Темы

Віражы лёсу, альбо Чаму аптымістам больш шанцуе?

Журналіст раённай газеты пагартала сямейны альбом з нашым пастаянным аўтарам, жыхаркай аграгарадка Цяхцін Тамарай ХРУШЧОВАЙ.

Цікавыя фотаздымкі з сямейнага альбома Тамары Мікалаеўны не аднойчы з’яўляліся на старонках нашай газеты. І зараз яна з задавальненнем расказала пра сябе і згадала яркія імгненні жыцця, адлюстраваныя на звычайных папяровых прамавугольніках.

Увогуле, лёс Тамару Мікалаеўну не песціў, наадварот, пасылаў ёй розныя выпрабаванні. Але, мабыць, яны загартавалі характар жанчыны, адкрылі ў ёй высокія чалавечыя якасці, навучылі радавацца кожнаму імгненню жыцця.

У раннім дзяцінстве Тамара страціла маці, бацька ажаніўся ў другі раз. З мачыхай адносіны былі напружаныя, але сям’я другой маці прыняла дзяўчынку як сваю родную. Цёплыя ўспаміны засталіся ў яе ад бабулі Жэні (Аўгінні, па-вясковаму). Яна навучыла ўнучку многім жыццёвым мудрасцям, якія неаднойчы дапамагалі. Праз шмат гадоў Тамара дагледзіла па старасці і мачыху, і сваю адзінокую цётку Аляксандру.

Стабільна складвалася і асабістае жыццё. Разам з мужам, Васілём Апанасавічам, пражылі 43 гады, выхавалі чатырох дзяцей. Тамара Мікалаеўна ўспамінае, што каханне ўсяго яе жыцця здарылася ў восьмым класе. Сустракаліся сем гадоў. Да таго ж, тры з іх чакала будучага мужа з тэрміновай службы ў арміі.

Васіль стаў працаваць слесарам у саўгасе “Друць”, а Тамара кім толькі ні была: і бібліятэкарам, і бухгалтарам, і даяркай… Апошнія 10 гадоў перад выхадам на заслужаны адпачынак рабіла конюхам у Цяхцінскім лясніцтве. Вельмі любіла коней, дый зараз адносіцца да іх з асаблівай пяшчотай.

Яшчэ адно захапленне Тамары Хрушчовай – народныя песні і танцы. Больш за 30 гадоў яна з’яўляецца актыўнай удзельніцай фальклорнага ансамбля “Журавінка” пры Цяхцінскім СДК. У свой час яны з былым кіраўніком установы культуры Галінай ЦУМАРАВАЙ займаліся адраджэннем народных абрадаў і песень. Танцы “Полечка”, “Сямёнаўна”, “Кракавяк”, “Страдание” шмат гадоў былі і застаюцца фірменнай асаблівасцю калектыву.

– А зараз раскажу, як стала тэлезоркай! – з усмешкай прапануе Тамара Мікалаеўна. – Пра наш цяхцінскі абрад “Масленіца” напісалі ў 2011 годзе ў рэспубліканскай газеце “СБ. Беларусь сёння”. Матэрыял зацікавіў адну журналістку з украінскага тэлеканала “Інтэр”. У хуткім часе мне патэлефанавалі і запрасілі ў Кіеў на здымкі перадачы “Здоровенькі булі”. Паехалі туды разам з настаўніцай Цяхцінскай школы Ірынай ТРАЦЦЯКОВАЙ. Колькі пазітыўных уражанняў атрымалі! Пазнаёміліся з зоркамі ўкраінскага тэлебачання!

Запрашалі Тамару Мікалаеўну і на здымкі вядомай перадачы “Малахаў+” у Маскву. Там яна пабывала ажно два разы. Дзялілася рэцэптамі здароўя з гледачамі ўсяго былога Савецкага Саюза.

А яшчэ ў 2009 годзе паўдзельнічала ў рэкламнай гульні, якую праводзіла газета “Рэспубліка”, і выйграла галоўны прыз – камп’ютар. Прыз аддала ўнукам, хоць цяпер, кажа, магла б асвоіць яго і сама.

Нягледзячы на ўзрост, а ёй ужо мінуў 71 год, жанчына падтрымлівае сябе ў выдатнай спартыўнай форме.

– У 64 гады заняла трэцяе месца па лыжных гонках сярод працаўнікоў ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас”, – гаворыць Тамара Мікалаеўна. – І зараз кожны дзень раблю зарадку, абліваюся халоднай вадой, а ўзімку расціраюся снегам.

– А ў мінулым годзе села на шпагат, – дадае жанчына і ў той жа міг дэманструе неверагодную расцяжку.

…Некалькі гадоў таму назад Тамара Хрушчова перажыла вялікае гора. Нечакана памёр муж, а потым і малодшы сын Алег. І яна сама шмат хварэла. У выніку гэтых жыццёвых калізій часцей стала пазіраць у нябёсы, узносіць малітвы да Бога за дзяцей, унукаў і праўнукаў. Унукаў у яе ўжо дзесяць, а праўнукаў пакуль двое. Але гэта справа жыццёвая, можна пачакаць.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

                               Фота аўтара і з сямейнага архіва Тамары Хрушчовай.

Последние новости

Новости района

Заветные аттестаты, медали, улыбки, яркие наряды – в Белыничах прошел школьный выпускной

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Профсоюз поблагодарил аграриев за ответственный труд

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Генпрокурор Андрей Швед наградил коллектив “Зары над Друццю” за лучшее освещение в СМИ деятельности прокуратуры

13 июня 2025
Читать новость
РОЧС информирует

Белыничский РОЧС напоминает о правилах поведения во время грозы

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

В Белыничах прошла отчётно-выборная конференция районной организации РОО «Белая Русь»

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Медицинских работников чествовали в Белыничской ЦРБ

12 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем