Темы

Аляксандр Лапацентаў — герой свайго часу

Аляксандр Лапацентаў — герой свайго часу

Кожны час мае сваіх герояў. А хто ж яны? Людзі мужныя, смелыя, працавітыя, ініцыятыўныя, добрай душы і вялікага сэрца, якія ўмеюць самі загарацца і запальваць іншых смелай ідэяй, свежымі думкамі, адчуваць чужы боль, як уласны… Вось такім і быў Аляксандр Лапацентаў – кавалер чатырох ордэнаў, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, ганаровы грамадзянін Бялыніцкага раёна, які сорак гадоў узначальваў СВК «Калгас «Радзіма». Яго сэрца перастала біцца пяць гадоў таму – 2 кастрычніка 2021 года.


Сёння гэта гаспадарка з’яўляецца маяком не толькі на Магілёўшчыне, але і ў рэспубліцы. Каму-небудзь з боку можа здацца, што ўсё было лёгка і проста ў Аляксандра Міхайлавіча і шлях яго ўсыпаны ружамі. Але на самой справе калючак было нямала. На яго долю выпала шмат цяжкіх выпрабаванняў: перанёс тры складаныя аперацыі, знаходзіўся на валаску ад смерці. Але ён выстаяў, не скарыўся перад цяжкасцямі, не ўпаў на калені, а плённа працаваў далей. Пра гэтага легендарнага чалавека я напісаў дакументальна-мастацкую аповесць «Іду на сустрэчу з навальніцай». Усе падзеі і факты не выдумаў, а ўзяў з жыцця самаахвярнага, таленавітага арганізатара сельскагаспадарчай вытворчасці.

На жаль, вельмі-вельмі рана пайшоў на вечны спачын Аляксандр Міхайлавіч. Але «Радзіма» не асірацела. Цяжкую старшынёўскую ношу ўзваліў на свае маладыя плечы яго сын Алег Аляксандравіч. Пад яго кіраўніцтвам гаспадарка дабіваецца вялікіх працоўных поспехаў, з’яўляецца ўзорам для пераймання не толькі ў Магілёўскай вобласці, але і ў рэспубліцы.

Сегодня исполнилось бы 72 года легендарному руководителю колхоза «Родина» Александру Лапотентову


Выпрабаванне

(урывак з дакументальна-мастацкай аповесці «Іду на сустрэчу з навальніцай»)

Калгасны клуб запоўнены да адказу. Усе ведалі, што будуць выбіраць новага старшыню, таму дружна сабраліся на агульны сход. Пасля выступлення другога сакратара райкама партыі Пятра Пацешкіна калгаснікі актыўна бралі слова. Яны гаварылі страсна, усхвалявана пра недахопы, што меліся ў калгасе. І ў адзін голас заявілі:

– Нам такі старшыня не патрэбны!.. Не можа арганізаваць людзей і павесці за сабою… Больш глядзіць у чарку, чым на гаспадарку.

– А каго б вы хацелі? – пацікавіўся Пётр Пятровіч. – Мо ў вас ёсць свой чалавек? Калі ласка, называйце кандыдатуру. Усе маўчалі, як вады ў рот набраўшы.

– Ну, калі ў вас няма, то бюро райкама партыі рэкамендуе выбраць старшынёю калгаса «Новае жыццё» Васіля Калінкіна, – прапанаваў Пётр Пацешкін.

– А хто ён такі? – выгукнуў нехта з зала.

На сцэну ўзняўся высокі чарнявы хлопец, у сініх штанах, у карычневай кашулі пад гальштукам, у расшпіленым шэрым пінжаку ён быў больш падобны не на будучага старшыню, а на спартсмена.
– Пытанні да Калінкіна будуць? – звярнуўся да прысутных прадстаўнік райкама партыі. – Вядома, ёсць, – пацікавіўся дзядуля, які сядзеў у першым радзе ў зале. – А скажы, сынок, колькі табе гадкоў? Ці служыў у арміі і дзе вучыўся?

– Мне дваццаць пяць. Скончыў агранамічны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Служыў у групе савецкіх войск у Германіі. – А ці жанаты? А то будзеш бегаць па дзеўках, а пра калгас забудзешся.

– Я сваё ўжо адбегаў, – ні то жартам, ні то ўсур’ёз адказаў Калінкін. – Чатыры гады як ажаніўся. Мая жонка вельмі строгая – распусты не пацерпіць! – Гэта добра. А хто яна па спецыяльнасці? – Заатэхнік. Разам вучыліся ў акадэміі. – Во-во! Нам такіх якраз і не хапае!

З лавы ўстала калгасніца Марыя Бярозка і засакатала:
– Гляджу я на цябе, галубчык, і плакаць хочацца. Такі ты малады і зялёны. Яшчэ матчына малако на губах не абсохла. А ты хочаш надзець на шыю хамут, ад якога хутка згорбішся. Бо ў нас людзі дужа цяжкія. Развучыліся працаваць у калгасе. Шмат вопытных старшыняў паўцякалі з Васількоў. Доўга не затрымаешся і ты.

