Темы

Каранавірус і грып. Падвойная пагроза

Каранавірус і грып. Падвойная пагроза

Сёлетні сезон уздыму захворванняў на вострыя рэспіраторныя інфекцыі і грып будзе абцяжараны каранавіруснай інфекцыяй. Як знізіць рызыку заражэння вірусамі, якая карысць ад прышчэпак і якая сітуацыя з COVID-19 у раёне? Гаворым пра гэта з Анастасіяй КАЧАНАВАЙ, урачом-інфекцыяністам ЦРБ.

Калі чакаецца магчымы пік захворванняў на грып, вірусныя і рэспіраторныя інфекцыі?

– Часцей за ўсё ён прыпадае на канец студзеня – пачатак лютага, хоць бываў і ў сакавіку. На каранавірус, дарэчы, людзі хварэюць ужо зараз. Таму вельмі складана спрагназаваць, як будзе развівацца сітуацыя. Няма назіранняў у дынаміцы за тым, як паводзіць сябе каранавірусная інфекцыя. Адпаведна, ёсць асцярога, што на яе можа “накласціся” грып і мутаваць. Наступствы таксама прадбачыць складана. Інфекцыі гэтыя ў нечым падобныя, абедзве могуць даць сур’ёзныя ўскладненні, перш за ўсё на дыхальную і сардэчна-сасудзістую сістэмы, ныркі. І ўсё ж варта прызнаць, што каранавірус больш суровы.

– Які быў узровень захворвання ў раёне на ВРЗ у мінулым сезоне?

– Летась вострых рэспіраторных вірусных інфекцый зафіксавалі 210 выпадкаў, што лічыцца ў межах дапушчальнага. Магчыма, паўплывала тое, што ў нашым раёне было прышчэплена больш за 40% жыхароў. Насельніцтва стала больш дасвечаным па пытаннях вакцынацыі.

– Наколькі прышчэпка надзейная як абарона ад інфекцый і вірусаў?

– Вельмі надзейная, яе карысць складана пераацаніць. Нездарма сёння вучоныя ўсяго свету занятыя распрацоўкай вакцыны ад каранавіруса. Ёсць медыцынская статыстыка па грыпу, якая добра паказвае карысць прышчэпкі. У 2019 годзе вакцынацыя дазволіла прадухіліць у нашай краіне больш за 140 тысяч выпадкаў захворванняў, у тым ліку каля 17 тысяч – ва ўскладненай форме. У гэтым годзе мы распачалі вакцынацыю ад грыпу раней традыцыйных тэрмінаў у сувязі з неспрыяльнай эпідсітуацыяй па COVID-19. Пасля прышчэпкі павінен прайсці пэўны час – мінімум, два тыдні, каб у арганізме выпрацаваліся антыцелы, сфармаваўся ўстойлівы імунітэт супраць грыпу. Толькі пасля гэтага чалавек будзе гатовы сустрэць хваробу ў поўным узбраенні. Тое, што вакцына ад грыпу дапаможа не заразіцца COVID-19, нельга сцвярджаць. Але з усёй адказнасцю можна сказаць, што ў выпадку заражэння каранавірусам прышчэплены перанясе яго з найменшымі наступствамі. Таму што арганізм яго не будзе настолькі пашкоджаны, як у чалавека, хворага на грып. І, вядома ж, не трэба забываць аб магчымых сумных наступствах ад заражэння каранавіруснай інфекцыяй і грыпам адначасова.

– Якія вакцыны выкарыстоўваюцца ў гэтым сезоне?

– На дадзены момант у арсенале нашай медустановы расійская вакцына “Грыпол Плюс” і французская “Ваксігрып”. Абедзве яны эфектыўныя і прайшлі выпрабаванні ў Беларусі, некалькі сезонаў запар мы выкарыстоўваем іх у нашым раёне. Вакцынацыя праводзіцца ў ЦРБ і ў сельскай мясцовасці – у амбулаторыях. Прэпаратам “Грыпол Плюс” можна прышчапіцца бясплатна. “Ваксігрып” – толькі за грошы.

– У любога, нават самага лепшага ў свеце, прэпарата ёсць супрацьпаказанні. Каму ўсё ж нельга рабіць прышчэпкі?

– Вакцынацыя проціпаказаная тым, у каго ёсць алергічныя рэакцыі на курыны бялок і кампаненты прэпарата, а таксама на раней уведзеныя грыпозныя вакцыны. Нельга прышчапляцца пры вострых ліхаманкавых станах, абвастрэнні любой хранічнай хваробы (пасля абвастрэння або ў перыяд рэмісіі – дазваляецца). Таксама прышчэпку нельга рабіць пры цяжкіх вострых рэспіраторных вірусных і кішачных захворваннях. І цяжарным у першым трыместры. У любым выпадку вакцынацыя – гэта сур’ёзнае пытанне. І перш чым зрабіць прышчэпку, трэба абавязкова пракансультавацца з урачом.

– Актуальнай праблемай для нашага раёна і краіны ў цэлым застаецца распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі.

– Такая тэндэнцыя характэрная для ўсёй краіны. Але ўдакладню, што выпадкаў каранавіруса стала больш у верасні і кастрычніку ў параўнанні са жніўнем, пры гэтым, іх менш чым фіксавалася ў пачатку лета. За, скажам так, непрацяглы час перадышкі наша медустанова ўмацавалася ў пытаннях дапамогі пацыентам і аховы медперсаналу, што таксама вельмі важна. На дадзены момант праходзяць лячэнне амбулаторна 45% захварэлых на COVID-19, у іх лёгкае цячэнне хваробы. 55% – лечацца стацыянарна, у іх сярэдне-цяжкі стан. У рэанімацыі няма ніводнага чалавека з кавідам.

– Наколькі актуальныя цяпер часнок, цыбуля, лімон і іншыя натуральныя абаронцы ад сезонных хвароб, калі побач знаходзяцца грып і каранавірус?

– Калі няма ніякіх супрацьпаказанняў, абмежаванняў і індывідуальнай неперанасімасці, то ўсё гэта, безумоўна, карысна. Відавочная іх карысць для здаровага ладу жыцця ў цэлым. У перыяд абвастрэння эпідсітуацыі трэба аддаваць перавагу якаснаму харчаванню, выконваць водны баланс, варта арганізоўваць аптымальны рэжым бадзёрасці, сну і адпачынку, разумнай фізічнай нагрузкі, не забываць пра прагулкі на свежым паветры. Напярэдадні халоднага сезона (для распаўсюджвання вірусаў асабліва падыходзіць сырое, слотнае надвор’е) расслабляцца не варта.

Самае галоўнае, каб усе зразумелі: наша здароўе ў першую чаргу залежыць ад нас саміх, і мы самі павінны пра сябе паклапаціцца.

– Анастасія Віктараўна, на што вы хацелі б звярнуць увагу жыхароў раёна?

– Зараз людзі ўсё часцей сталі ігнараваць элементарныя меры абароны ад кавіднай інфекцыі, што выклікае занепакоенасць. У раёне ўведзены масачны рэжым, але насельніцтва пачало забываць пра ўласную бяспеку, многія не носяць маскі ў грамадскіх месцах. Як паказвае прыклад шэрагу замежных краін, каранавірус зноў ідзе ў наступленне. Цяпер проста неабходна максімальнае выкананне мер засцярогі ад віруса.

                        Дзмітрый ЦІХАНАЎ.

                        Фота аўтара.

 

Последние новости

Новости района

Заветные аттестаты, медали, улыбки, яркие наряды – в Белыничах прошел школьный выпускной

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Профсоюз поблагодарил аграриев за ответственный труд

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Генпрокурор Андрей Швед наградил коллектив “Зары над Друццю” за лучшее освещение в СМИ деятельности прокуратуры

13 июня 2025
Читать новость
РОЧС информирует

Белыничский РОЧС напоминает о правилах поведения во время грозы

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

В Белыничах прошла отчётно-выборная конференция районной организации РОО «Белая Русь»

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Медицинских работников чествовали в Белыничской ЦРБ

12 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем