Темы

Казку стварылі ўласнымі рукамі

Казку стварылі ўласнымі рукамі

Менавіта ў такім домiку маглі жыць Кай і Герда з казкі «Снежная каралева», падумалася аднойчы, калі ўпершыню праходзіла па вуліцы дачнага пасёлка Друць. Незвычайнай формы дом з дахам, апушчаным ледзь не да самай зямлі, адразу звярнуў на сябе ўвагу. Сапраўды, стваралася адчуванне, што знаходжуся ў казцы.

З гаспадыняй «казачнай» сядзібы Інай МАЛАЧКОВАЙ мы пазнаёміліся крыху пазней. Яе няўрымслівы і вельмі цікаўны шасцігадовы ўнук Цімафей забавіўся з маім сабакам, з якім мы спяшаліся на дызель-цягнік да Магілёва. Усе разам размясціліся ў вагоне побач. За гадзіну шляху разгаварыліся, абмяняліся тэлефонамі. А потым яна запрасіла да сябе ў госці – у казку, створаную з талентам і любоўю!

* * *

З чатырох садовых таварыстваў, размешчаных у раёне чыгуначнай станцыі Друць, аднайменны дачны пасёлак – асаблівы. Гаспадары іншых лецішчаў шчыруюць на сваіх сотках амаль без адпачынку, так павялося яшчэ з 1980-х гадоў. Сціплыя домікі губляюцца сярод суцэльных агародаў.

Тут жа – адна эстэтыка: газоны, клумбы, дэкаратыўныя млыны, лавачкі для адпачынку, садовыя вадаёмы, мудрагеліста пастрыжаныя зялёныя агароджы. Вядома, ёсць і градкі, але яны служаць хутчэй дапаўненнем, чым адметнасцю ўчасткаў. Лецішчы нібы сапернічаюць у конкурсе прыгажосці.

Зямля ў садовым таварыстве «Друць» выдзялялася супрацоўнікам тадышняга Магілёўскага машына-будаўнiчага інстытута (цяпер гэта Беларуска-Расійскі ўніверсітэт).

– Прафесары і дацэнты атрымлівалі неблагія заробкі, – нярэдка даводзілася чуць апраўданнi ад дачнікаў з суседніх пасёлкаў. – А маючы фінансы, можна і прыгажосць навесці!

Доля праўды ў гэтым ёсць. Аднак пасля экскурсіі па казачнай сядзібе сваёй новай знаёмай зразумела, што надаць арыгінальны стыль свайму жыллю і падворку можна і без вялікага фінансавага запасу.

Дзівосны сад

Улетку «казачны» дом літаральна патанае ў кветках: ніякіх традыцыйных дачных градак, толькі шыкоўныя кветнікі і разбіты побач пладовы сад.

Стройная зялёная туя на ўваходзе памятае, якiм быў гэты ўчастак амаль 30 гадоў таму. Кусты пляцiстых руж, белыя гартэнзіі  і сад з карлікавых пладовых дрэў, – усё гэта хутка састарэла і іх давялося выкарчаваць.

У галодныя 1990-я, калі за самымі неабходнымі прадуктамі харчавання ў гарадскіх магазінах выстройваліся чэргі, Іна з мужам стараліся не выкарыстоўваць свой участак пад агарод. Дый асабліва не было калі: праца адымала шмат часу, і дзецьмі трэба было займацца. На градках вырошчвалі толькі тое, што ішло на патрэбы сям’і, калі  прыязджалі на летні адпачынак.

Сёе-тое з гародніны і ягад зараз Іна вырошчвае ў сваё задавальненне на кавалачку зямлі, непадалёк. Каля дома – толькі кветкі, пладовыя дрэвы і акуратна пастрыжаны газон. Ёсць у яе і цікавінка: дрэва-сад. На ствол чырвонай рабіны яе муж Васiль уласнаручна прышчапіў галіны грушы і чатырох гатункаў яблынь. Вось ужо шмат гадоў запар кожную восень незвычайнае дрэва радуе гаспадароў сваімі пладамі.

Клумбы да позняй восені зіхацяць рознымі колерамі. Тут ужо не толькі просценькія кветкі і кусцікі, перасаджаныя з матчынага кветніка.

Парад фарбаў пачынаецца з ранняй вясны. Спачатку ўспыхваюць цюльпаны самых нечаканых афарбовак, апошнімі глыбокай восенню згасаюць шыкоўныя вяргіні і хрызантэмы.

Вечарамі іх сям’я адпачывае каля садовай сажалкі, у якой плёскаюцца жывыя рыбкі! Вадаём сваімі рукамі выкапаў сын Саша, яшчэ калi вучыўся ў 10-м класе.

Не дом – музей!

Мы п’ём гарбату ў доме за старадаўнім круглым сталом, адрэстаўраваным гаспадыняй у стылі дэкупаж. Калісьці знаёмыя абнаўлялі мэблю і збіраліся яго выкінуць. Іна пашкадавала непатрэбны ўжо прадмет і забрала яго да сябе. Дала новае жыццё ў такім жа стылі і старым драўляным крэслам, прывезеным з матчынай дачы. Сімпатычную канапку прынеслі суседзі, у іх доме яна таксама не ўпісвалася ў інтэр’ер. Знайшлі сабе месца бабуліны этажэрка і калаўрот, швейная машынка… У савецкі час набыць такую было сапраўднай удачай! Іна дагэтуль памятае, як маці каціла яе дадому амаль праз увесь Магілёў. Машынка знаходзіцца ў выдатным стане, і гаспадыня часам працуе за ёй.

– Мы з самага пачатку вырашылі, што ўнутранае ўбранне дачы павінна быць незвычайным, не такім, як у кватэры або ў большасці дамоў, – распавядае гаспадыня. – Спецыяльна сюды не куплялі нічога новага. Прывозілі рэчы, якiя выкарыстоўваліся раней, і давалі ім другое жыццё. Штосьці перайшло ў спадчыну або было кімсьці прынесена ці падорана.

Пакоі ў доме сапраўды нагадваюць этнаграфічны музей! На сцяне вісяць плеценыя з бяросты лапці, саламяны павук, на палічках – даўнія прасы, якімі карысталіся яшчэ нашы прабабулі. Ёсць нават цяжкі званок, адзін з тых, якія і па сёння вешаюць на шыі каровам у Аўстрыі.

У падобнай стылізацыі жылля, несумненна, адыграла ролю адукацыя гаспадыні – выкладчык гісторыі. Даўніна, народная творчасць блізкія ёй асабліва. Да гэтага часу Іна з цеплынёй успамінае студэнцкія паездкі на раскопкі з выдатным выкладчыкам, вядомым археолагам Вячаславам КАПЫЦІНЫМ.

Дом выключна экалагічны: цалкам з дрэва. Гаспадар прыдумаў і арыгінальныя люкі-антрэсолі ў сценах і столі замест шафаў. Дарэчы, ён і аўтар незвычайнага праекта дома. Ды i рабiў у iм усё сваiмi рукамi.

* * *

У запарушаным першым снегам садзе «казачны» домік становіцца яшчэ прыгажэй. У двары, каля зробленай клапатлівымі рукамі гаспадара кармушкі, скачуць сінічкі і верабейчыкі, дзяўбуць пакінутае для iх зерне. Здаецца, вось-вось па галінках старой туі прабяжыць з арэшкам у лапках рудая вавёрка!

Але ў доме да самай вясны нікога не будзе. На дзвярах яго вісіць велізарны старадаўні замок, а гаспадары праводзяць зімнія месяцы ў горадзе і з нецярпеннем чакаюць цёплых дзён.

Лілія АПАРОВІЧ,

няштатны карэспандэнт газеты «Зара над Друццю».

Фота аўтара.

 

Последние новости

Новости района

Заветные аттестаты, медали, улыбки, яркие наряды – в Белыничах прошел школьный выпускной

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Профсоюз поблагодарил аграриев за ответственный труд

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Генпрокурор Андрей Швед наградил коллектив “Зары над Друццю” за лучшее освещение в СМИ деятельности прокуратуры

13 июня 2025
Читать новость
РОЧС информирует

Белыничский РОЧС напоминает о правилах поведения во время грозы

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

В Белыничах прошла отчётно-выборная конференция районной организации РОО «Белая Русь»

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Медицинских работников чествовали в Белыничской ЦРБ

12 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем