Юныя падпольшчыкі і партызаны
Літаральна праз тры тыдні пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны фашысты пачалі ўстанаўліваць у акупіраваным Галоўчыне і яго наваколлі свой «новы» парадак. Але галоўчынцы не скарыліся захопнікам. У барацьбу з ненавіснымі ворагамі ўключыліся ў тым ліку і юныя жыхары мястэчка.
У 1941 годзе Маю Марозаву, сыну настаўніцы і падпольшчыцы Юліі Марозавай, споўнілася 14 гадоў. Першае заданне Мая можа паказацца даволі простым – даставіць у партызанскі атрад запіску, схаваную ў гільзе патрона. Але для гэтага трэба было прайсці міма некалькіх пастоў, якія немцы ўстанавілі на ўсіх значных дарогах у Галоўчын і на мастах праз рэчку Вабіч. Юнак паспяхова выканаў даручэнне, і партызаны атрымалі інфармацыю пра нямецкі гарнізон у Галоўчыне. Пасля гэтага Маю сталі даручаць іншыя заданні: ён расклейваў лістоўкі ў вёсках, збіраў зброю для партызан.
Калі ж над патрыётамі навісла пагроза быць раскрытымі, то восенню 1943 года Юлія Марозава з сынам уліліся ў 122-гі партызанскі полк «За Радзіму», які дзейнічаў на тэрыторыі Бялыніцкага і Шклоўскага раёнаў. Шаснаццацігадовы юнак папоўніў шостую роту палка, у складзе якой мужна ўдзельнічаў у баявых заданнях. Напрыклад, разам з іншымі байцамі 4-й і 6-й рот ён граміў нямецкі гарнізон у Малым Кудзіне. Летам 1944 года ў час правядзення аперацыі «Баграціён» па вызваленні Беларусі Май Марозаў быў цяжка паранены. У пасляваенныя гады Май Іванавіч працаваў шафёрам у калгасе «Наша перамога», а з 1956 года пражываў у Магілёве.
Сямігадовая дачка падпольшчыцы Марыі Буяковай таксама смела праходзіла праз нямецкія пасты. Летам 1942 года маленькая Ліра прынесла да сваёй бабулі ў вёску Мерча Шклоўскага раёна план нямецкага гарнізона ў Галоўчыне, а тая перадала каштоўную інфармацыю партызанам. Праз некалькі дзён галоўчынскі гарнізон быў разгромлены народнымі мсціўцамі.
Емяльян Собалеў сустрэў пачатак вайны ў 16-гадовым узросце. Па даручэнні партызан ён выконваў розныя заданні, нават самыя рызыкоўныя. Аднойчы ў 1943 годзе хлопец падпаліў склад збожжа, якое фашысты падрыхтавалі да адпраўкі ў Германію. Гітлераўцы арыштавалі Емяльяна і кінулі ў канцэнтрацыйны лагер у Магілёве. Але яму ўдалося збегчы адтуль. Неўзабаве Емяльян далучыўся да 8-й партызанскай брыгады Жуніна. Потым удзельнічаў у вызваленні Беларусі, быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі».
Калі пачалася вайна, 15-гадовыя юнакі Віктар Сачкоў і Уладзімір Капыткоў з вёскі Старае Сяло пачалі дапамагаць партызанам. Мясцовы паліцай данёс немцам пра тое, што сябры часта наведваюцца ў лес. Аднойчы ноччу ў іх хаты ўварваліся фашысты і забралі хлопцаў. Карнікі адвезлі іх у вёску Сіваі, там трымалі ў хляве і пастаянна збівалі. Потым прымусілі выкапаць яму і расстралялі ў снежні 1943 года.
Андрэй СУПІТАЛЁЎ,
настаўнік гісторыі
Галоўчынскай СШ.