Темы

Зберагае цяпло бабулін ручнік

Зберагае цяпло бабулін ручнік

Падчас наведвання шматлікіх раённых мерапрыемстваў часта звяртала ўвагу на прыгожае аздабленне сцэны і розных тэматычных куткоў саматканымі ручнікамі. Як гэта цудоўна і важна, што прыгожыя шэдэўры народнай творчасці так клапатліва зберагаюць працаўнікі ўстаноў культуры.

Значная частка гэтай рукатворнай прыгажосці належыць сельскаму клубу аграгарадка Вялікая Машчаніца. Зараз у іх калекцыі налічваецца больш за тры дзясяткі саматканых ручнікоў, а яшчэ посцілкі, дываны, прадметы хатняга ўжытку. Словам, цэлая музейная экспазіцыя. Адна з посцілак, аўтар­ства жыхаркі вёскі Мокравічы На­дзеі Снытко, нават пабывала на выставе ВДНГ у Маскве, якая ладзілася спецыяльна да Алімпіяды 1980 года. Усе краіны вялікага раней Савецкага Саюза прадастаўлялі там лепшыя ўзоры народнай творчасці.
Рана застаўшыся без маці ў галодны і халодны пасляваенны час, Надзея Яўменаўна вымушана была адзяваць і карміць сямёра малодшых братоў і сясцёр. Зараз і ўявіць цяжка, колькі працы было ўкладзена, каб вырасціць лён, падрыхтаваць яго, спрасці, саткаць, а потым яшчэ вышыць на гатовым вырабе прыгожы ўзор, упрыгожыць карункамі… Проста тытанічная праца!
Цяпер не толькі посцілка, але і іншыя тканыя і вышываныя вырабы вясковай майстрыхі захоўваюцца ў музейнай экспазіцыі Машчаніцкага клуба.
– Ручнікі мы збіраем ужо шмат гадоў, – распавядае загадчык сельскай установы культуры Святлана Буймістрава. – Спачатку «выграблі» ўласныя запасы, прайшліся па родных, блізкіх, знаёмых. Так у нас з’явіліся саматканыя рэчы з Клімавіцкага, Аршанскага, Слаўгарадскага, Бярэзінскага раёнаў. Многае ад сваёй маці перадала нам старшыня Машчаніцкага сельсавета Іна Напрэенка. І самі мы час ад часу робім у навакольныя вёскі этнаграфічныя экспедыцыі. Нядаўна, напрыклад, пабывалі ў вёсцы Вольніца.
Працаўнікоў ачага культуры вельмі непакоіць, што рукатворная прыгажосць, якую стваралі і так клапатліва бераглі нашы бабулі, аказалася непатрэбная іх на­шчадкам. Хтосьці аддае рэчы ў клуб па жаданні сэрца, «каб бачылі і ведалі», а некаторыя пускаюць каштоўнасці ва ўжытак ці ўвогуле на сметніцу выкідваюць.
– Самы старажытны ручнік, якому больш за 100 гадоў, знайшла наша супрацоўніца Галіна Атрошкіна, – прадаўжае Святлана Іванаўна. – Ён «родам» з вёскі Асавец. На жаль, у гады Вялікай Айчыннай вайны шмат дамоў у вёсках былі спаленыя фашыстамі, людзям было не да прыгажосці, усе жылі ў крайняй беднасці, таму большасць нашых экспанатаў ужо пасляваеннага часу.
З дапамогай саматканага аздаблення працаўнікі клуба праводзяць народныя святы: Каляды, Масленіцу, Тройцу. Апошняе свята на тэрыторыі Машчаніцкага сельсавета мае асаблівыя адметнасці. Галіна Атрошкіна запісала ад сваёй бабулі аўтэнтычную «траецкую» песню, якая ўвайшла ў рэпертуар вакальнага ансамб­ля «Рэчанька», што дзейнічае пры клубе. Таксама адным з сімвалічных элементаў свята Тройцы з’яўляецца гульня «Заплятанне касы з паясоў». Удзельнікі яе трымаюцца за канцы паясоў і, не выпускаючы іх з рук, «заплятаюць» у касу. Моцная і доўгая каса прадказвае добры ўраджай ільну і капусты.
Працаўнікі сельскага клуба зберагаюць не толькі матэрыяльныя каштоўнасці мінулага, яны ствара­юць іх самі і гуртуюць вакол сябе аднадумцаў. Святлана Буймістрава робіць прыгожыя кветкавыя кампазіцыі з падручных матэрыялаў і фоамірану, Галіна Атрошкіна вяжа дзіцячыя цацкі, якія з’яўляюцца арыгіналь­ным дапаўненнем да клубных пастановак, Клара Здрук стварае шэдэўральныя ўпрыгажэнні з бісеру і сама навучылася ткаць аўтэнтычныя паясы. Усе свае творчыя веды і ўменні жанчыны перадаюць дзеткам падчас заняткаў у аб’яднаннях па інтарэсах.
– Нашы выставы папоўнілі работы і мясцовых дарослых рукадзельніц Наталлі Юрчанкі, Зінаіды Лахтанавай, Іны Чалнаковай, Таццяны Карэлінай, – дадае Клара Здрук. – Некаторыя з іх арганічна ўліліся ў этнаграфічны куток. Дзяўчынкі-школьніцы, якія займаюцца ў гуртках, маюць больш практычныя мэты, напрыклад, робяць упрыгажэнні ці якія-небудзь рэчы ў якасці падарункаў сябрам і блізкім. Мы стараемся прывіваць нашай моладзі любоў да творчасці, асабліва народных матываў, бо хэнд-мэйд папулярны заўсёды. Асобныя яго віды з часам трансфармуюцца, але класіка – у трэндзе заўсёды. Майстры, на жаль, таксама адыходзяць у вечнасць, а хочацца, каб таленты Машчаніцкай зямлі не былі забытыя.
* * *
Падчас наведвання Машчаніцкага сельскага клуба сярод рарытэтных прадметаў старыны знайшлося некалькі настолькі цікавых рэчаў, што доўга не змагла зразумець, што гэта, і хоць прыблізна на­­з­ваць, для чаго яны. А вы, паважаныя чытачы, ведаеце, што гэта на фота?

Последние новости

Новости района

Заветные аттестаты, медали, улыбки, яркие наряды – в Белыничах прошел школьный выпускной

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Профсоюз поблагодарил аграриев за ответственный труд

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Генпрокурор Андрей Швед наградил коллектив “Зары над Друццю” за лучшее освещение в СМИ деятельности прокуратуры

13 июня 2025
Читать новость
РОЧС информирует

Белыничский РОЧС напоминает о правилах поведения во время грозы

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

В Белыничах прошла отчётно-выборная конференция районной организации РОО «Белая Русь»

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Медицинских работников чествовали в Белыничской ЦРБ

12 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем