Звярнуліся да матуль
У рамках другога этапу акцыі “Не пакідайце дзяцей адных!” супрацоўнікі РАНС наведалі ў ЦРБ будучых матуль, а таксама сустрэлі бацькоў з раддома, каб нагадаць ім аб правілах бяспекі для маленькіх дзетак.
Немаўляты часцей за астатніх трапляюць у бяду, бо не ўмеюць яшчэ адрозніваць небяспеку. А гэта значыць, што на плечы бацькоў кладзецца адказнасць за іх жыццё і здароўе.
Інспектар ГПіУГ РАНС Кацярына ЛЮБІВАЯ наведала будучых матуль у акушэрска-гінекалагічным аддзяленні ЦРБ.
– Распавяла жанчынам, некаторыя з якіх, дарэчы, стануць маці ўпершыню, аб небяспецы, якая можа чакаць іх у побыце, – кажа Кацярына Любівая. – Напрыклад, гатаваць ежу трэба на больш далёкіх канфорках, нельга пакідаць чашку з гарачымі чаем ці кофе на краі стала. Трэба памятаць і пра дзіцячы ложачак: у ім не павінна быць вострых вуглоў і такіх месцаў, дзе маглі б захраснуць ручка ці ножка.
Жанчыны таксама паглядзелі відэаролік аб дзіцячай бяспецы, дзе ў падрабязнасцях тлумачыцца, як правільна арганізаваць пакоі дома. Таксама будучым маці ўручылі памяткі.
Сёлета вырашылі апрабаваць новаўвядзенне: маці сустракалі пасля выпіскі з раддома. Для гэтага ў ЦРБ завіталі старшы інжынер групы арганізацыі функцыявання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны Ілья ЦІКУНОЎ, в. а. першага сакратара РК ГА “БРСМ” Марына ШАБУСАВА і валанцёр райарганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Наталля ЦІТАЎЦОВА. Усе яны падрыхтавалі для маці Наталлі МІКАЧОВАЙ цёплыя словы віншаванняў, падарункі для нованароджанага, а таксама нагадалі аб правілах бяспечных паводзін.
– У нашай сям’і нарадзілася чацвёртае дзіця, сына вырашылі назваць Арцёмам, – распавядае Наталля Мікачова. – Вельмі чакалі выпіскі, бо хочацца як мага хутчэй трапіць дамоў. Удзячныя работнікам арганізацый за віншавані і карысныя падарункі, прыемна, што мы сталі ўдзельнікамі акцыі “Не пакідайце дзяцей адных!”
Алена БЫКАВА.
Фота аўтара.