Темы

Спорт як лад жыцця

Спорт як лад жыцця

17 мая сваё прафесійнае свята адзначаюць тыя, хто зрабіў спорт сваёй прафесіяй і не ўяўляе жыццё без яго.

Трэнеры, інструктары і спартсмены ўкладваюць сілы і душу ў развіццё здаровага грамадства, натхняючы людзей на рух, пераадоленне сябе і дасягненне новых вышынь. Гэта свята – прызнанне іх працы, упартасці і адданасці справе. Аб шляху ў спорце і планах на будучыню напярэдадні Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту карэспандэнт «Зары над Друццю» пагутарыла з інструктарам-метадыстам ФАКу «Друць» Аляксеем Насковым.


Сам Аляксей цікавіцца спортам пачаў з маленства. Хлопца прываблівалі спартыўныя снарады на школьным стадыёне Цяхцінскай СШ, любіў разам з іншай дзетварой час ад часу паганяць там мяч.
– Я родам з Цяхціна, і для нас, малых, у маім дзяцінстве асаблівых забаў не было. Свой вольны час мы часцяком бавілі на школьным стадыёне, – дзеліцца Аляксей.
Аднойчы яму нават пашчасціла сыграць у футбол разам са знакамітым земляком Дзмітрыем Парфёнавым, імя якога ў свеце спорту вядома многім.


– Як зараз памятаю той дзень. Мы з сябрам, як звычайна, бавілі час на стадыёне і раптам заўважылі, як да нас набліжаецца наш знакаміты зямляк, які ў Вышэйшай лізе Беларусі згуляў больш за 100 матчаў і забіў не адзін дзясятак галоў. Слова за слова – і хутка мы ўжо разам ганялі мяч і білі па варотах. Я настолькі быў уражаны гэтай падзеяй, што потым усю ноч не спаў, усё пракручваў у галаве нашу з Дзмітрыем сустрэчу. З той пары ён стаў для мяне кумірам і прыкладам для пераймання.


Пасля заканчэння школы Аляксей выбраў для сябе фізкультурны шлях, меркаваў паступіць у МДУ імя А.А.Куляшова, аднак моцнае хваляванне не дазволіла ў поўнай меры праявіць свае фізічныя здольнасці, і просты хлопец з глыбінкі зусім крыху недабраў неабходных для паступлення балаў.
Пасля няўдачы ён не разгубіўся і вырашыў набыць больш сур’ёзную прафесію, паступіўшы ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, дзе вывучыўся на агранома.


У часы студэнцтва юнак не забываўся на спорт, і амаль ніводнае спартыўнае мерапрыемства акадэміі не праходзіла без удзелу Аляксея Наскова. У рэшце рэшт вучоба засталася за плячыма, і малады спецыяліст адправіўся на сваё першае працоўнае месца на малую радзіму – ў ААТ «Новая Друць».


– Увогуле мне падабалася працаваць у таварыстве, але ўвесь час я адчуваў сябе не на сваім месцы, мне здавалася, што спорт і ўсё, што з ім звязана, – гэта маё прызванне.
Адпрацаваўшы пяць гадоў у гаспадарцы, Аляксей звольніўся і ўладкаваўся ў ФАК «Друць» інструктарам у трэнажорную залу. Акрамя гэтага, мужчына паралельна з працай набывае профільную адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры ў Мінску.
– Яшчэ на першым курсе навучання ў акадэміі захапіўся паўэрліфтынгам. Цяпер жа, калі мая праца стала непасрэдна звязана з дадзеным відам спорту, то я падумаў: чаму б наведвальнікам не проста трэніравацца, а яшчэ і паспаборнічаць адзін з адным. Кіраўніцтва ФАКу пайшло насустрач, і ўжо ў сакавіку бягучага года прайшло першынства горада Бялынічы па паўэрліфтынгу ў жыме штангі лежачы.


Аляксей Мікалаевіч упэўнены, што займацца сілавымі і аэробнымі нагрузкамі карысна як для мужчын, так і для жанчын. А пачынаць трэніравацца раіць не раней 15-гадовага ўзросту і толькі пад кантролем спецыяліста.


– З цягам часу ў арганізме памяншаецца выпрацоўка такога важнага для мужчын гармона, як тэстастэрон, для жанчын – эстрагена, што не самым лепшым чынам адбіваецца на агульным стане чалавека. Каб прыпыніць гэтыя працэсы, патрэбны сілавыя трэніроўкі. Толькі такім чынам можна адцягнуць наступленне старасці і захаваць свой арганізм у тонусе.
На сёння трэнажорную залу ФАКу «Друць» штодзённа наведваюць каля 30 чалавек. Узрост спартсменаў-аматараў разнастайны – ад 15 да 50 гадоў і нават старэй.


– Зразумела, пакуль апантаных паўэр­ліфтынгам людзей не так шмат, як хацелася б, але ж я ўпэўнены, што з цягам часу іх колькасць будзе толькі павялічвацца. Каб прыцягнуць увагу да паўэрліфтынгу, плануем на пастаяннай аснове ладзіць спаборніцтвы. Чарговае з іх пройдзе ў прафесійнае свята работнікаў фізічнай культуры і спорту. Трэніроўкі дзеля асабістага задавальнення, канешне, добра, аднак дух саперніцтва і перамога – не толькі шанец паказаць сябе, але і стымул займацца яшчэ больш, дасягаць адпаведных вышынь.


Спыняць сваю ўвагу толькі на адным відзе спорту Аляксей не думае, у планах праводзіць спартыўныя турніры і па іншых відах спорту.
Не адмовіўся Аляксей Наскоў і ад ідэі прывіваць падрастаючаму пакаленню любоў да футбола, з якога пачыналася яго захапленне фізічнымі нагрузкамі. Два разы на тыдзень, акрамя асноўнай працы, ён трэніруе школьнікаў Машчаніцкай СШ і выхаванцаў МЦ «Ветразь», магчыма, будучых зорак беларускага футбола.
– Для мяне спорт стаў ужо ладам жыцця. Без яго не ўяўляю сваё існаванне. Ён вучыць дысцыпліне, цярпенню і ўменню пераадольваць цяжкасці. Сіла – гэта не толькі фізічная моц, але і сіла духу. І спорт дапамагае іх трэніраваць, – рэзюмаваў Аляксей.


Наталля СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена Аляксеем Насковым.


Последние новости

Новости района

Заветные аттестаты, медали, улыбки, яркие наряды – в Белыничах прошел школьный выпускной

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Профсоюз поблагодарил аграриев за ответственный труд

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Генпрокурор Андрей Швед наградил коллектив “Зары над Друццю” за лучшее освещение в СМИ деятельности прокуратуры

13 июня 2025
Читать новость
РОЧС информирует

Белыничский РОЧС напоминает о правилах поведения во время грозы

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

В Белыничах прошла отчётно-выборная конференция районной организации РОО «Белая Русь»

13 июня 2025
Читать новость
Новости района

Медицинских работников чествовали в Белыничской ЦРБ

12 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем