Темы

Захаваць наш агульны дом для будучых пакаленняў

Захаваць наш агульны дом для будучых пакаленняў

З мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем мірнага суіснавання людзей і прыроды штогод 5 чэрвеня адзначаецца Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя, устаноўлены ААН. Берагчы прыроду – задача кожнага з нас. Але ёсць службы, для якіх рашэнне экалагічных праблем з’яўляецца сферай іх прафесійнай дзейнасці. У нашым раёне гэта інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якую ўзначальвае Юрый СІМАНАЎ. Напярэдадні чарговай «зялёнай» даты карэспандэнт райгазеты пагутарыла аб дзейнасці райінспекцыі.

– Юрый Пятровіч, раскажыце, калі ласка, чым займаюцца раённыя эколагі?

– Галоўнай задачай райінспекцыі ПРіАНА з’яўляецца вырашэнне пытанняў, звязаных з захаваннем і памнажэннем прыродных багаццяў на тэрыторыі нашага раёна. Гэта рацыянальнае выкарыстанне нетраў, водных рэсурсаў, захаванне драўнінна-хмызняковай расліннасці, глебы. Таксама адна з найважнейшых задач – кантроль за абарачэннем і выкарыстаннем цвёрдых бытавых адходаў і адходаў вытворчасці. У цэлым, мы садзейнічаем дзяржаўнаму кантролю за выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства. Райінспекцыя каардынуе дзейнасць усіх зацікаўленых структур у сферы забеспячэння экалагічнай бяспекі і аховы навакольнага асяроддзя, інфармуе аб стане і прымаемых мерах па яго ахове і аздараўленні. Мы наведваем арганізацыі, прадпрыемствы і сельсаветы раёна з праверкай экалагічнай сітуацыі, арганізуем рэйды па выяўленні парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства і праводзім тэматычныя акцыі.

– Якім чынам ажыццяўляецца кантроль за выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства?

– Калі гаварыць у лічбах, то за бягучы год інспекцыяй было праведзена 34 маніторынгі юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, 15 выбарачных праверак і 26 мерапрыемстваў тэхнічнага характару, па выніках якіх былі складзены і выдадзены адпаведныя рэкамендацыі аб ліквідацыі парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. А ўсяго ў ходзе ажыццяўлення кантрольнай дзейнасці складзена 19 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях з агульнай сумай штрафаў 8468 рублёў.

– Якія тыповыя парушэнні выяўляюцца ў вашай дзейнасці?

– Парушэнні сустракаюцца рознага характару. Асноўныя звязаны з невыкананнем правіл абыходжання з адходамі, забруджваннем водных аб’ектаў, земляў і лясоў. Незаконныя вырубкі, размяшчэнне адходаў у несанкцыянаваных месцах і засмечванне імі земляў ляснога фонду, зліў каналізацыйных адходаў на прылеглыя тэрыторыі, парушэнне парадку збору і нарыхтоўкі другарадных лясных рэсурсаў – гэтыя і шэраг іншых праблемных момантаў рэгулярна з’яўляюцца ў полі нашага зроку.

– Юрый Пятровіч, якія змены адбыліся за апошнія гады ў раёне ў плане навядзення парадку на зямлі, паляпшэння якасці пітной вады?

– Праведзена значная работа па арганізацыі вывазу бытавых адходаў у сельскіх населеных пунктах і заключэнні дамоў з насельніцтвам на аказанне паслуг па вывазе ад жылых дамоў цвёрдых бытавых адходаў. У сельскіх населеных пунктах устаноўлены кантэйнеры для смецця. Пэўныя зрухі адбыліся ў навядзенні парадку на могілках.

Хоць праблема несанкцыянаваных звалак цалкам не вырашана, колькасць іх значна зменшылася.

Праца па навядзенні парадку праведзена і на сельскагаспадарчых тэрыторыях і аб’ектах.

Вялікай экалагічнай бяды, напрыклад, атрымалася пазбегнуць дзякуючы сумесным намаганням нашай райінспекцыі і райвыканкама. У 1980-я гады ў раёне быў пабудаваны комплекс для БРЖ у аг. Галоўчын. Там прысутнічаў гідразмыў. Для захоўвання гною прадугледжваліся тры ямы, якія раней рэгулярна ачышчалі. Пазней гэтую арганіку не паспявалі вывезці і гной патрапіў у раку Вабіч. Кіраўніцтва раёна неаднаразова спрабавала вырашыць гэтую праблему. І толькі ў гэтым годзе за праблему ўзяліся ўшчыльную і на сённяшні дзень на тэрыторыі комплекса праводзіцца рэкультывацыя забруджанай мясцовасці. Гэта вельмі вялікі крок.

– Экалагічнае выхаванне і асвета – гэта таксама адзін з кірункаў прыродаахоўнай дзейнасці?

– Я б сказаў, адзін з галоўных. Бо аднымі забаронамі і пакараннямі праблему аховы навакольнага асяроддзя не вырашыць. Толькі калі кожны будзе лічыць сваім абавязкам зберагчы тое, што дадзена нам прыродай, прызнае і сябе адказным за будучыню нашай зямлі, мы зможам захаваць наш агульны дом для нашчадкаў.

– Юрый Пятровіч, з якім настроем сустракаеце прафесійнае свята і што хацелася б данесці да жыхароў нашага рэгіёну?

– Я лічу, што Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя – добрая нагода задумацца, чым кожны з нас можа дапамагчы прыродзе. Гэта падстава нагадаць насельніцтву, што ахова прыроды і рацыянальнае выкарыстанне яе рэсурсаў – адна з самых актуальных праблем сучаснасці. Магчыма, хто-небудзь пачне правільна сартаваць смецце, пасадзіць новае дрэва на месцы высечанага. Толькі сумеснымі сіламі мы можам зрабіць наш куточак зямлі чыстым і прыгожым.

Гутарыла Аліна ЦЫГАНІЙ.
Фота аўтара.
 

Последние новости

Новости района

Заветные аттестаты, медали, улыбки, яркие наряды – в Белыничах прошел школьный выпускной

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Профсоюз поблагодарил аграриев за ответственный труд

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Генпрокурор Андрей Швед наградил коллектив “Зары над Друццю” за лучшее освещение в СМИ деятельности прокуратуры

13 июня 2025
Читать новость
РОЧС информирует

Белыничский РОЧС напоминает о правилах поведения во время грозы

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

В Белыничах прошла отчётно-выборная конференция районной организации РОО «Белая Русь»

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Медицинских работников чествовали в Белыничской ЦРБ

12 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем