Темы

Наша школа, наша гордасць

Наша школа, наша гордасць

Бадай, для ўсіх вядомых беларускіх футбалістаў дарога ў вялікі спорт пачалася ў іх родных паселішчах. І нашы Бялынічы сталі своеасаблівай стартавай пляцоўкай у спартыўнай кар’еры Аляксандра Паўлава, Паўла Пласконнага, Дзмітрыя Парфёнава, Аляксандра Сялявы, Антона і Юрыя Кавалёвых, Аляксандра Клешчанка… Рэдакцыя газеты «Зара над Друццю» прапаноўвае чытачу цыкл матэрыялаў аб прафесійных бялыніцкіх футбалістах.

Адразу ж прызнаюся ў тым, што я не вялікі аматар спорту. Але аднойчы ўсё ж такі адчуў тое ўражанне і тое ўзрушэнне, якое, лічу, перажываюць усе сапраўдныя заўзятары спартыўных баталій.

Здарылася гэта, здаецца, восенню 2012 года. Тады акурат падвучваўся на журналісцкіх курсах і жыў у былым інтэрнаце таксама ўжо былой партшколы ЦК КПБ, што і па сёння месціцца на сталічнайвуліцы К. Маркса. Выйшаў надвячоркам пакурыць на ганак, і раптам пачуў з боку стадыёна «Дынама» шматтысячны несціханы роў, які, узвіўшыся ў пахмурнае неба, здаецца, дакаціўся і да «Камароўкі», і да станцыі метро «Магілёўская», і да Кунцаўшчыны… Пастаяў хвілін з дваццаць, падзівіўся такому моцнаму і дружнаму голасу, які за гэты час паўтарыўся яшчэ некалькі разоў, і падаўся ў свой пакойчык. Хоць, прызнаюся, тады хацелася пабегчы на стадыён, бо адчуў, што там адбываецца цікавы паядынак.
Можа, праз гадзіну ў пакой завітаў яшчэ адзін пастаялец і мой часовы сусед, таксама слухач нейкіх курсаў, з якім ужо пазнаёміліся, Пятро – намеснік начальніка аднаго з Брэсцкіх РАНС.

– Слухай, – моцна ўзбуджаны, ён проста з парога звярнуўся да мяне, – А твой зямляк – вялікі, проста геніяльны футбаліст! Паўлаў! Аляксандр! Такі цудоўны гол на 23 мінуце закаціў у вароты «Баварыі»! Лічы, адкрыў ім барысаўчанам шлях да перамогі! Парадаваў усіх балельшчыкаў!

Сашу Паўлава я ведаў яшчэ з таго часу, калі ён хадзіў у дзіцячы садок, бо выхоўваўся ў адной групе з маім сынам. Ведаў, што Аляксандр яшчэ са школьных гадоў звязаў свой лёс з прафесійным футболам.

Экспрэсія Пятра, яго падрабязны эмацыйны аповед пра класную гульню барысаўскага «БАТЭ» са знакамітай мюнхенскай «Баварыяй» тады нечакана перадаліся і мне самому. Ды так, што колькі часу і сам потым па тэлевізары ўважліва сачыў за гульнёй і поспехамі знакамітага земляка. Вельмі радаваўся, калі паўабаронца надзвычай папулярнага ў той час, ці як бы цяпер сказалі – топавага, футбольнага клуба «БАТЭ» Аляксандр Паўлаў вызначыўся і ў гульнях з іспанскай «Барселонай», і ў перамозе над «Шерифом», пасля якой ён, аўтар пераможнага голу, заявіў, што забіў свой самы важны гол ва ўласнай кар’еры ў складзе «БАТЭ».

Што ж, наш зямляк быў вядомы сваім зайздросным уменнем забіць самы важны гол матчу, які адкрываў камандзе дзверы ў еўрапейскі футбол.

Аляксандр нарадзіўся ў Бялынічах у 1984 годзе. Калі ў яго, ужо майстра спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа, шасціразовага чэмпіёна краіны, чатырохразовага ўладальніка Суперкубка і аднаразовага Кубка рэспублікі, тройчы ўключанага ў лік 22 лепшых футбалістаў Беларусі, лепшага паўабаронцы і гульца нацыянальнага першынства, запыталі, кім ён марыў стаць у дзяцінстве, Аляксандр Валер’евіч адказаў так:

– З таго моманту, як сябе помню, – футбалістам!

Вядома, што калі моцна марыць, то мара твая абавязкова збудзецца, бо думкі і словы маюць уласцівасць матэрыялізоўвацца. Аляксандр Паўлаў першыя крокі да ажыццяўлення ўласнай мары зрабіў у Бялыніцкай ДЮСШ пад кіраўніцтвам свайго першага трэнера і настаўніка Сяргея Зайкоўскага. Затым адточваў, шліфаваў уласнае майстэрства, набытае падчас вучобы, у Магілёўскім ФК «Днепр». У гэты ж самы перыяд гуляў за маладзёжныя зборныя Беларусі розных узростаў, а таксама і ў складзе нацыянальнай зборнай каманды футбалістаў.

У спартыўнай і жыццёвай біяграфіі Аляксандра ёсць і такі цікавы ды вельмі паказальны факт: падчас таварыскага паядынку зборнай Беларусі са зборнай Аргенціны іх трэнер Аліфіо Басіле настолькі быў уражаны і крануты прафесіяналізмам Паўлава, што пасля матчу падарыў яму майку з аўтографамі зорак «бланкаселесці». Крыху пазней яе і ўласную футболку, у якой гуляў у тым самым паядынку, Аляксандр прадаў праз аўкцыён, а ўсе выручаныя грошы перадаў на дабрачынныя мэты.

Гуляючы ў складзе «Дняпра», на чэмпіянатах Беларусі Аляксандр праславіўся як лепшы арганізатар контратак.

У 2009 годзе ён перайшоў у ФК «БАТЭ» і, праявіўшы новыя грані свайго таленту, неўзабаве стаў адным з асноўных гульцоў, паспяхова выступаючы ў паўабароне на фланзе, у цэнтры поля і ў апорнай зоне.

У 2013 годзе прадэманстраваў высокі ўласны бамбардзірскі паказчык, забіўшы ў чэмпіянаце 10 галоў. Пры гэтым ён зусім нячаста з’яўляўся на футбольным полі ў асноўным складзе, а звычайна выходзіў на замену. У гэтым сезоне Аляксандр Паўлаў быў прызнаны найлепшым паўабаронцам чэмпіянату, а паводле сайта УЕФА – яшчэ і найлепшым іграком яго.

Выступленні выхаванца Бялыніцкай ДЮСШ пакінулі яркі і запамінальны след у слаўнай гісторыі ФК «БАТЭ». Дастаткова сказаць, што дзякуючы непасрэднаму ўдзелу Аляксандра Паўлава гэта дружына тройчы (2011, 2012, 2014 гады) выходзіла ў групавыя стадыі Лігі чэмпіёнаў, двойчы (2009 і 2010) – у асеннія Лігі Еўропы.

За сваю шасцігадовую футбольную кар’еру ў складзе «БАТЭ» Аляксандр Паўлаў правёў 212 матчаў, у якіх забіў 29 галоў і падаў 30 выніковых перадач. Нягледзячы на не такую ўжо і вялікую колькасць згуляных мінут паўабаронца здзіўляў сваёй выніковасцю. Напрыклад, за сезон 2013 года Аляксандр Паўлаў забіў 10 галоў, што стала другім паказчыкам у камандзе пасля форварда яе Віталя Радзіёнава, а па колькасці галявых перадач мяча ён аказаўся першым разам са знакамітым Аляксандрам Глебам – па сем пасаў.

На пачатку лютага 2015 года Аляксандр атрымаў прапанову ў якасці асноўнага іграка паўабароны каманды пагуляць за казахстанскі клуб «Акжэтпес», які вярнуўся ў футбольную Прэм’ер-лігу.

Гаворачы аб некаторых матывах свайго пераходу, ён тады сказаў:

– Вядома, мне нялёгка расставацца з камандай, у складзе якой правёў самы паспяховы адрэзак сваёй кар’еры. Гэтыя гады ўмясцілі ў сябе шмат знакавых падзей. Шэсць чэмпіёнстваў, Кубак, Суперкубкі краіны. Дзякуй «БАТЭ» за тое, што даў магчымасць згуляць з многімі топавымі замежнымі клубамі ў еўракубках…

Але зараз, лічу, настаў для мяне час штосьці змяніць у сваім жыцці. Я не маю легіянерскага досведу. Цікава паспрабаваць сябе ў іншым чэмпіянаце. Гэта стане для мяне новым выклікам, праверкай сіл.

У наступным годзе паўабаронцам Паўлавым зацікавіліся бабруйская «Белшына» і салігорскі «Шахцёр». Ён падпісаў на сезон кантракт з апошняй камандай, а потым перайшоў у родны «Днепр», дзе неўзабаве стаў капітанам каманды.

У студзені 2019 года Аляксандр Паўлаў завяршыў прафесійную кар’еру футбаліста і перайшоў на трэнерскую працу ў сталічны ФК «Энергетык-БДУ», які прадстаўляе Рэспубліканскі цэнтр алімпійскага рэзерву Белдзяржуніверсітэта і зараз выступае ў Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. З пачатку 2020 года Аляксандр працуе галоўным трэнерам дубліруючага складу гэтага клуба.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота аўтара і з інтэрнэт-крыніц 

Последние новости

Общество

Рассказывает эксперт. Взлом аккаунта – что делать?

17 июня 2025
Читать новость
Новости района

Заветные аттестаты, медали, улыбки, яркие наряды – в Белыничах прошел школьный выпускной

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Профсоюз поблагодарил аграриев за ответственный труд

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Генпрокурор Андрей Швед наградил коллектив “Зары над Друццю” за лучшее освещение в СМИ деятельности прокуратуры

13 июня 2025
Читать новость
РОЧС информирует

Белыничский РОЧС напоминает о правилах поведения во время грозы

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

В Белыничах прошла отчётно-выборная конференция районной организации РОО «Белая Русь»

13 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем