Темы

На каго палюе егер?

На каго палюе егер?

Аб многіх прафесіях мы ведаем па кадрах з кінастужак ці неадназначнай інфармацыі з інтэрнэта. А як яно на самай справе – застаецца толькі здагадвацца.

Мне пашчасціла на некалькі гадзін далучыцца да адной з самых малавядомых, але, між тым, вельмі цікавых прафесій – егера. Дапамог у гэтай справе працаўнік ДЛГУ «Бялыніцкі лясгас» Яўген ЯЦКОЎ. Пачынаў ён свой працоўны шлях у лесагаспадарчай установе з юрыста, але яшчэ дзіцячае захапленне прыродай і жаданне працаваць непасрэдна ў лесе – перамагло.

Ад яго даведалася, колькі (прыблізна) дзікай жывёлы насяляе наш раён, на каго можна паляваць, а таксама, што такое – паляўнічы трафей і чым ён адрозніваецца ад звычайнай здабычы аматараў палявання.

Заснежанай раніцай мы імчым на службовай «Ніве» на кармавую пляцоўку для дзікай жывёлы, абсталяваную ў лесе непадалёк ад вёскі Мокравічы. Егерскі абход у Яўгена Фёдаравіча вялікі – каля 30 тысяч га лесу. На ім размешчаны 5 пунктаў, дзе жывёла можа падкарміцца. Снежнай зімой ласям, аленям і казулям асабліва цяжка знайсці корм, яны нават абгрызаюць кару з дрэў. Таму ў лясгасе запасаюцца зернасумесямі і соллю, каб ім было не так галодна перажыць перыяд бяскорміцы. Раз у два дні егер робіць аб’езд «сталовак» і падсыпае зерне. Час ад часу ў яго дадаюць
антыгельмінтныя прэпараты, для прафілактыкі.

У лютым таксама вядзецца ўлік дзікай жывёлы, выяўляюцца слабыя і хворыя асобіны, якіх чакае выбракоўка, таксама плануецца «паляўнічы» ліміт на бягучы год. У маі пачынаецца сезон палявання, таму загадзя трэба ведаць, колькі дзічыны можна адстрэліць, каб не пашкодзіць яе папуляцыі. Паляванне, па словах Яўгена Яцкова, прыносіць адчувальны даход лясгасу. Сёлета, у сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй замежныя аматары палявання не прыязджалі, затое шмат было беларусаў. Многія паляўнічыя маюць даволі меркантыльныя мэты: нават з улікам аплаты ўсіх дазволаў і пуцёвак мяса здабытага лася, аленя ці казулі – вельмі каштоўны спажыўны прадукт. У выпадку ўдалага палявання яно абыходзіцца танней, чым звычайная свініна ці ялавічына.

Паляўнічы трафей – гэта па-майстэрску здабытая жывёліна, з якой, звычайна, робяць чучалы для ўпрыгажэння інтэр’ераў.

Усю гэту інфармацыю Яўген Яцкоў распавёў, пакуль мы дабіраліся да звярынай «сталоўкі». Нарэшце наперадзе паказалася паляна і некалькі будынкаў на ёй. Егер толькі глянуў на снег навокал і па слядах вызначыў, хто наведваў сёння ноччу месца падкормкі. Днём дзікая жывёла выходзіць не часта, у непагадзь яна адседжваецца ў гушчарах і ельніку.

Побач з кармавым сталом заўважыла невялікі домік, як у казцы, на «курыных лапках». Мой праважаты патлумачыў, што гэта пункт назірання за дзікай жывёлай. У ім могуць размясціцца і паляўнічыя.

– Я ўжо не страляю ў жывёлу, адышоў ад гэтага, – гаворыць егер. – Самая актуальная зброя для мяне зараз – тэлефон з фотакамерай. На адной са звярыных «сталовак» устанавіў фотапастку. Усё гэта робіцца для таго, каб не дапусціць выпадкаў браканьерства. А яны, на жаль, здараюцца. Таксама ў лясы прыязджае шмат аматараў завалодаць рагамі дзікай жывёлы, калі тыя пачынаюць іх скідаць. Лес – гэта не парк, і паводзіць сябе там трэба адпаведна, кіруючыся самым галоўным правілам: не нашкодзь!

– Дык, а драпежнікі, – пытаюся,– няўжо і яны вольна ходзяць па лесе?

– Самыя распаўсюджаныя драпежнікі ў нашых лясах – лісы і ваўкі, ну, яшчэ рысь, але яна занесена ў Чырвоную кнігу, паляванне на яе забаронена, – тлумачыць егер. – На ваўкоў, дарэчы, паляванне вядзецца амаль круглагадова, яны з’яўляюцца непажаданым відам. Апошнім часам у нашых лясах рэзка знізілася і папуляцыя дзікоў. Іх адстрэльваюць у сувязі з распаўсюджваннем афрыканскай чумы свіней. Мяса ўсіх дзікоў заражанае, ужываць яго ні ў якім выпадку нельга.

За размовай Яўген Фёдаравіч паказвае фотаздымкі дзікіх прадстаўнікоў фаўны, якія водзяцца ў нашых лясах.

– Былі тут і мядзведзіца з мядзведзяня, прыходзілі да нас ажно з Крупскага раёна, – распавядае Яўген Яцкоў. – І зубр наведваўся. Той самы, якога летась бачылі жыхары нашага раёна. Хутчэй за ўсё, ён прыйшоў да нас з-пад Асіповічаў. Але зубры – статкавая жывёла, па адным, звычайна, не рухаюцца. Магчыма, ён быў хворы ці стары, калі яго прагналі са статка.

У егерскім абходзе Яўгена Яцкова знаходзяцца каля 150 галоў казуль і столькі ж аленяў, пад 80 асобін ласёў. Усе яны, хоць і дзікія, патрабуюць увагі.

– Працу егера часта параўноўваю з пакліканнем, – з усмешкай гаворыць Яўген Фёдаравіч. – З калег, якія працуюць у нашым лясгасе, напэўна, не знайду выпадковых людзей. Усе мы не лічымся з уласным часам, калі трэба, у лесе можам прападаць, як кажуць, 24/7. Блізкія з разуменнем адносяцца да нюансаў маёй працы, і гэта падбадзёрвае. Любімы занятак і падтрымка, а што больш патрэбна для шчасця?

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота аўтара.
 

Последние новости

Новости района

Заветные аттестаты, медали, улыбки, яркие наряды – в Белыничах прошел школьный выпускной

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Профсоюз поблагодарил аграриев за ответственный труд

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Генпрокурор Андрей Швед наградил коллектив “Зары над Друццю” за лучшее освещение в СМИ деятельности прокуратуры

13 июня 2025
Читать новость
РОЧС информирует

Белыничский РОЧС напоминает о правилах поведения во время грозы

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

В Белыничах прошла отчётно-выборная конференция районной организации РОО «Белая Русь»

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Медицинских работников чествовали в Белыничской ЦРБ

12 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем