Праверылі будаўніцтва пелетнага завода
Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі ў ДЛГУ “Клічаўскі лясгас” і яшчэ ў 5 лясгасах рэспублікі будуюцца сучасныя пелетныя заводы.
Іх увод у эксплуатацыю дазволіць шмат у чым вырашыць праблему перапрацоўкі значных аб’ёмаў адходаў лесанарыхтоўкі і лесапілавання ў высокаліквідную экспартаарыентаваную прадукцыю, бо сусветны рынак спажывання паліўных пелет, паводле ацэнак экспертаў, штогод прырастае на траціну.
Па бізнес-плане Клічаўскага лясгаса, асноўныя аб’ёмы сыравіны плануецца экспартаваць у краіны Еўрасаюза. Нараўне са стварэннем у райцэнтры 12-ці новых працоўных месцаў. сярод плюсаў новага праекта – безумоўная карысць для экалогіі. Тона пелет дае пры згаранні столькі ж энергіі, што і 5 кубаметраў дроў, 480 кубаметраў газу, 500 літраў дызпаліва або 700 літраў мазуту. Пры гэтым у атмасферу выдзяляецца ў 50 разоў менш вуглякіслага газу.
Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці ажыццяўляе пастаянны кантроль за ходам будаўніцтва завода ў Клічаве. Удзельнікам яго трэба забяспечыць узвядзенне аб’екта ў сціслыя тэрміны, у цяперашні час вядуцца пуска-наладачныя работы абсталявання. Паводле разлікаў Магілёўскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання, увод у эксплуатацыю пелетнага завода ў Клічаўскім лясгасе плануецца завяршыць 1 чэрвеня 2020 года.
Юрый ФРАЛОЎ,
першы намеснік старшыні Камітэта
дзяржкантролю Магілёўскай вобласці.