Вяртайцеся, лебедзі!

Мінулай восенню лебядзіная пара адлятала на зімоўку як бы цішком. Гаспадыня дома, які стаіць на пагорку каля Запольскага возера, 86-гадовая Кацярына Аляксандраўна КЛЕПЧА, у прыцемку выйшла з дому і накіравалася праз двор да лазні, як раптам пачула над галавой шум і глухое лапатанне вялікіх моцных крылаў. Падняла галаву: яе «малышыкі» (а так яна заўсёды называла сваіх птушыных суседзяў) абляцелі круг над сядзібай, над возерам і павярнулі ў напрамку поўдня. Праз некалькі секунд дзве светлыя плямкі растварыліся ў цёмнай сіні бяззорнага лістападаўскага неба.
Такі адлёт Кацярыне Аляксандраўне здаўся незвычайным. У папярэднія гады лебядзіныя пары, часам і чароды, паднімаліся ў неба завідна, рабілі тры кругі і тужліва крычалі – развітваліся з наседжанымі месцамі. Яна, вядома, прыкмеціла, што прылятаюць сюды вясной кожны раз новыя птушкі. Але адкуль жа ведаць пажылой жанчыне, што сакрэт незвычайна ціхага адлёту вельмі просты? Сёлета на возеры жылі «маўклівыя» лебедзі-шыпуны. З крыкамі развітваюцца з наседжанымі месцамі іх суродзічы – лебедзі з віду клікуноў.
Сяліцца ў цёплую пару года на Запольскім возеры лебедзі пачалі прыкладна гадоў 5-6 таму. Кацярына Аляксандраўна добра запомніла сваіх «першынцаў». На беласнежную пару, якая лунала над азёрнай роўняддзю, мясцовыя жыхары прыходзілі глядзець як на цуд. Настаўнікі прыводзілі групамі школьнікаў. Баба Каця адразу знайшла з новымі птушкамі-суседзямі агульную мову. Спусціцца да вады, павабіць хлебам. Больш ні ў кога не атрымлівалася выклікаць у лебедзяў такі давер, толькі бабульку і слухаліся. Здаралася, выйдзе яна з дому, зірне з гары, а на кладачцы ўжо сядзіць пара, чакае гасцінцаў. Потым самец і зусім асмялеў, пачаў на двор заходзіць. Стане насупраць ганка і глядзіць.
– Шкада мне яго, сардэчнага, было. Што, пытаю, самотны, блукаеш? А яго сяброўка ў гэты час, як аказалася, яйкі ў гняздзе выседжвала, – распавядае Кацярына Аляксандраўна, – сын Саша вынесе з дому хлеба, дасць яму. Той заглыне і бягом да вады – запіваць. Без вады ежа ў лебедзя камяком у горле захрасала. Нап’ецца і зноў па хлеб вяртаецца.
А што гэта быў менавіта самец, бабулька не сумнявалася. Адрозніць няцяжка: ён і буйнейшы за самку, і шыя ў яго мацнейшая. Дарэчы, лапка ў гэтай птушкі была акальцавана.
Дзевяць малых вывела пара. Такое гэта было задавальненне назіраць, як грацыёзнае сямейства плыве ў зацішнае надвор’е па воднай роўнядзі!
Але не толькі прыемныя ўспаміны ў жыхароў Заполля звязаныя з «кватаруючымі» ў цёплую пару года на іх возеры лебядзямі. Адбываліся часам падзеі і маркотныя, і нават трагічныя. Не адзін раз гінулі лебядзяняты – запутваліся ў расстаўленых у вадаёме сетках браканьераў. Аднойчы запуталася і сур’ёзна пашкодзіла крыло дарослая птушка. Здарылася гэта позняй восенню. Чарада тады паднялася ў неба, зрабіла развітальны круг і паляцела на зімоўку. Паранены лебедзь пераначаваў і раніцай вырашыў адправіцца ўслед за сваімі субратамі… пешшу! Злавілі крылатага «пешахода» ўжо на супрацьлеглым канцы вёскі, зачынілі ў хляве і выклікалі на дапамогу спецыялістаў. Зімаваць птушку адправілі ў Магілёўскі заасад.
А неяк прыбег у вёску ўстрывожаны рыбак. Лавіў ён рыбу на рачулцы, што ўпадае ў «лебядзінае» возера, забраўся ў зараснікі і знайшоў загінулага лебедзя. Паднялася мітусня, выказалі здагадку, што ў вёску «завітаў» птушыны грып. Прыехалі спецыялісты, каб забраць і вывезці цела мёртвай птушкі. Толькі зайшлі ў кусты, як чарада лебедзяў махам паднялася ўверх. І трэба ж – адзін лебедзь стукнуўся ў правады высакавольтнай лініі і тут жа ўпаў уніз мёртвы. Адразу ўсім стала зразумела, што птушыны грып тут зусім не пры чым.
Часам на возера прылятала адразу некалькі пар. І пачыналіся бойкі, нават пасярод аўтадарогі. Пер’е ва ўсе бакі ляцела! Ці тэрыторыю дзялілі, ці за самак змагаліся. Аўтамабілі спыняліся, людзі выходзілі і здымалі на тэлефоны неверагодныя карціны з жыцця птушак.
У бягучым годзе на возеры жылі таксама некалькі пар. Але птушкі ўладкавалі сваё сужыццё мірам, абышлося без разладаў. Праўда, і малых чамусьці не выводзілі.
Зараз Кацярына Аляксандраўна сумуе па сваіх «малышыках». Выйдзе часам на бераг, прысядзе ля вады, пажурыцца. І такія глыбокія эмоцыі на бабуліным твары адбіваюцца! Здаецца ў гэтыя хвіліны, што не ідзе ні ў якое параўнанне глыбіня яе смутку па адляцелых лебедзях з сумам Аленкі са знакамітай карціны Віктара Васняцова.
Але прыйдзе красавік, успыхнуць па праталінах блакітныя агеньчыкі падснежнікаў, растане лёд на возеры. І ў адзін з сонечных дзён пара лебедзяў на моцных беласнежных крылах прынясе ў Заполле новую вясну. Прылятайце хутчэй, «малышыкі»!
Лілія АПАРОВІЧ.
Фота аўтара.