Пятнiца, 30.7.2010
Пятнiца, 30.7.2010![]() ![]() ![]() ![]() |
Творчыя праекты /
Бялыніччына спартыўная /
Чалавек і яго справа. Выхавальнік чэмпіёнаў
Чалавек і яго справа. Выхавальнік чэмпіёнаў
У дзяцінстве любімай цацкай Ігара Духовіча з вёскі Малы Кудзін Галоўчынскага сельсавета быў самалёт. Бацькі добра аб гэтым ведалі, а таму на кожнае свята дарылі сыну новую мадэль паветранай машыны. Стаўшы дарослым, Ігар не змяніў свайму захапленню, наадварот, з яшчэ большай цікавасцю пачаў вывучаць мадэлі самалётаў, радыётэхніку. А пасля і адукацыю атрымаў адпаведную: скончыў Калінінградскае авіяцыйнае вучылішча. А таму і не дзіва, што калі тры гады таму на базе Кудзінскай школы адкрыўся філіял маладзёжнага мнагапрофільнага цэнтра, менавіта І. Духовічу прапанавалі стаць кіраўніком авіямадэльнага і радыётэхнічнага гурткоў. Дырэкцыя ММЦ добра ведала, што Ігар Алегавіч – чалавек апантаны любімай справай, і навучэнцаў сваіх зробіць такімі ж. Школьнікі з вялікай цікавасцю сталі запісвацца ў гурткі. Асаблівай папулярнасцю карыстаўся гурток авіямадэлізму. Яго наведвалі каля дваццаці хлопчыкаў. — У пачатку мае выхаванцы выраблялі простыя мадэлі самалётаў, так званыя трэнажныя, — расказвае Ігар Духовіч. – Зараз жа мы працуем над стварэннем хуткасных мадэляў, радыёкіруемых планераў, мадэляў паветранага бою. Матэрыял для будучых мадэляў я падрыхтоўваю ўлетку разам са сваімі рабятамі са звычайнай ліпы. Мы яго высушваем, апрацоўваем і толькі пасля гэтага вырабляем мадэлі паветраных машын. Дарэчы, самы малодшы наведвальнік гуртка авіямадэлізму вучыцца ў чацвёртым класе, а самыя старэйшыя ў гэтым навучальным годзе перайшлі ў выпускны – адзінаццаты клас. Ігар Алегавіч зараз можа ганарыцца сваімі гурткоўцамі. Многія з іх праявілі сябе не толькі на раённым узроўні, але і на абласных, і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Так, Аляксей Нізаўцоў заняў трэцяе месца на абласных спаборніцтвах па радыёпланерызму. Раман Галубцоў і Максім Духовіч у гэтым годзе сталі пераможцамі рэспубліканскіх спаборніцтваў па паветранаму бою. Апошні з’яўляецца і пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў у класе пілатажных мадэляў. Раман Галубцоў, Максім Духовіч і Мікіта Чайкоўскі нядаўна былі ўключаны ў абласную каманду аэраклуба ДТСААФ. Акрамя гэтага, добрыя вынікі ў авіямадэльным спорце паказваюць Дзмітрый Кузняцоў і Сяргей Домніч. Варта адзначыць, што Максім Духовіч з’яўляецца сынам Ігара Алегавіча. Менавіта ад бацькі яму перадалася любоў да самалётаў і радыётэхнікі. І зараз хлопец аб гэтым ніколькі не шкадуе. Наадварот, мара звязаць свой лёс з ваеннай авіяцыяй. У бліжэйшым будучым Ігар Алегавіч плануе навучыць авіямадэльнаму спорту і сваю дачку – чацвёртакласніцу Дашу. Яна ўжо зараз з вялікім захапленнем сочыць за працэсам стварэння новых мадэляў самалётаў. І, магчыма, праз некалькі гадоў ужо ёй давядзецца адстойваць гонар нашага раёна на якіх-небудзь абласных або рэспубліканскіх спаборніцтвах. — Ігар Духовіч – вельмі таленавіты чалавек, — адзначыла дырэктар маладзёжнага мнагапрофільнага цэнтра Святлана Зайкоўская. – Пра такіх гавораць: спецыяліст ад Бога. І гэта сапраўды так. Ён па-бацькоўску адносіцца да ўсіх сваіх выхаванцаў, па-сяброўску — да сваіх калег. І я магу з упэўненасцю сказаць, што ён выхавае яшчэ не адно пакаленне чэмпіёнаў. Ёсць у Ігара Алегавіча і яшчэ адно цікавае захапленне. Некалькі гадоў таму ў сябе дома ён стварыў кароткахвалевую радыёстанцыю. І зараз амаль кожны вечар ён слухае цікавыя перадачы з розных краін свету. А здараецца, што ён сам выходзіць у эфір і размаўляе са сваімі слухачамі. Іна КАРАЛЁНАК. |
![]() ![]()
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
| Галоўная // Рэдакцыя // Рэклама // Кантакты // Карта сайта | |||||||||||||||||||||||||||
| © 2007 “Зара над Друццю” Дызайн і распрацоўка БЕЛТА |