Темы

Піражкі з… любоўю і ад усяго сэрца!

Піражкі з… любоўю  і ад усяго сэрца!

Настаўніца пачатковых класаў Цяхцінскага ВПК ДС СШ пішадзіўныя вершы, прываблівае дзяцей да народнай творчасці, праводзіць найцікавейшыя экскурсіі па школьным музеі. А яшчэ – пячэ вельмі смачныя піражкі з чароўнай начынкай. Калі ласка, знаёмцеся – Ірына ТРАЦЦЯКОВА.

Імправізаваную печ школьнага музея ў аграгарадку Цяхцін упрыгожваюць сімпатычныя лялькі-матанкі. Гераіня гэтага артыкула самастойна рабіла іх у лепшых беларускіх народных традыцыях. Нягледзячы на прывабны выгляд, назва гэтых лялечак гучыць жахліва – ліхаманкі (трасавіцы). Кожная з іх – Агнея, Лядзея, Карчэя і гэтак далей – адказвае за сваю хваробу. Але немачы яны ж не насылаюць хваробы на людзей, а наадварот – забіраюць сабе. Гэта лялькі-абярэгі! Ірына Максімаўна зрабіла іх яшчэ вясной, у першую хвалю пандэміі каранавіруса.

І не жарт гэта зусім, а народная мудрасць. Нашы продкі верылі ў магію абярэгаў, і маленькія лялькі з тканіны суправаджалі іх з самага нараджэння і на працягу ўсяго жыцця. Лялькамі-Манілкамі прываблівалі жаніхоў, з дапамогай Неразлучнікаў зберагалі вернасць паміж мужам і жонкай… Простая ісціна чалавечага жыцця – каб сям’я была моцнай, здаровай і шчаслівай. Гэта і спрабуе данесці да сваіх вучняў настаўніца, калі на канікулах у школьным лагеры яны садзяцца вакол стала і разам робяць лялечкі-абярэгі! Асновы моцных сямейных традыцый яна нясе дзецям і на занятках школьнага паэтычнага гуртка «Натхненне», якім кіруе. Менавіта гэтай ідэяй дыхае ўсё жыцце і творчасць жанчыны.

Сама Ірына Максімаўна жыве ў шчаслівым шлюбе ўжо больш за 30 гадоў. З мужам яна «дваццаць чатыры на сем» – разумейце: кругласутачна ўсе жыццё разам. Генадзь Іванавіч – таксама настаўнік, выкладае ў Цяхцінскай школе фізічную культуру. А дома… пячэ дзіўныя торты! І яшчэ майструе. Драўляныя альтанкі каля хаты, выразаныя з дрэва фігуркі, плеценыя вазы і кошыкі – усё гэта зроблена яго працавітымі рукамі.    

Пакуль Генадзь Іванавіч нешта майструе на двары, мы з Ірынай Максімаўнай сядзім на яе ўтульнай кухні і п’ём гарбату. І такі водар навокал разносіцца: на пліце смажацца піражкі.

– Гэта вельмі просты і хуткі рэцэпт, – дзеліцца вопытам гаспадыня. – Амаль сорак хвілін – і пачастунак гатовы! – Начынка самая звычайная – джэм з яблыкаў са свайго саду.

Атрымліваецца так смачна, што адразу адчуваеш – яблыкі асаблівыя, вырашчаныя з вялікай любоўю! Ды і ў гатаванне піражкоў укладзена душа.

І менавіта так – ад усяго сэрца – Ірына Траццякова робіць у сваім жыцці ўсе: вучыць дзяцей, піша вершы, збірае матэрыялы для школьнага музея і праводзіць экскурcіі.

Асабіста мяне вельмі ўзрушыла дзівосная вершаваная легенда аб паходжанні назвы Цяхцін, складзеная ёй самой. Паэтычнае бачанне аўтара – трагічная гісторыя прыгожай маці-вядзьмаркі і яе загінулага ў рацэ малога сыночка… Кранае да слёз!

У хатніх архівах Ірыны Максімаўны ёсць сшытак, у якім яна запісвае запамінальныя гісторыі, што здараліся з яе маленькімі вучнямі. Ёсць сярод іх вельмі забаўныя.

Напрыклад, у дзіця пытаюцца: «Што такое падковы, як ты разумееш?»

– Тапкі для каня! – адказвае ён.

– Як ты лічыш, што ядуць мядзведзі ўзімку?

– Дык свае лапы і ядуць!

Вучні любяць сваю першую настаўніцу! Калі мы ішлі з ёй па вуліцы, сустрэлі па дарозе малых, якія не проста павіталіся з педагогам, а, усміхаючыся, пляскалі сваімі маленькімі далонькамі аб яе далонь.

Вядома, давер у дзіця зарабіць няпроста. Тут і несумненны педагагічны талент, і вопыт, перададзены папярэднімі пакаленнямі. На абодвух з мужам у іх – амаль 400 гадоў настаўніцкай дынастыі!

Захавальніцы сямейных каштоўнасцей ёсць чым ганарыцца:

– Па маёй лініі ў пачатковых класах выкладалі і маці, і цёткі. Тры родныя сястры таксама пайшлі па педагагічным шляху. Дзед майго мужа вёў фізічную культуру. Наш старэйшы сын таксама скончыў фізкультурны факультэт МДУ імя А.А. Куляшова. Малодшы  выкладае камп’ютарныя тэхналогіі ў адной са сталічных устаноў вышэйшай адукацыі.

А яшчэ яе гордасць і нават сямейны абярэг – невялічкі старажытны Псалтыр, па якім бяссоннымі начамі ў келлі маліўся продак Ірыны Максімаўны –  Фёдар КОЗЫРАЎ, паслушнік Бялыніцкага манастыра. На пажоўклых старонках нават засталіся яго памяткі-разважанні пра Бога і сэнс жыцця.

Прызнацца, нагодай для знаёмства з гаспадыняй стала яе перамога ў абласным конкурсе аўтарскай песні «Я – часцінка радзімы маёй». Песня «Прывітанне, мой край!» на словы Ірыны Траццяковай і аўтара музыкі і выканаўцы бялынічаніна Юрыя ДЗЕРАВЯШКІНА прагучала са сцэны падчас правядзення XXVII Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах, захапіла слухачоў сваёй чысцінёй і глыбінёй.

Дарэчы, беларускую мову Ірына Максімаўна лічыць сваім натхненнем, менавіта на ёй і складае вершы.

На двары ўжо вечар, размову трэба заканчваць. А піражкоў засталося яшчэ шмат. На жаль, нельга пачаставаць імі кожнага, хто чытае гэты матэрыял.

Але вы можаце самастойна іх прыгатаваць па фірменным рэцэпце ад Ірыны Траццяковай.

Вам спатрэбяцца наступныя інгрэдыенты:

1/3 пачака дрожджаў,

1 ч. л. солі,

2 ч. л. цукру,

2 шклянкі вады.

Замясіце цеста. Мукі дабаўце столькі, каб цеста адліпала ад рук.

Перад тым, як ляпіць піражкі, дайце цесту пастаяць з паўгадзіны.

Ну і галоўны сакрэт: рабіце (і не толькі піражкі, а ўсё, за што бярэцеся) з любоўю і ад усяго сэрца!

Последние новости

Новости района

Заветные аттестаты, медали, улыбки, яркие наряды – в Белыничах прошел школьный выпускной

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Профсоюз поблагодарил аграриев за ответственный труд

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Генпрокурор Андрей Швед наградил коллектив “Зары над Друццю” за лучшее освещение в СМИ деятельности прокуратуры

13 июня 2025
Читать новость
РОЧС информирует

Белыничский РОЧС напоминает о правилах поведения во время грозы

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

В Белыничах прошла отчётно-выборная конференция районной организации РОО «Белая Русь»

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Медицинских работников чествовали в Белыничской ЦРБ

12 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем