Темы

Журналіст раёнкі на адзін дзень стала памочнікам начальніка Цяхцінскага лесагадавальніка ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас”

 

Сярод вялікай колькасці прафесій ёсць шмат такіх, якія прываблівалі мяне з дзяцінства. Але ў той час, калі бесклапотнае школьнае жыццё адлічвала апошнія месяцы і выбар сферы дзейнасці паўстаў найбольш востра, ад некаторых мар прыйшлося адмовіцца.

Затое цяпер у рамках творчага праекта райгазеты “Зара над Друццю” можна не толькі бліжэй пазнаёміцца з цікавай прафесіяй, але і расказаць пра яе асаблівасці нашым чытачам.

На гэты раз журналіст раёнкі на адзін дзень стала памочнікам начальніка Цяхцінскага лесагадавальніка ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас”. Зрабіла для мяне ўводзіны ў прафесію, а таксама распавяла аб тым, як праходзяць працоўныя будні, начальнік яго Вольга ЗАРАНКОВА.

Нараджэнне новага лесу – працяглы і даволі складаны працэс. Лес, як і чалавечае жыццё, праходзіць дзяцінства, юнацтва, сталенне і старасць. Хтосьці можа сказаць, што дрэвы выдатна растуць без умяшальніцтва чалавека. Вядома. Але трэба помніць і тое, што мы дыхаем чыстым паветрам, якое выпрацоўвае лес, карыстаемся прадуктамі дрэваапрацоўкі: мэбляй, будматэрыяламі, паперай, дравамі… Калі б супрацоўнікі лясной сферы не прыкладалі намаганняў па аднаўленні лясной плошчы, нас даўно б ужо спасцігла экалагічная катастрофа.

Агульная плошча лесагадавальніка складае крыху больш за 25 гектараў. У ім вырошчваецца пасадачны матэрыял елкі, сасны, чорнай вольхі, дуба, дэкаратыўных дрэў і кустарнікаў. А каб наваколле яшчэ больш радавала прыгажосцю, вакол адміністрацыйнага будынка і цяпліц разбіты шматлікія клумбы. Сапраўды, для аматара пакапацца ў зямлі тут шырокае раздолле. Дадаць да гэтага яшчэ лясную ціш, шчабятанне птушак і блакітныя аблачынкі пралесак у навакольным бярэзніку і можна падумаць, што знаходзішся ў раі.

Вольга Заранкова праводзіць невялікую экскурсію па сваіх уладаннях. Напачатку мы накіроўваемся да групы жанчын, якія заняты пасевам насення ліпы ў спецыяльныя касетныя кантэйнеры. Лесавод Уладзіслаў ПЯТКЕВІЧ спрытна расстаўляе іх у цяпліцы. Калі праца заканчваецца, скрыні з кантэйнерамі шчодра паліваюць. Як патлумачыла мой экскурсавод, дрэўцы прарастуць не хутка. А як толькі ўсходы з’явяцца, іх перасадзяць у “школку” – спецыяльна падрыхтаваныя градкі з тарфяна-пясчанай сумессю, дзе маленькія дрэўцы будуць набірацца сіл, каб праз 2-3 гады перасяліцца ўжо на пастаяннае месца “жыхарства”. Гэта пасадка – эксперыментальная. Кантэйнеры з насеннем, звычайна, адвозяць для прарошчвання ў гадавальнік Магілёўскага лясгаса, але на гэты раз вырашылі прарасціць маладыя сеянцы ліпкі на месцы. 

– Сёлета ў Магілёўскім лесагадавальніку прыступяць да будаўніцтва спецыяльнай сістэмы, якая забяспечвае амаль 100% прарастанне насення дрэў, і саджанцы да нас будуць паступаць у гатовым выглядзе, – тлумачыць Вольга Заранкова. – Больш за ўсё малады лес страчвае сілы пры перасадках. Парасткі-сяголеткі хвойных культур вельмі кволыя. Калі закрануць іх карэньчыкі, перасушыць ці, наадварот, пераўвільгатніць глебу, дрэўца можа загінуць.

Існуе цэлая сістэма перасадак сеянцаў ялінак і соснаў, каб яны выдатна прыжыліся на сваіх месцах. Некаторым раслінам для паспяховага прарастання ці ўкаранення патрэбны асабліва камфортныя ўмовы. У цяпліцы, дзе вырошчваюцца дэкаратыўныя дрэвы і кустарнікі, створана сістэма так званага “туманнага” паліву і падтрымліваецца тэмпература паветра каля 25 градусаў цяпла.

Таксама ў лесагадавальніку шмат дрэў вырошчваюць з закрытай каранёвай сістэмай – у кадках і поліэтыленавых пакетах. Гэты спосаб вырошчвання забяспечвае высокую прыжывальнасць і дазваляе пасадзіць дрэва ў любы перыяд года.

Самы напружаны час для лесаводаў, як і для працаўнікоў сельскай гаспадаркі, – вясенне-летні. Патрэбна пасадзіць новыя лясныя культуры, а таксама дагледзець тыя, што ўжо растуць, прапалоць, падкарміць, апрацаваць ад шкоднікаў.

У гадавальніку працуюць 8 чалавек, а калі пачынаецца сезон, колькасць работнікаў значна павялічваецца. На дапамогу прыходзяць і самі работнікі лясгаса, і школьнікі, і члены студэнцкіх будатрадаў.

Таксама вясной пачынаецца чаранкаванне дэкаратыўных дрэў. Гэту цікавую працэдуру паспрабавала зрабіць і карэспандэнт райгазеты. На дарослай туі трэба адламаць невялікі парастак так, каб захавалася месца надлому, паставіць яго на некалькі гадзін у спецыяльны раствор з пажыўных рэчываў, а потым пасадзіць у цяпліцы. Калі чаранок пусціць карэньчыкі, а гэта будзе не хутка, яго трэба перасадзіць у спецыяльна падрыхтаваную ёмістасць.

Пакуль мы разбіраліся з тонкасцямі размнажэння дэкаратыўных дрэў, гадавальнік наведалі госці з Быхаўскага лясгаса. Яны прыехалі па саджанцы чорнай вольхі. Праз некалькі хвілін завіталі пакупнікі за партыяй елачак.

Вызваленыя плошчы адпачываюць невялікі час, а потым зноў засяваюцца ляснымі культурамі. А маладыя алешынкі і ялінкі хутка зоймуць сваё пачэснае месца на сонечных палянах. І толькі праз многа-многа гадоў яны пераўтворацца ў прыгожы лес.

 

 Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

                 Фота аўтара і Вольгі Заранковай.

Последние новости

Новости района

В Белыничском районе проходит единый день информирования

19 июня 2025
Читать новость
Новости Беларуси

Министр образования сказал, что каждый родитель может сам выбирать место покупки элементов школьной формы

19 июня 2025
Читать новость
Новости Беларуси

Белстат начал подготовку к проведению следующей переписи населения

19 июня 2025
Читать новость
Год благоустройства

В Белыничском районе активно продолжаются работы по капремонту жилфонда

19 июня 2025
Читать новость
Общество

Особенности заполнения справки о том, что гражданин является обучающимся,  при обращении за пособием

19 июня 2025
Читать новость
Новости района

Семья из аг.Техтин представляет Белыничский район на областном отборочном туре «Властелин села»

18 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем