Темы

Працуюць для нашага камфорту

Працуюць для нашага камфорту

 

У самы змрочны час года, калі позна світае, рана цямнее і нават днём даводзіцца карыстацца электрычнасцю для асвятлення памяшканняў, сваё прафесійнае свята адзначылі тыя, хто дорыць нам святло, – энергетыкі. Менавіта цяпер, як ніколі, прыгожа на вуліцах горада і вёсак: сотнямі рознакаляровых лямпачак зіхацяць упрыгожаныя ёлкі і навагоднія ілюмінацыі ў вокнах дамоў, кватэр, арганізацый, казачна пераліваюцца электрагірлянды.

Настрой у энергетыкаў раёна святочны і адначасова засяроджана-дзелавіты: трэба быць нагатове, каб непаладкі ў энергасістэме не азмрочылі людзям навагоднія і калядныя святы. Аб буднях людзей, якія ў сілу сваёй прафесіі забяспечваюць насельніцтву раёна жыццёвы камфорт, карэспандэнт раённай газеты пагутарыў з начальнікам Бялыніцкага раёна электрычных сетак Сяргеем МАРДАЧОВЫМ.

–  З энергетыкай Вы звязаны амаль усё жыццё, так?

– Сваю працоўную дзейнасць у РЭСе пачаў з 18 гадоў. Першапачаткова быў электраманцёрам выязной брыгады, пасля пабываў на розных пасадах, азнаёміўся з усімі тонкасцямі прафесіі. З 2015 года прызначаны начальнікам РЭС.

– Якія задачы Вашым работнікам прыходзіцца выконваць штодзень?

– Асноўныя – гэта капітальны рамонт паветраных ліній электраперадачы і трансфарматарных падстанцый, выкананне плана па барацьбе са стратамі электраэнергіі ў электрычных сетках. Гэта і якаснае, бесперабойнае электразабеспячэнне спажыўцоў, захаванне жыцця і здароўя нашых работнікаў. Да нашай працы прад’яўляюцца павышаныя патрабаванні бяспекі. Акрамя электратраўматызму, існуюць разнастайныя рызыкі, звязаныя з працай грузапад’ёмных машын, работай на вышыні і многае іншае. А задача начальніка РЭС – арганізаваць складаны арганізм, якім з’яўляецца раён энергетычных сетак, для бесперабойнай і зладжанай працы.

– Прафесійнае свята энергетыкі адзначаюць напрыканцы снежня, калі ўжо бачныя вынікі вытворчай дзейнасці. Раскажыце, калі ласка, з якімі паказчыкамі падышоў калектыў раёна электрычных сетак да Дня энергетыка?

– Усе запланаваныя мерапрыемствы на 2020 год выкананы. Напрыклад, сіламі нашай арганізацыі ў раёне ў гэтым годзе быў зроблены капітальны рамонт ВЛ 0,4-10кВ працягласцю 111,1 км. У населеных пунктах цалкам заменены індукцыйныя і электронныя лічыльнікі на новыя аўтаматызаваныя сістэмы кантролю ўліку электраэнергіі, якія дазваляюць устанаўліваць час працы вулічнага асвятлення дыстанцыйна, з месца працы дыспетчара РЭС. Пабудаваны новыя электрычныя сеткі ў зоне жылых забудоў у населеных пунктах Карманоўка і Рафалава. У Бялынічах – на вуліцах Абаронная і Чапаева.

– Якія цяжкасці адчуваюць энергетыкі ў працы?

– Электраманцёры працуюць у асноўным на вуліцы і ў паходна-палявых умовах. Іх праца ўскладняецца, перш за ўсё, прыроднымі фактарамі, неспрыяльныя ўмовы надвор’я – пастаянныя спадарожнікі электрыкаў. Ва ўмовах непагадзі ва ўсіх нас працы прыкметна дадаецца, паколькі ліквідаваць аварыі і паломкі трэба ў самыя кароткія тэрміны. У такія моманты ў ліквідацыю аварый уключаюцца ўсе работнікі. Людзям патрэбна святло ў любое надвор’е і ў любы час дня і ночы.

– У такіх умовах, відавочна, варта лішні раз нагадаць работнікам выязных брыгад аб неабходнасці строга выконваць патрабаванні аховы працы.

– Ахове працы ў нас пастаянна надаецца вялікая ўвага. Персанал на 100% забяспечаны звычайнай і ахоўнай спецвопраткай, сродкамі абароны. У нас існуе такое паняцце, як калектыўная адказнасць за бяспеку: пры выкананні работ усе члены брыгады павінны назіраць адзін за адным. Людзі прыходзяць на працу са сваімі праблемамі, перажываннямі, у розным душэўным стане. А працаваць ім даводзіцца на дзеючых электраўстаноўках. Важна своечасова заўважыць дрэнны настрой таварыша па брыгадзе, адчуць яго перажыванні, якія могуць адмоўна адбіцца на канцэнтрацыі ўвагі. Ток смяротна небяспечны: ён не бачны, не мае паху. Толькі строгае захаванне працоўнай дысцыпліны можа зберагчы чалавека нашай прафесіі ад няшчасця.

– У Вашай дзейнасці, як і ў любой іншай, усё вырашаюць людзі. Што можна сказаць аб кадрах энергетыкаў?

– У Бялыніцкім раёне электрасетак працуюць 68 чалавек. Гэта ўсе дастойныя і адказныя спецыялісты. Разумею, што падчас прафесійнага свята прынята адзначаць лепшых працаўнікоў калектыву. Але вылучыць кагосьці вельмі складана, усе – прафесіяналы сваёй справы. Нават калі чалавек скончыў універсітэт або каледж, калі ўжо мае вопыт, уладкоўваючыся на работу ў РЭС, ён абавязкова праходзіць адмысловую перападрыхтоўку. У нашай арганізацыі свая спецыфіка і патрабаванні.

Хацеў бы спыніцца на работніках, якія цяпер на пенсіі, некаторыя з іх маюць ганаровае званне «Ветэран беларускай энергетыкі». Гэта Уладзімір ЕРАШЭНКА, Мікалай АРЛОЎСКІ, Аляксандр КАЗЛОЎСКІ.

– Дзякуй, Сяргей Віктаравіч.

        Гутарыў  Дзмітрый ЦІХАНАЎ.

            Фота аўтара.

Последние новости

Новости района

Заветные аттестаты, медали, улыбки, яркие наряды – в Белыничах прошел школьный выпускной

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Профсоюз поблагодарил аграриев за ответственный труд

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Генпрокурор Андрей Швед наградил коллектив “Зары над Друццю” за лучшее освещение в СМИ деятельности прокуратуры

13 июня 2025
Читать новость
РОЧС информирует

Белыничский РОЧС напоминает о правилах поведения во время грозы

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

В Белыничах прошла отчётно-выборная конференция районной организации РОО «Белая Русь»

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Медицинских работников чествовали в Белыничской ЦРБ

12 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем