Белынічане годна прадставілі свой край на Дні пісьменства ў Касцюковічах

На мінулых выхадных цэнтрам прыцяжэння аматараў беларускага літаратурнага слова стаў горад
Касцюковічы. Там адбыўся XXXIII Дзень беларускага пісьменства, гасцямі і ўдзельнікамі якога сталі прадстаўнікі з усёй Беларусі.
У канцэпцыю свята былі ўключаны такія тэмы, як Год беларускай жанчыны, 85-годдзе з пачатку Вялікай Айчыннай вайны, юбілеі класікаў беларускай літаратуры. У цэнтры Касцюковічаў быў створаны мурал у гонар знакамітых пісьменнікаў-ураджэнцаў: Аркадзя Куляшова, Алеся Пісьмянкова і Івана Чыгрынава. У гонар апошняга на будынку раённай бібліятэкі ўрачыста адкрылі мемарыяльную дошку.

Таксама з нагоды свята пісьменства гарадская прастора папоўнілася скульптурнай кампазіцыяй Алеся і Алесі аўтарства Магілёўскага скульптара Аляксандра Мінькова. На ўрачыстым адкрыцці Дня беларускага пісьменства прывітальны адрас ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі зачытала намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч. Добрыя словы прысутным адрасавалі губернатар Магілёўскай вобласці Анатоль Ісачанка і Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін.
Ва ўрачыстай абстаноўцы былі названы імёны ўладальнікаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі. Таксама віншаванні з галоўнай сцэны свята атрымалі пераможцы рэгіянальных конкурсаў «З табой маё слова, Радзіма» і «І кружыцца планета Куляшова», арганізатарамі якіх выступілі абласныя аддзяленні ГА «Беларускі Фонд міру» і «Саюза пісьменнікаў Беларусі» пры падтрымцы МДУ імя А.А.Куляшова. Усяго на гэтыя конкурсы было пададзена каля 500 работ. Сярод пераможцаў ёсць і нашы юныя землякі.
У намінацыі «І вечнасць радка, як вечнасць жыцця» (Проза. Узроставая катэгорыя 14-17
гадоў) узнагароджаны:
– Дыпломам ІІ ступені Алена Паўлоўская, вучаніца СШ №2 г. Бялынічы;
– Дыпломам ІІІ ступені Ксенія Буймістрава, вучаніца Машчаніцкай СШ.
У намінацыі «Ёсць у паэта свой аблог цалінны» (Проза. Узроставая катэгорыя 14-17 гадоў)
узнагароджана Дыпломам ІІІ ступені вучаніца Вішоўскай СШ Дар’я Грыбянкова.
Дэлегацыя Прыдруцкага краю на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Святланай
Патапчык прадстаўляла ў Касцюковічах творчую пляцоўку «Бялыніччына літаратурная».
Адзін з галоўных персанажаў – легендарны Бялын – дапамог гасцям лакацыі акунуцца ў
мінулае Бялыніччыны. Яны спрабавалі напісаць ліст сапраўдным пяром і чарніламі, даведваліся
аб цікавых фактах з гісторыі Бялыніцкага краю ад бібліятэкараў раённай бібліятэкі, прымяралі
гістарычнае адзенне. Вядома ж, яркім акцэнтам пляцоўкі стала выстава творчых набыткаў нашых знакамітых землякоў — пісьменнікаў і паэтаў. Усе жадаючыя маглі прама на месцы пазнаёміцца з іх творамі.
Святлана Магілеўчык.
Фота аўтара
Молодечно станет столицей Дня белорусской письменности в 2027 году
Оперативные новости Белыничей и Белыничского района смотрите в нашем телеграмм-канале «Новости Белыничей»
