Темы

Наша бяда – дарогі і вада

Старшыня райсавета дэпутатаў Андрэй САЛАНІНКА ў рамках Адзінага дня інфармавання наведаў вёскі Запольскага сельсавета і правёў прыём грамадзян у памяшканні мясцовага сельвыканкама.

Раённая газета не аднойчы пісала аб праблемах жыхароў гэтага аддаленага куточка Бялыніччыны. У асноўным іх дзве: дрэнныя дарогі і сапраўдная бяда з пітной вадой.

Падчас сельскіх сходаў пры сустрэчы вяскоўцаў з прадстаўнікамі ўлады і спецыялістамі кампетэнтных служб гэтыя пытанні ўздымаліся і нават збольшага вырашаліся. Але ўхіл смела можна ставіць на слове «збольшага». Калі на аўтадарозе ад райцэнтра да Заполля зрабілі частковы рамонт, то праблема з пітной вадой застаецца актуальнай і набалелай.

Нагадаем: летась у вёсцы была ўведзена ў эксплуатацыю станцыя па абезжалезванні вады. Але запольцы нядоўга радаваліся, літаральна праз некалькі тыдняў вода зноў перафарбавалася ў колер яблычнага соку. Прадстаўнікі філіяла «Магілёўскі вадаканал» прызналі сваю памылку, некалькі разоў праводзілі рамонтныя работы, абяцалі да пачатку мая выправіць сітуацыю. Але ўжо прайшла палова лета, а якасць вады не асабліва палепшылася.

– Чыстую ваду мы бачылі самае большае – тыдзень, – звярнуліся да Андрэя Саланінкі адразу некалькі жыхарак Заполля. – Ужо нам і вадаправод прамылі, і фільтравальныя элемены на станцыі абезжалезвання замянілі, але лепшай вада не стала. І жалеза, згодна аналізу санстанцыі, у ёй утрымліваецца ў шмат разоў вышэй за норму. 

Для пацвярджэння сваіх слоў адна з жанчын, Лілія ЛІПАЙ, прадэманстравала слоік з вадой брудна-жоўтага колеру, якую набрала пару хвілін таму са сваёй калонкі.

Таксама жанчыны паскардзіліся, што ім налічваюць неверагодную колькасць кубаметраў скарыстанай вады.

– Вада ў дом не праведзена, бярэм толькі з калонкі, але за апошні месяц мне налічылі ажно 12 м³ патрачанай вады, – сказала пенсіянерка Валянціна БЕКМАНСУРАВА. – Нават калі ўлічыць спякотнае лета, паліў агародаў, то я проста фізічна не магу выбраць з калонкі столькі вады. Тым больш, агарод у мяне невялікі, дапаможную гаспадарку не трымаю. Так, за брудную ваду нам зрабілі зніжку 15 %, але праблема не ў кошце, а ў адэкватным падыходзе да нашых патрэб. Я ж не паліваю дрэвы на вуліцы!

Андрэй Аляксандравіч патлумачыў жанчынам, што справа з забеспячэннем жыхароў вёскі чыстай пітной вадой знаходзіцца на кантролі ў аблвыканкаме. А значыць, работа па выпраўленні памылак прадоўжыцца. Што тычыцца вялікіх «жыровак» і парадку налічэння расходаванай вады, вяскоўцам таксама будуць дадзены тлумачэнні і, калі знойдзецца магчымы шлях вырашэння сітуацыі, яго абавязкова прыменяць.

Жанчыны таксама ўзнялі пытанне слабага пакрыцця іх мясцовасці сотавай сувяззю. Летам у вёскі Запольскага сельсавета прыязджае шмат дачнікаў, многія жывуць цэлы сезон, багатыя ягадныя і грыбныя месцы прыцягваюць шмат наведвальнікаў лясоў. Але каб пагаварыць па мабільніку, трэба яшчэ знайсці месца з устойлівым сігналам. А ці мала які важны званок трэба зрабіць, тую ж хуткую дапамогу выклікаць?

Яшчэ адна жыхарка Заполля звярнулася да старшыні райсавета дэпутатаў з просьбай пасадзейнічаць з дастаўкай дроў. Гэту паслугу выконваюць у Кіраўскім лясніцтве. А вось з іх дастаўкай перыядычна ўзнікаюць цяжкасці, бо тэхніка не заўсёды бывае свабоднай.

Па словах старшыні Запольскага сельсавета Святланы ВАЛЧКОВАЙ, на чарзе на атрыманне дроў стаіць некалькі дзясяткаў чалавек, і яны дастаўляюцца вяскоўцам неперыядычна, хоць па кошце іх і якасці пытанняў не ўзнікае.

На прыём завітала і жыхарка Дручан, якая прасіла дапамагчы вырашыць жыллёвае пытанне. Яна адпрацавала больш за 20 гадоў у тадышнім саўгасе «Падзевічы», а зараз робіць у школе. Муж часова не працуе, бо, па словах жанчыны, даглядае дапаможную гаспадарку. У сям’і гадуецца дзіця малодшага школьнага ўзросту, якому таксама складана дабірацца да школы. У Заполлі ёсць свабоднае жыллё, але яго выдзяляюць толькі тым сем’ям, у якіх хоць адзін чалавек працуе ў ААТ «Новая Друць».

Андрэй Саланінка спытаў жанчыну, ці зможа яе муж працаўладкавацца ў гаспадарцы, тады пытанне з атрыманнем жылля будзе лягчэй вырашыць.

Падчас прыёму было закранута і яшчэ адно набалелае пытанне жыхароў Заполля – дарогі. За іх утрыманне адказваюць працаўнікі ДРБУ-170. Хоць месцамі на дарозе быў пакладзены новы асфальт, паміж Баханямі і Заполлем не ўсе ямы былі засыпаны, а тыя, што рамантавалася, зноў выбілі коламі вялікагрузныя машыны: лесавозы і сельгастэхніка. Нядаўна грэйдар «падправіў» дарогу каля вёскі Макаўка, а па факце толькі ўзрушыў яе яшчэ больш. Дастаткова добрага дажджу і да вёскі не будзе як дабрацца.

Андрэй Аляксандравіч паабяцаў, што і гэта пытанне не застанецца без увагі. Дарэчы, пасля заканчэння прыёму ён і сам наведаў Макаўку.

– Сапраўды, дарога ў вёсцы пакідае жадаць лепшага, – рэзюмаваў у гутарцы з карэспандэнтам раённай газеты Андрэй Саланінка. – На жаль, большасць пытанняў у вяскоўцаў узнікла ў выніку чалавечай абыякавасці – недарабілі, недагледзелі, не ўніклі… І гэта спараджае ў людзей негатыў, недавер да ўлады, адчуванне, што раз яны жывуць у глыбінцы, то нікому не патрэбныя. Насамрэч гэта не так. Усе пытанні, што вяскоўцы задавалі падчас прыёму, узяты на кантроль, без адказу яны не застануцца.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара і з архіва райсавета дэпутатаў.

Последние новости

Новости района

В Белыничском районе проходит единый день информирования

19 июня 2025
Читать новость
Новости Беларуси

Министр образования сказал, что каждый родитель может сам выбирать место покупки элементов школьной формы

19 июня 2025
Читать новость
Новости Беларуси

Белстат начал подготовку к проведению следующей переписи населения

19 июня 2025
Читать новость
Год благоустройства

В Белыничском районе активно продолжаются работы по капремонту жилфонда

19 июня 2025
Читать новость
Общество

Особенности заполнения справки о том, что гражданин является обучающимся,  при обращении за пособием

19 июня 2025
Читать новость
Новости района

Семья из аг.Техтин представляет Белыничский район на областном отборочном туре «Властелин села»

18 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем