В.а. дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Жанна Санькова распавяла пра планы, якія хутка ўвасобяцца ў жыццё ў новай бібліятэцы
Дзе можна з карысцю правесці час людзям рознага ўзросту і розных запатрабаванняў? Вядома ж, у бібліятэцы! А яшчэ лепш – у кіно!
З 1 лістапада цэнтральная раённая бібліятэка перамяніла свой адрас – пераехала ў памяшканне кінатэатра “Зорка”. Наша раённая газета ўжо пісала аб тым, як бібліятэкары ўладкаваліся на новым месцы.
– За два месяцы мы нядрэнна асвоіліся ў кінатэатры, – гаворыць в.а. дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Жанна САНЬКОВА. – І ўжо паспелі адчуць шматлікія выгоды новага памяшкання. Самы вялікі плюс – наяўнасць вялікай глядзельнай залы для правядзення масавых мерапрыемстваў. У цяпер ужо сумеснай працы актыўна выкарыстоўваем магчымасці бібліятэкі і кінатэатра. Спалучаючы кнігі і кінафільмы, нашы мерапрыемствы сталі цікавей, на іх завітвае больш гледачоў.
Жанна Уладзіміраўна распавяла пра планы, якія хутка ўвасобяцца ў жыццё ў новай бібліятэцы.
– Па-першае, будзе абноўлена мэбля, бібліятэка атрымае самае сучаснае тэхнічнае аснашчэнне. У чытальнай зале плануецца арганізаваць прастору для моладзі, выдзеліць ім некалькі пляцовак для чытання, сустрэч з сябрамі, бясплатнага карыстання інтэрнэтам. У бібліятэцы таксама можна будзе паглядзець цікавыя фільмы, пагуляць у настольныя гульні. Вядома ж, не забыліся і пра інтэлектуальныя мерапрыемствы. Тут будуць праходзіць прэзентацыі літаратурных навінак, сустрэчы з цікавымі людзьмі, майстар-класы і шмат чаго іншага.
– Упэўнены, нашы наведвальнікі не будуць сумаваць! – дадала Жанна Санькова.
На першым паверсе плануецца зрабіць аддзелы для абслугоўвання дзяцей і дарослых.
Бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі-філіяла Наталля СНЫТКО ўжо ведае, як размесцяцца яе ўладанні.
– Вядома, пра пераезд кажуць, што ён падобны на пажар, – гаворыць яна. – Але гэта – прыемныя клопаты. Разам з калегамі навялі парадак на новым месцы, але хутка зноў прыйдзецца рабіць перапланіроўку. Чакаем не толькі новую мэблю, але і шмат літаратуры. Думаю, будзе чым прывабіць у госці як дарослых, так і маленькіх чытачоў.
Спадзяюцца на тое, што бібліятэкарам на новым месцы будзе лепш і наведвальніцы кніжнага храма са шматгадовым стажам Таццяна Уладзіміраўна і Зінаіда Мацвееўна.
– Мы ўжо прывыклі прыходзіць за кнігамі сюды, у кінатэатр, – гавораць жанчыны. – Вядома, хочацца, каб было больш прасторы, як было на ранейшым месцы. Але ўсё пазнаецца ў параўнанні, таму з разуменнем будзем чакаць, што атрымаецца пасля рамонту. Тое, што ў нашым горадзе адбудзецца такое важнае свята – Дзень беларускага пісьменства, – вельмі адказная падзея, таму хочацца, каб ад яго засталіся не толькі пазітыўныя ўспаміны, але і сучасная бібліятэка, прывабная для нас, чытачоў.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота аўтара.