Зала прыціхла, чакала, што скажа гэты камсамолец. Васіль Калінкін кашлянуў раз-другі ў кулак, каб сабрацца з думкамі і не ляпнуць лішняга, усхвалявана загаварыў:

– Вядома, я малады і вас гэта насцярожвае. Але ў мяне ёсць веды, вопыт работы з людзьмі, які набыў, працуючы галоўным аграномам у саўгасе «Высокае». Залатых гор не абяцаю, але пастараюся паставіць гаспадарку на ногі. Для гэтага мы павінны працаваць дружна, быць адной сям’ёй. Без п’яніц, хапуг і лайдакоў.

– А куды іх дзець? Хіба на Салаўкі адправіць!? – выпаліў каржакаваты мужчына. – Будзем перавыхоўваць! Гэта ж нашы людзі.

Больш пытанняў не было. Сакратар райкама маўчаў. Думаў. Нарэшце ён звярнуўся да калгаснікаў:
– Хто за тое, каб выбраць старшынёй калгаса «Новае жыццё» Васіля Калінкіна, прашу галасаваць. Хто за? Хто супраць? Хто ўстрымаўся? Выбіраецца аднагалосна. Давайце павіншуем маладога кіраўніка з высокай пасадай і пажадаем яму плёну ў працы.
У зале раздаліся дружныя апладысменты.

***
Вясна выдалася ранняя. Наўсцяж дарогі, як акінуць вокам, раскінуліся палеткі другой комплекснай брыгады. Васіль не гнаў свайго жалезнага «каня», па-гаспадарску аглядаў азіміну, якая густа кусцілася зялёным дываном. Раптам да яго даляцеў рокат матора – непадалёку ад лесу пракладваў свежыя барозны «Беларус». «Ну, малайчына, – пазіраючы на ладную плошчу ўзаранага поля, у думках пахваліў ён механізатара. – За ноч, відаць, не менш дзвюх норм «адмахаў».

Параўняўшыся з трактарам, паставіў збоч дарогі «Жыгулёнка». Прайшоў па ўчастку, паглядзеў на раллю. І раптам ад крыўды ўвесь скалануўся. У пагоні за гектарамі Андрэй Вячорка нарабіў агрэхаў. У дадатак запусціў плугі ў зямлю так, што яня аж да дзедаўскага пяску дабраліся.
– Што ты робіш? – спыніўшы трактар, строга спытаў у хлопца старшыня.
– Пад пшаніцу глебу рыхтую.
– І дзе ж тваё сумленне? Хіба можна так над зямлёй здзекавацца?

Нейкі час трактарыст нічога не мог адказаць, толькі здаўлена лыпаў вачыма, нібы падбіраў трапныя словы ў апраўданне, а потым ледзь чутна працадзіў праз зубы:
– Я мігам перараблю. Больш такога не ўбачыце.
Васіль Калінкін пастаяў яшчэ некалькі хвілін, не спускаючы вачэй з трактара, і з палёгкай уздыхнуў.

***
Спякота не спадала, хоць сонца схавалася за хмару. Старшыня калгаса, вярнуўшыся з поля, накіраваўся ў кабінет, каб азнаёміцца з сягодняшняй поштай. Толькі ўткнуўся носам у паперы, як зазвінеў званок.
– Я вас слухаю, – сказаў у трубку ён.
– Васіль Васілевіч, добры дзень! – раздаўся голас старшыні райвыканкама Арцёма Пацука. – Як ідзе жніво?
– Нармальна. Праз два-тры дні закончым убіраць раннія збожжавыя.
– Па тэмпах ты маладзец! – пахваліў кіраўнік раёна і дадаў:
– А вось па ўраджайнасці падводзіш.
– Няпраўда! – не пагадзіўся Калінкін. – З кожнага гектара збіраем па 42 цэнтнеры збожжа. А гэта ў два разы больш, чым па раёну. Хаця сёлета да нас далучылі адстаючую гаспадарку! Думаю, што тут няма трагедыі аніякай.
– Трагедыя ёсць! – павысіў голас Арцём Адамавіч. – Па ўраджайнасці наш раён пляцецца ў хвасце ў вобласці. Значыць, выручай. Дабаў яшчэ 8 цэнтнераў.
– А як? – насцярожыўся Калінкін.
– Ты не маленькі. Сам ведаеш. І з неба не зваліўся.
– На што намякаеце? Прыпісаць? Не змагу! Сумленне не дазваляе.
– Тады пішы заяву! Будуць іншыя рабіць!..

Старшыня калгаса хацеў сказаць штосьці калючае, крыўднае, але стрымаўся, не стаў падліваць масла ў агонь. У такіх складаных сітуацыях ён дзейнічаў, як раіў вялікі філосаф Сакрат: ты людзей слухай і не слухайся. Калі кажуць нешта разумнае, то матай на вус, а калі дурное – прапускай міма вушэй.

***
Пакутліва доўга цягнулася ноч. Не спалася Васілю, І на гэта была прычына. Калі ён збіраўся паехаць на жывёлагадоўчы комплекс, пазваніў інструктар абкама партыі і перадаў тэлеграму: «Заўтра ў 8 гадзін раніцы Вас чакае сакратар абкама партыі Барыс Паўлавіч Мурашка. Просьба – не спазняцца».

Спрабаваў удакладніць, па якому пытанню яго выклікаюць, але інструктар адмахнуўся: маўляў, не спяшайся лезці ў пекла раней бацькі – заўтра даведаешся. Прамільгнула ў галаве і секанула па сэрцы жахлівая думка: «Відаць, нехта з вялікіх «кручкоў» пабываў у гаспадарцы, назбіраў «жукоў», а цяпер хочуць даць добрую «прачуханку».

З Калінкіным сакратар сустракаўся шмат разоў, таму прывіталіся яны, як старыя знаёмыя, моцна паціснулі адзін аднаму рукі.
– Сядай за стол, паталкуем, – прапанаваў Барыс Паўлавіч і дадаў:
– Ёсць адна ідэя.
– А якая? – не ўтрымаўся Васіль Васілевіч.
– Мы тут, у абкаме партыі, параіліся і вырашылі рэкамендаваць цябе намеснікам загадчыка арганізацыйнага аддзела Магілёўскага абкама партыі. Ну як?
– А чаго мяне? – здзівіўся старшыня.
– Гаспадар ты талковы. За пяць гадоў калгас паставіў на ногі. Малады, ініцыятыўны, прынцыповы. Умееш з людзьмі знаходзіць агульную мову. На жаль, вось гэтых якасцей не хапае многім партыйным работнікам. Спадзяюся, у цябе больш пытанняў няма. Значыць, будзем афармляць дакументы. Рыхтуйся на бюро абкама партыі.

Толькі цяпер Калінкіну стала зразумела, чаго яго выклікалі сюды, і, цяжка ўздыхнуўшы, ён прамовіў:

– Прабачце, Барыс Паўлавіч, я не магу…
– Пачакай, пачакай! – перабіў яго сакратар. – Не гарачыся. Ад такой пасады адмаўляешся? Ты што з катушак зляцеў? Уключы мазгі! І не брыкайся! Засячы сабе на носе: адмовішся цяпер – лічы, што паставіў на сабе крыж. А можа хвалюе пытанне, дзе жыць? Хоць сёння забірай ключы ад трохпакаёўкі. Элітны дом у цэнтры горада. І аб тваёй жонцы паклапаціліся: будзе працаваць у аблсельгасхарчы.

Сакратар нахмурыўся, паглядзеў на Калінкіна, устаў з-за стала, падышоў да яго і крануў за плячо:

– Слухай, Васіль Васілевіч, згаджайся. У цябе ўсё яшчэ наперадзе. Не псуй сваю біяграфію. Не спадабаецца ў нас – у любы час адпусцім у калгас. Ну як? Па руках?

Старшыня выцер далонню лоб і залысіны, паглядзеў на сакратара сумнымі вачыма і выдыхнуў:

– Барыс Паўлавіч, зразумейце правільна. І не крыўдуйце. Не атрымаецца з мяне партыйнага работніка.
– Чаму?
– Як дрэва не можа расці на асфальце, так і я жыць у горадзе. Без пары завяну.

Мурашка нічога не адказаў, быццам не пачуў, пра што гаварыў старшыня, толькі ўсміхнуўся сам сабе. Наступіла паўза. Парушыў яе гаспадар кабінета.

– Вельмі шкада. Але, як кажуць, сілаю мілы не будзеш. У цябе ёсць яшчэ два дні. Добранька памазгуй, парайся з жонкай і аб сваім рашэнні пазвані мне. Жадаю поспехаў!

Калінкін выйшаў з кабінета, уздыхнуў з палёгкай, нібы з яго скаціўся цяжкі камень.

На гэтым не скончыліся заманлівыя прапановы. Яго не раз хацелі пераманіць у Мінск. І давалі высокую пасаду. І зноў атрымалася асечка – Васіль Васілевіч не клюнуў на сталічнае жыццё. Яго як магнітам прыцягнуў калгас «Новае жыццё» – працавітыя, шчырыя людзі, з якімі ён парадніўся і дзе глыбока пусціў карані.

Мікалай ПАДАБЕД, г. Бялынічы.

Оперативные новости Белыничей и Белыничского района смотрите в нашем телеграмм-канале «Новости Белыничей»

Последние новости

Новости района

В Белыничах прошло праздничное мероприятие, посвящённое Дню учителя

2 октября 2026
Читать новость
Новости области

«Дажынкi-2026» в Шклове: программа мероприятий 10 октября

2 октября 2026
Читать новость
Новости Беларуси

Контртеррористический форум пройдет в Минске 7-8 октября

2 октября 2026
Читать новость
Общество

Мнение. Берлинский феномен: как флагман Европы идёт ко дну

2 октября 2026
Читать новость
Общество

Мнение. США снимают санкции: Беларусь сохраняет осторожность

2 октября 2026
Читать новость
Новости Беларуси

Президент поздравил коллектив «Могилевлифтмаша» с 60-летием со дня основания предприятия

2 октября 2026
Читать новость