Темы

Прыгожы юбілей

Першая аптэка на тэрыторыі сучаснага нашага раёна пачала дзейнічаць у Галоўчыне ажно ў 1636 годзе і з’яўляецца адной са старэйшых у Беларусі.

Самыя розныя хваробы ад даўніх часоў пераследуюць, бадай, кожнага чалавека. Зразумела, сярод людзей былі і ёсць таксама і тыя, хто ўмее лячыць усе тыянемачы. Асаблівае месца ў гэтай прафесіі належыць аптэкарам.

У пісьмовых гістарычных крыніцах беларускія аптэкі пачынаюць упамінацца з сярэдзіны ХVI стагоддзя. А самая першая з іх з’явілася ў Пінску ў 1561 годзе. На жаль, да нашых дзён будынак яе не захаваўся, як і аптэкі ў Брэсце, што пачала функцыянаваць праз пяць гадоў пасля пінскай.

Такія вядомыя даследчыкі аптэкарскай справы, як Л. Прыхожая, Я. Эльяшэвіч, П. Гарбачоў, Л. Бобрык адзначаюць, што ў першай палове ХVII стагоддзя аптэкі працавалі ў Лідзе, Слоніме, Гродна і іншых буйных гарадах Беларусі, а таксама і ў мястэчку Галоўчын, якое на той час знаходзілася ў валоданні апошняга прадстаўніка рода князёў Мікіцінічаў-Галоўчынскіх Мікалая Канстанцінавіча.

Самае першае пісьмовае ўпамінанне аб Галоўчынскай аптэцы датуецца 1636 годам. Зразумела, гэта дата не з’яўляецца дакладным годам адкрыцця яе, бо ў рукапісных крыніцах аптэка называецца як ужо дзейнічаючая. Значыць, яна была заснавана яшчэ раней. Тым не менш, зыходзячы з першага ўпамінання местачковай аптэкі ў старажытным Галоўчыне, сёлета ёй спаўняецца 385 гадоў. Што ні кажыце, а юбілей вельмі шаноўны!

На жаль, зараз нельга дакладна сказаць, хто з’яўляўся ўладальнікам яе і хто вырабляў ад хвароб разнастайныя таблеткі, настойкі, парашкі, прысыпкі, адвары, мазі… Да слова сказаць, тагачасныя аптэкі прапаноўвалі насельніцтву не толькі лекі, рэчы санітарна-гігіенічнага ўжытку, лекавыя травы, мінералы, але і алкагольныя напоі, па-колькі яны валодалі правам манапольнай іх вытворчасці, парфуму, кандытарскія вырабы, ружовы і міндальны цукар, вішнёвы і лімонны сок і шмат што іншае.

Можна меркаваць, што аптэка размяшчалася ў Галоўчынскім замку, час узнікнення якога датуецца ХVІ стагоддзем. А належыць яна магла ці самому ўладальніку мястэчка – князю Галоўчынскаму, ці мясцоваму брацтву дамініканцаў.

Аб значымасці факта існавання ў Галоўчыне аптэкі гаворыць і тое, што да 1825 года на ўсёй тэрыторыі Беларусі іх было толькі 42. Далейшае развіццё прамысловасці, павелічэнне колькасці насельніцтва – усё гэта паўплывала і на рост аптэчнай сеткі. Перад адменай прыгоннага права (1861 год) аптэкі былі ўжо ў кожным павятовым горадзе, а таксама і ў некаторых мястэчках. Прадаўжала дзейнічаць і галоўчынская.

Рост насельніцтва, а таксама і вялікая хваля эпідэміі халеры, што пачалася напачатку 1870-х гадоў, якая толькі за 1872 год забрала на Магілёўшчыне жыцці 4738 чалавек, ці 37,3 працэнта ад усіх захварэлых, значна паспрыялі развіццю аптэчнай сеткі. Гандлёвыя аб’екты, дзе прадаваліся лекавыя сродкі і прадметы гігіены, сталі з’яўляцца ў гарадах і мястэчках. Прыкладам, у 1882 годзе А. Саўрыцкі адкрывае ў Бялынічах першую аптэку. З 1899 года яна належыла двараніну М. Сегалю, якой загадваў і адначасова працаваў у ёй яго сын. Напачатку ХХ стагоддзя вольнай урачэбнай практыкай у Бялынічах займаліся С. Кантар і жонка ўладальніка аптэкі Ц. Сегаль.

У 1916 годзе сетка ўстаноў аховы здароўя на тэрыторыі сённяшняга нашага раёна ўключала ў сябе бальніцу, аптэку і пяць фельчарскіх пунктаў: два знаходзіліся ў Бялынічах, астатнія – у Галоўчыне, Нежкаве і Царковішчы. Праўда, застаецца не вядома, ці існавала пры Галоўчынскім аптэка. 

Мужнасць і гераізм праявілі галоўчынскія медыкі, у тым ліку і мясцовыя фармацэўты, у час Вялікай Айчыннай вайны. Тут у той нялёгкі перыяд нашай гісторыі знаходзілася сельская бальніца, і многія работнікі яе, як, для прыкладу, урач Барыс Назарэўскі, з вялікай рызыкай збіралі і перадавалі партызанам лекі, медыкаменты, перавязачны матэрыял.

У вайну будынак аптэкі быў спалены. Аптэка ў Галоўчыне аднавіла сваю дзейнасць у 1945 годзе. У розныя гады ў ёй працавалі А. Слабада, І. Матвейчук, К. Сцепановіч, М. Цюльманкова, С. Ксянчук, Л. Балідкін, А. Собалева, Л. Каткова. З 1967 года і напрацягу далейшых 51 года загадвала ёй, аказваючы пасільную дапамогу захварэлым аднавяскоўцам, Людміла Кавалёва.

Любоў да такой патрэбнай людзям, самай гуманнай і адной са старажытных, прафесіі фармацэўта Людміла Іосіфаўна перадала і сваёй дачцэ Алене. Пасля паспяховага заканчэння вучобы ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце Алена Сяргееўна вярнулася працаваць на сваю Бацькаўшчыну і зараз загадвае цэнтральнай раённай аптэкай № 41. А жыхары старажытнага Галоўчына і бліжэйшых да аграгарадка вёсак вось ужо два гады набываюць патрэбныя лекі ў аптэчным кіёску мясцовай АУАП.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота з архіва рэдакцыі.

Последние новости

Новости района

Праздник детям из Белыничского интерната подарили байкеры Могилёвщины и ГАИ

19 сентября 2026
Читать новость
Новости района

Белыничский лесхоз торжественно отметил День работников леса

18 сентября 2026
Читать новость
Президент

Куда уходят наши кровные рубли?

18 сентября 2026
Читать новость
Новости Беларуси

Осенью в Беларуси откроют набор на заочное обучение в аграрных колледжах и вузах

18 сентября 2026
Читать новость
Новости Беларуси

Как Белорусам бесплатно получить новую профессию и гарантированное рабочее место

18 сентября 2026
Читать новость
Новости Беларуси

Синоптики рассказали, какая погода ждет Беларусь

18 сентября 2026
Читать новость

Рекомендуем