Восем гадоў маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу Святлана ХРУШЧОВА прымае ў сваю сям’ю дзяцей
“Першая ўмова разумнай бацькоўскай любові – валодаць поўным даверам дзяцей,
і шчаслівыя дзеці, калі для іх адкрыты бацькоўскія грудзі і абдымкі, заўсёды гатовы прыняць іх і правых, і вінаватых, і да якіх яны заўсёды могуць прыпасці без страху і сумненняў.”
В.Г. Бялінскі.
Восем гадоў маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу Святлана ХРУШЧОВА прымае ў сваю сям’ю дзяцей, забраных у бацькоў, якія не змаглі належным чынам пра іх паклапаціцца. На сённяшні дзень у сям’і Святланы восем прыёмных дзяцей і адзін родны сын.
Каб выбраць такі від прафесійнай дзейнасці, аднаго жадання мець трывалае працоўнае месца недастаткова, неабходна ўнутраная патрэба дарыць сваю ўвагу, клопат, душэўную цеплыню.
– Думка стаць прыёмнай маці ўзнікла не раптоўна. Мая мама выхоўвала чацвярых прыёмных дзяцей. Дарэчы, усе яны былі з адной сям’і. Я ёй шмат дапамагала, таму з праблемамі, якія абавязкова ўзнікаюць у прыёмнай сям’і, у тым ліку і ў маёй, спраўляюся хутка, – гаворыць Святлана Адамаўна. – Доўгі час мяне не пакідала жаданне дапамагчы пакінутым дзеткам, падзяліцца сваім цяплом з імі. Безумоўна, і сумнявалася. Калі аб’явіла родным аб сваім рашэнні стаць прыёмнай маці, усе яны толькі падтрымалі.
Рэалізаваць свае ўнутраныя патрэбы, займацца справай па душы і, пераадольваючы цяжкасці, атрымліваць вынік. І ў Святланы ён ёсць: 7 рабят ужо выпусціліся са сцен сямейнага дзіцячага дома.
– Дзеці з розным мінулым прыходзяць у нашу сям’ю, па-рознаму прывыкаюць, – распавядае маці-выхавальніца. – Але я заўсёды кажу: нам усё роўна, што ў цябе было раней, важна тое, чаму ты навучышся зараз, да чаго будзеш імкнуцца.
А дзецям навучыцца трэба многаму: умець паважаць сябе і іншых, жыць дружна, спраўляцца з цяжкасцямі, ставіць перад сабой жыццёвыя задачы і вырашаць іх. І калі Святлана распавядае, што яе выпускнікі тэлефануюць, расказваюць пра сваё жыццё або прыходзяць у госці, то ажно ззяе ад радасці.
Цяжкасцей, хоць іх і шмат, жанчына не баіцца. Напрыклад, вельмі няпроста дзецям, якія прыбылі ў сямейны дзіцячы дом, называць яе мамай, бо бацькі ў іх ужо ёсць.
– Малыя, дзеці гадоў да 8-9, амаль адразу пачынаюць зваць мяне мамай. Дзеці, якія паступілі ў больш старэйшым узросце, завуць цёцяй, – гаворыць Святлана. – Я прадастаўляю сваім выхаванцам права выбару. Самым маленькім, вядома, хочацца, каб менавіта мама, а не цётка была побач з імі.
Святлана Адамаўна падрабязна ўнікае ў жыццёвыя сітуацыі сваіх выхаванцаў і імкнецца, каб іх блізкія падтрымлівалі адносіны з імі. Да некаторых нават родныя бацькі прыходзяць у госці. Дзеці могуць патэлефанаваць ім, зрабіць уласнымі рукамі падарункі на святы. Святлана ведае, што дзеці не заўсёды разумеюць аб’ектыўных прычын адабрання іх з сям’і, таму з разуменнем і цярпеннем ставіцца да іх паводзін у перыяд адаптацыі. Адзін з яе выхаванцаў, напрыклад, кожную раніцу расказваў, як яму прыснілася, што прыёмнай маці няма ў жывых, а значыць, ён хутка вернецца да роднай мамы. Растлумачваць малому тое, чаму ён з братам застанецца ў дзіцячым доме, прыйшлося вельмі доўга.
Такіх, здавалася б, элементарных сітуацый, якія прыводзяць да непаразуменняў, з выхавальніцай здаралася шмат. Неяк вечарам Святлана выйшла праводзіць сяброўку, а нікога не папярэдзіла, што не хутка прыйдзе. Вярнулася, а ў доме – паніка, нехта з дзяцей плача, спалохаўшыся, што яна іх пакінула назаўсёды.
Дзеці, напэўна, не раз адчувалі страх адзіноты і неабароненасці, таму зараз яна заўсёды кажа, куды ідзе, калі вернецца, і прывучае да гэтага ўсіх сваіх падапечных.
Святлана актыўна супрацоўнічае са спецыялістамі сацыяльна-педагагічнага цэнтра, педагогамі і выхавацелямі, дзе вучацца яе дзеткі. Важнай умовай для стварэння сапраўднай моцнай сям’і яна лічыць традыцыі, правілы і асновы, якія замацоўвае ў сваім асяродку і заўсёды іх прытрымліваецца. Адчуванне стабільнасці аб’ядноўвае і ўмацоўвае іх як сям’ю. Важная роля адводзіцца выхаванню духоўных каштоўнасцей.
– Усе дзеці пахрышчаны ў праваслаўным храме, – распавядае Святлана Адамаўна. – Па нядзелях мы наведваем службу ў царкве, нядзельную школу. Перачытваем часта дзіцячую Біблію.
Добрай традыцыяй у доме Святланы Адамаўны з’яўляецца правядзенне розных свят: Вялікадня, Новага года, дзён нараджэння…
Перад Новым годам усе разам упрыгожваюць ёлку і ўсе пакоі. Як гараць вочы ў дзетак, калі яны рыхтуюць гірлянды, развешваюць ліхтарыкі, выразаюць сняжынкі і розныя малюнкі на вокны. Столькі ў іх радасці! А яшчэ дзеці атрымліваюць ад мецэнатаў шмат навагодніх падарункаў.
Важнае свята ў іх сям’і – Дзень Перамогі. Святлана Адамаўна чытае дзецям шмат гісторый пра Вялікую Айчынную вайну, разам глядзяць тэматычныя фільмы. І абавязкова ўдзельнічаюць усёй сям’ёй у мерапрыемствах, якія праводзяцца ў Ліпавым гаі.
Дні нараджэння дзеці таксама чакаюць з нецярпеннем.
– Абавязкова штосьці выпякаем, гатуем салодкі стол, – распавядае жанчына. – Рыхтуем любімыя стравы імянінніка. Потым кожны па чарзе віншуе яго з днём нараджэння. Дзеці дораць падарункі, хто што падрыхтаваў, і кожны гаворыць, які імяніннік добры, успамінаюць яго добрыя справы.
У доме Святланы Хрушчовай жывуць і хатнія гадаванцы – трое катоў. Дзеці іх вельмі любяць. А нядаўна ў доме з’явіўся сабака. Сам прыйшоў у гэту сям’ю. Нейкім чынам жывёла адчула, што яе тут з радасцю прымуць.
Перад сном у сямейным дзіцячым доме адводзіцца час для кніг. Святлана Адамаўна шмат чытае сваім падапечным. Заўважыла, што найбольш ахвотна яны слухаюць творы класічнай рускай літаратуры, аповеды пра жывёлу і прыроду.
Маці-выхавальніца ўпэўнена: тое, што бачыць дзіця ў сям’і, да чаго яно прывучана – гэта пачатак не толькі фізічнага здароўя, але і маральнага. Правільна пабудаванае сямейнае выхаванне – своеасаблівы рэцэпт, які дапаможа дзецям у будучыні стварыць у сваёй сям’і душэўную і цёплую атмасферу.
Ала ГАРЭЛІК,
педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра.
Фота з архіва Святланы ХРУШЧОВАЙ.