Студзёнка — крыніца здароўя і старажытных традыцый

Вёска Студзёнка Лебядзянкаўскага сельсавета ўпершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах пад 1642 годам як паселішча ў складзе Галоўчынскага маёнтка Аршанскага павета ВКЛ. Аднак відавочна, што людзі засялілі гэтыя мясціны нашмат раней.
У самой назве «Студзёнка» адлюстравана падсвядомае ўспрыманне нашымі продкамі так званых «станоўчых месцаў сілы». Здаўна людзі ўмелі нейкім асаблівым пачуццём распазнаваць такія месцы і сяліліся на іх. Існуе паданне, што ў Студзёнцы некалі была крыніца з вельмі сцюдзёнай і чыстай вадой. Калі нехта раніцай піў тую вадзіцу, то на ўвесь дзень пазбаўляўся ад смагі. Але галоўнае тое, што крынічная вада мела гаючыя якасці – мясцовыя жыхары дужа рэдка хварэлі. Сапраўды, народнае паданне добра перадае сутнасць назвы вёскі, якая з’яўляецца вытворнай ад слова студня, «крыніца» або «калодзеж». Таксама сустракаюцца невялікія рачулкі з назвай Студзёнка. Пра старажытнасць вёскі Студзёнкі нам сведчыць мясцовы некропаль, на якім захаваліся пахаванні адразу трох эпох – курганы часоў Старажытнай Русі, стары грунтовы могільнік і сучасныя грамадзянскія могілкі.
Злева ад сучасных могілак можна заўважыць з дзясятак невялікіх насыпаў вышынёй не больш за 50-70 см, адзеравянелых і парослых дрэвамі. Гэта курганы эпохі Старажытнай Русі Х-ХІ стагоддзяў. Дарэчы, яшчэ адзін падобны курганны могільнік размешчаны зусім недалёка – каля вёскі Краснае,
а таксама іх шмат ў гэтай мясцовасці ўздоўж ракі Вабіч – каля вёсак Пральня, Рудня і Лебядзянка.
Далей за курганамі знаходзіцца старажытны некропаль, на якім налічваецца прыблізна 30 надмагільных камянёў. Яшчэ некалькі камянёў размешчаны ўнутры агароджы на сучасных могілках. Старажытны грунтовы могільнік ахоплівае тэрыторыю прыблізна 50 на 50 метраў. Некаторыя камяні на ім размешчаны групамі, іншыя – паасобку. Варта адзначыць цікавую адметнасць: старажытныя
пахаванні арыентаваны дакладна на ўсход, у той час як пахаванні на суседніх сучасных могілках – на паўночны захад, што больш звычайна для сённяшняй традыцыі.
На некаторых надмагільных камянях выбіты крыжы розных памераў і формы. Цікавасць уяўляе валун з крыжам, які ў асяродку даследчыкаў атрымаў умоўную назву «кавалерскі» (па форме) або «базільянскі» (па прыналежнасці да ўніяцкага манаскага ордэна базільян). Версію аб магчымым
уніяцкім паходжанні старога некропаля каля Студзёнкі падмацоваўваюць іншыя знакі, выбітыя на двух валунах – гэтак званыя «крыжы-краслеты», вертыкальная і гарызантальныя лініі якіх маюць перпендыкулярныя разгалінаванні. Таму старажытны грунтовы могільнік каля Студзёнкі можна
датаваць ХVIІ – першай паловай ХІХ стагоддзяў. Такім чынам, ніжняя мяжа даціроўкі якраз суадносіцца з першай згадкай вёскі ў пісьмовых крыніцах.
Андрэй СУПІТАЛЁЎ, краязнаўца.
Оперативные новости Белыничей и Белыничского района смотрите в нашем телеграмм-канале «Новости Белыничей»
