бусліным Хлебны верасень Нездарма Прадчуваннем жыў: Хлеб і памяць – заслона верная Апакаліпсісу душы. І святым Ачышчэннем сяўбой Прайсці Сын чалавечы мусіў, Залатую кнігу беднага знайшоў,каб сказаць: Баліць душа па Беларусі… Памяці паэта і будаўніка Віктара Хаўратовіча Ён сэрцам адчуў вышыню У будаўнічай прафесіі. Сваю адкрываў душу У шчырым радку паэзіі, І шчодра з усімі дзяліў Узнёсласць ад слова пявучага: Каб пачуццё вышыні Зведалі ўслед ідучыя. Бялыніцкаму краю Раскінуты над ціхай Друць-ракой, Авеяны легендаю прыгожай, Асвечаны нязгаснаю зарой Бялыніцкай іконай Маці Божай. Жыві, красуй, Бялыніцкі наш край – Куточак Беларусі запаветны. Жыві, красуй, у шчасці расцвітай І кроч заўсёды ўдаль дарогай светлай! Каб ты пад мірным небам расцвітаў, Клапоцяцца штодзённа нашы сэрцы. Хто насмерць за цябе ў баях стаяў, У памяці навечна застанецца. Для нас, бялынічан, ты лепшы ў свеце. Імёны нашых слаўных землякоў Як зоркі над табою ярка свецяць. Бялынічане, бялынічанкі З той легенды часоў, Што пра белыя ночы, Ёсць куток дарагі Нашай белай Русі, З якім сэрца маё Расставацца не хоча, І ад шчырай душы Вам жадаю я ўсім: Бялынічане, бялынічанкі – Мае сябры вы і землякі! Няхай вам шчасце Нясуць світанкі На бераг мілы Друці-ракі. Будзе вечна дарыць Радасць талент прачулы – Кожны твор мастака Захапляе людзей. Над Удомляй гарыць Зорка ярка Бірулі – На палотнах яго Лотаць наша цвіце. Веру ў заўтрашні дзень, Што нягоды, як хмары, Па-над роднай зямлёй Больш не будуць кружыць. Хачу з вамі дзяліць І трывогі, і мары, Разам з вамі жыццё Недарэмна пражыць. Віктар Хаўратовіч: “…Яна адкрыла нам свой васілёк дзяцінства, так добра пазнаёміла са сваімі роднымі мясцінамі! І хочацца верыць, што шмат чаго яшчэ адкрые ў будзённай яве жыцця Ала Войлакава”. Міхась Карпечанка: “Вершы Алы Войлакавай прымушаюць чытача ўзняцца над сабой і паглядзець на сябе збоку: чаго ты варты, чалавек? Ці памятаеш ты пра свае карані? Чаму саромеешся, цураешся роднага матчынага слова?” |
![]() ![]()
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
| Галоўная // Рэдакцыя // Рэклама // Кантакты // Карта сайта | |||||||||||||||||||||||||||
| © 2007 “Зара над Друццю” Дызайн і распрацоўка БЕЛТА |