Темы

300 дзён на зямлі Афганістана

Шмат што ў нашай памяці сціраецца, але многае застаецца. Жыццёвыя падзеі, як хвалі, набягаюць адна на адну. І ўсё ж, ёсць такія моманты, якія мы захоўваем у сваёй памяці нягледзячы ні на што. Адной з такіх падзей для многіх нашых суайчыннікаў стала афганская вайна.

Боль страты таварышаў, страх і трывога не пакідалі юнакоў, якія рана сталі дарослымі ў далёкім Афганістане. А яны, яшчэ зусім-зусім юныя, апынуўшыся за межамі тады яшчэ вялікай Радзімы, з гонарам выконвалі свой воінскі інтэрнацыянальны абавязак.

Пасля заканчэння СШ № 2 Юрый ЛЫСКО паступіў у прафесійны ліцэй № 17. Адвучыўшыся, атрымаў павестку ў войска. У маі 1987 года яго прызвалі ў рады Савецкай Арміі.

Цягнікі “Масква – Ташкент”, “Ташкент – Душанбэ”. Адтуль даставілі яго да месца службы, у Пянж. Навабранцу давялося ахоўваць паўднёвыя рубяжы СССР. Маладога салдата адправілі ў Пянджскі пагранатрад. Тры месяцы правёў у навучальным цэнтры. Пасля шэсць месяцаў адвучыўся ў школе сяржанцкага складу ў Тэрмезе. Затым Юрыя адправілі ў дэсантна-штурмавую манеўраную групу 48-га пянжскага пагранатрада.

– Якімі былі вашы задачы, што першае ўспамінаецца аб службе?

– Нашай галоўнай функцыяй была абарона мяжы краіны з боку Афганістана. Былі пастаянныя баявыя вылеты. Перад першым пару дзён жылі каля верталётнай пляцоўкі ў палатках. Тады заспелі прылёт дэсантна-штурмавой групы. У іх былі страты: тры чалавекі загінулі і трое паранены. На першым баявым вылеце ў Афганістан, падвярнуў нагу. Пакуль наш атрад прачэсваў кішлак камандзір паставіў мне задачу: вартаваць палоннага да прыбыцця разведгрупы.

Затым пачалася звыклая служба на мяжы. Кантраляваць трэба было пагранічную паласу, у тым ліку і ўздоўж ракі Пяндж. Пазіцыі змянялі часта. Сапернік ведаў, што савецкія пагранічнікі могуць апынуцца ў самых нечаканых месцах. Душманы гэтага баяліся, але і расслабляцца не давалі.

– Як часта бывалі баявыя вылеты? Як доўга яны працягваліся?

– Рэгулярнасці не было. Маглі пару разоў за тыдзень вылецець, а бывала, што і два, тры разы за дзень. Яны доўжыліся ад некалькіх гадзін да некалькіх месяцаў. Аднойчы на такім вылеце сустрэўся з аднакласнікам Сяргеем ЦУМАРАВЫМ. Мы разам прызываліся на тэрміновую службу. У той час выводзілі нашы войскі з Афганістана. Яны рухаліся па патэнцыйна небяспечнай дарозе праз кішлак, была вялікая верагоднасць нападу на савецкія войскі. Мой атрад прыдалі мотаманеўранай групе    Сяргея на ўзмацненне.

– Цяжка было прызвычаіцца да спецыфічнага клімату той краіны?

– Пасля падрыхтоўкі ў навучальным цэнтры хутка прывыкаеш. Там асноўны ўпор рабілі на фізічную, агнявую і тактычную падрыхтоўкі. Маральна-псіхалагічнаму настрою таксама надавалася ўвага.

– Як ставіліся да вас мясцовыя жыхары?

– Дарослыя вялі сябе насцярожана, напружана. Але ярка выражанага негатыву не праяўлялі. Да нас часта падбягалі дзеці, яны ведалі слова “дай”. Мы ім давалі тушонку, галеты, згушчонку, цукар.

– Як складаліся міжнацыянальныя адносіны ў Савецкай Арміі? Ці была “дзедаўшчына”?

– Ніякіх праблем не было. Разам нармальна служылі беларусы, рускія, узбекі і іншыя. Да гэтага часу ёсць сябры ў постсавецкіх краінах. Ніякага ўплыву стараслужачых на маладых не было. Калі і праскоквалі мінімальныя моманты, дык і тое жартам. Ставіліся адзін да аднаго як да таварышаў.

– Ацаніце прафесіяналізм савецкіх салдат і афіцэраў.

– Узровень вельмі высокі. Я часта ўспамінаю маёра, у яго была мянушка “Нерпа”. Гэта выдатны камандзір, ён за салдата душу аддасць. Пастаянна і ўсюды першы. Радавыя і сяржанты таксама паказвалі сябе сапраўднымі, цвёрдымі салдатамі.

– Чым вы займаецеся цяпер?

– У мяне дружная сям’я. Працую ў ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас” майстрам пагрузачна-разгрузачных работ. На вайне я шмат чаму навучыўся, але пра тыя часы стараюся не ўзгадваць.

     Дзмітрый Ціханаў.

         Фота з архіва Юрыя Лыско.

Последние новости

Новости района

Заветные аттестаты, медали, улыбки, яркие наряды – в Белыничах прошел школьный выпускной

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Профсоюз поблагодарил аграриев за ответственный труд

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Генпрокурор Андрей Швед наградил коллектив “Зары над Друццю” за лучшее освещение в СМИ деятельности прокуратуры

13 июня 2025
Читать новость
РОЧС информирует

Белыничский РОЧС напоминает о правилах поведения во время грозы

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

В Белыничах прошла отчётно-выборная конференция районной организации РОО «Белая Русь»

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Медицинских работников чествовали в Белыничской ЦРБ

12 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем