Темы

Перажытае – не забытае

Перажытае – не забытае

88-гадовая жыхарка аграгарадка Цяхцін Марыя Андрэеўна ЦАБРОВА сустракае мяне са шчырай усмешкай. Прыемны твар, выбеленыя ўзростам, як бязважкія, валасы, квяцістая хустка. Прыгожых і рарытэтных галаўных убораў у яе шмат: штосці купляла сама, некаторыя прыслала старэйшая сястра, якая зараз жыве за мяжой. Але быў такі час, калі новая хустка была прадметам проста неўяўляемай раскошы.

Нарадзілася Марыя Андрэеўна ў суседняй з Цяхціном вёсцы Малінаўка ў 1934 годзе. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны запомніўся яркімі і, разам з тым, балючымі падзеямі. Яе тату, Андрэя РАМАНОВІЧА, забралі на фронт, маці засталася адна з пяццю дзеткамі. У небе раз-пораз з’яўляліся варожыя самалёты са свастыкай на борце і страчылі з кулямётаў па тых, хто не паспеў схавацца.
– Мы выкапалі зямлянку ў полі каля вёскі Прыбар, але я баялася туды заходзіць, – успа­мінае жанчына. – У навакольных лясах было шмат партызан. Адзін хлопец у вайсковай форме часта прыходзіў да нас увечары паесці. Хоць самі жылі голадна, мама таемна карміла яго і праводзіла назад. Нам ён падарыў алюмініевую лыжку, – тады гэта была вельмі каштоўная рэч. Імя партызана так і засталося невядомым, вайна навучыла нас маўчаць і шмат працаваць.
Аднойчы страшна схуднелы на парозе з’явіўся бацька сямейства. Ён распавёў, што ўцёк з нямецкага палону. Як толькі прыйшлі савецкія войскі, ён зноў адправіўся на фронт. Больш яго жывым не ўбачылі. Андрэй Рамановіч загінуў у баі і пахаваны ў Польшчы пад Беластокам. Толь­кі 37 гадоў адмерыў яму лёс. Не дачакаліся з вайны і татавага брата – Аляксандра Рамановіча, і мамінага – Васіля, і суседа Дзмітрыя Альшэўскага, і многіх-многіх аднавяскоўцаў.
У 1944 годзе Марыйцы споўнілася 10 гадоў і яе запісалі ў першы клас Прыбарскай пачатковай школы. Памятае, што настаўнік, які толькі прыйшоў з фронту, бо быў моцна паранены, запытаў, хто з дзяцей ведае на памяць вершы. Марыя падняла руку. Яе, маленькую, тонень­кую, як галінка, ад цяжкай працы і недаядання, паставілі на табурэтку і яна пачала чытаць:

Село с рассветом вышло из тумана,
Стоял суровый утренний мороз.
Схватили немцы девушку Татьяну
И потащили в хату на допрос.
Её пытали – слова не сказала,
Не выдала Татьяна партизан…


Усе слухалі моўчкі: вершы былі зусім не дзіцячыя. На твары настаўніка выступілі слёзы.
Хоць Марыйцы вельмі падабалася вучыцца, пахадзіла яна ў школу зусім мала – трэба было дапамагаць маці па гаспадарцы.
Аб Перамозе жыхары Малінаўкі даведаліся з лістовак, якія раскідваў з неба савецкі самалёт. Радасці не было межаў! Але пасляваеннае жыц­цё такім радасным не было. Жанчыны на сабе аралі зямлю, дзеці баранавалі, жалі жыта, самі абмалочвалі снапы. Не хапала адзення, солі, спечаныя з грубай мукі праснакі і хлеб пасыпалі салетрай – мінеральным удабрэннем.
Дзеці збіралі ў лесе ягады, якія насілі прадаваць у вёску Каліноўка. На атрыманыя грошы куплялі крупы, сахарын. Але і ў лесе было небяспечна – там вадзіліся ваўкі, якія нападалі на людзей. Хтосьці казаў, што гэта здзічэлыя нямецкія аўчаркі. Ва ўсялякім выпадку, у лес па адным не хадзілі.
Аднойчы Марыйчына маці прывезла з Бялынічаў 20 кілаграмаў фасолі. Дзякуючы ёй сям’я выратавалася ад голаду.
Марыя вырасла, выйшла замуж за цяхцінскага хлопца Васіля Цаброва, пражыла з ім у шлюбе доўгае і шчаслівае жыццё, разам выгадавалі сына.
Астатнія дзеці сям’і Рамановічаў таксама ўладкаваліся ў жыцці, але дагэтуль іх аб’ядноўвае штосьці большае, чым роднасныя сувязі – агульныя ўспаміны аб страшным часе, які яны перажылі ў дзяцінстве.
…Слухаючы расповед Марыі Андрэеўны, не перастаю здзіўляцца, як ёй удалося, нягле­дзячы на цяжкія выпрабаванні, не згубіць жыццёвыя сілы і дабрыню.
– Мяне гартавала вайна, а выжываць дапамагала праца, – адказвае, нібы прачытаўшы мае думкі, жанчына. – Дома, у саўгасе, на торфапрадпрыемстве заўсёды старалася праца­ваць шчыра, адказна. Зараз з’яўляюся апякункай сына, у яго інваліднасць. Дапамагае мне жыць глыбокая вера ў Бога, Яго нябесная падтрымка і заступніцтва. Маці была шчырай верніцай, мы ўсе, хто прыняў хрысціянскія каштоўнасці, пражылі доўгае і насычанае падзеямі жыццё.
Бабуля праводзіць мяне цёплай і шчырай усмешкай, а ўслед за ёй махае гронкамі чырвоных ягад куст каліны, што расце побач з маленькай яе хаткай. Хутка каліна апранецца ў прыгожы бела-зялёны ўбор, яркі, як раскошныя хусткі Марыі Андрэеўны.

Последние новости

Культура

Вывоз культурных ценностей из Могилевской области: важная информация для жителей

3 июня 2025
Читать новость
Новости района

Студотряды приступили к труду в Белыничском районе

3 июня 2025
Читать новость
Новости Беларуси

В Минске начинает работу крупнейшая агропромышленная выставка «Белагро-2025»

3 июня 2025
Читать новость
Новости Беларуси

В Беларуси изменили условия господдержки при строительстве и кредитовании жилья

2 июня 2025
Читать новость
РОЧС информирует

Мир начинается с детства.

2 июня 2025
Читать новость
Культура

Играй и пой, гармонь любимая! Традиционный праздник прошел в Белыничском районе

2 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем