Сямейная пара з Галоўчына, якая жыве паўстагоддзя ў рытме са старажытнай вёскай

Сярод жыхароў Галоўчына нямала знойдзецца людзей, што ўсім сэрцам ганарацца тым месцам, з якім іх звязаў лёс. І яны сталі тут зусім не «прышэльцамі», а сваімі, а ўзгоркі, парослыя векавымі клёнамі і ліпамі, лічаць сваёй другой радзімай. Больш чым на паўвека Галоўчын стаў цёплым домам для сямейнай пары Пятра Іванавіча Карніенкі і Людмілы Аляксееўны Мазалёвай.
Пётр Іванавіч нарадзіўся ў невялікай вёсачцы на Мсціслаўшчыне, а Людміла Аляксееўна — у Магілёве. Абодва з самага ранняга дзяцінства былі акружаны атмасферай творчасці і музыкі. Бацька Людмілы працаваў дырэктарам Дома культуры завода штучнага валакна ў абласным цэнтры, цесна сябраваў з вядомым на той час у Магілёве дзеячам мастацтваў і тэатральным рэжысёрам Валянцінам Ермаловічам. Маці была бібліятэкарам, выдатна іграла на гітары і спявала. Пётр вырас пад уплывам народнай творчасці, самастойна асвоіў гармонік, прыгожа іграў на ім, ведаў безліч народных і папулярных песень.
Чаму Людміла вырашыла звязаць сваё жыццё з медыцынай, яна і праз шмат гадоў нязменна адказвае: падабалася дапамагаць людзям. Не магла застацца раўнадушнай, калі бачыла, як хваробы адольваюць людзей. Так яна скончыла медвучылішча ў Магілёве, калектыў абласной бальніцы ўжо чакаў яе з раскрытымі абдымкамі. Але маладая фельчарка чамусьці запрацівілася ўпарадкаванаму лёсу і заявіла родным, што хоча працаваць па спецыяльнасці не ў камфортных умовах, а дзесьці на перыферыі. Бацькі вельмі здзівіліся такому рашэнню, але тата і сам, калі дачка яшчэ вучылася, кардынальна змяніў сваю прафесію, стаў працаваць рэвізорам у аптэчнай сетцы. Таму ён махнуў рукой: маўляў, рабі, што хочаш, але папярэдзіў: «Выйдзеш замуж за трактарыста — то не скардзіся потым!»
Так Людміла Аляксееўна апынулася ў ФАПе вёскі Пустынкі на Мсціслаўшчыне, дзе адпрацавала тры гады. «Мяне цёпла сустрэлі, там жылі вельмі добрыя людзі. Я і вопыт неабходны набыла, і з будучым мужам пазнаёмілася», — распавядае яна. Як і «прарочыў» бацька, Людміла звязала свой лёс з трактарыстам: на той час Пётр ужо вучыўся ў Клічаўскім тэхнікуме на механіка сельгасмашын.
Першая сустрэча ў Пятра і Людмілы не задалася. Цяпер, праз пяць з паловай дзесяцігоддзяў, муж і жонка з жартам успамінаюць гэтую гісторыю, калі разам чакалі, як пераправіцца праз раку. Размова паміж маладымі людзьмі атрымалася халодная і скамячаная. Пётр шчыра не разумеў, што ў іх глухамані робіць прыгожая і модна апранутая гарадская дзяўчына, а Людміла палічыла яго неадукаваным грубіянам. Пасля, адпрацаваўшы на сяле не адзін месяц, дзяўчына адправілася па выкліку да адной пажылой жанчыны аказваць ёй меддапамогу і заўважыла ў яе доме фотаздымак таго самага «грубіяна». «Гэта мой сынок, Пеця», — замілавана сказала тая. — «Такі ён ужо добры, спагадлівы, працавіты. Не будзе гора знаць тая дзяўчына, што звяжа з ім свой лёс!» Так пакрысе лёд непаразумення паміж маладымі людзьмі растаў, даўшы дарогу трапяткому пачуццю ўзаемнага кахання. Ніколькі не пашкадавала Людміла Аляксееўна, што разам прайшлі такі вялікі шлях, і беражліва праз усё сваё жыццё яны пранеслі цёплыню ўзаемнай любові.
Пасля таго, як Пётр Карніенка скончыў вучобу, яго накіравалі на працу ў Заходнюю Беларусь — на Гродзеншчыну. Але тут зноў умяшаўся лёс у выглядзе былога старшыні калгаса «Наша Перамога» Васіля Лабачова, які прапанаваў маладому чалавеку пераязджаць у Галоўчын. Тут іх сям’і выдзелілі жыллё, Людміла Аляксееўна стала працаваць у сельскай бальніцы, сын Аляксей пайшоў у школу. Жыццё ў вёсцы было цікавым, насычаным падзеямі: калгас стабільна развіваўся, людзі жылі дружна, сябравалі сем’ямі, а вольны час праводзілі ў клубе, дзе ладзіліся цудоўныя канцэрты.
Пётр Іванавіч актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці: спяваў у хоры пры мясцовым доме культуры, не цураўся і грамадскай нагрузкі — доўгі час узначальваў мясцовую выбарчую камісію. Людміла Мазалёва шмат гадоў адпрацавала дзіцячай медсястрой і загадчыкам фізіятэрапеўтычнага кабінета ў Галоўчынскай бальніцы. Яна спаўна аддала вяскоўцам свае сілы і веды. «Кожны сезон работнікі ўсіх сельскіх служб: медыкі, настаўнікі, культработнікі — дапамагалі калгасу ва ўборцы ўраджаю, нарыхтоўвалі кармы, капалі буракі, бульбу, пастаянна ўдзельнічалі ў розных суботніках і актыўнасцях, — успамінае Людміла Аляксееўна. — Гэта зараз наш аграгарадок стаў не такім шматлюдным, грамадскае жыццё тут сцішылася, а раней усё бурліла. Мы з мужам ніколькі не пашкадавалі, што Галоўчын стаў нашым домам, з гэтым месцам і з людзьмі мы па-сапраўднаму зрадніліся».
Дзякуючы свайму суседу і добраму сябру Васілю Цыркунову Пётр Карніенка перайшоў з калгаснай працы ў школу майстрам вытворчага навучання. Многім выпускнікам Галоўчынскай школы ён даваў прыкладныя веды ў прафесіі механізатара, прывіваў любоў да тэхнікі. Адным часам у калгасе «Наша Перамога» амаль 90 працэнтаў механізатараў складалі менавіта выпускнікі Пятра Іванавіча. Разам з ім кожную ўборачную яны дасушвалі зерне: шмат гадоў Пётр Карніенка загадваў зернесушыльным комплексам у вёсцы Васількі, а затым і ў Галоўчыне.
Зараз Пётр Іванавіч з жартам успамінае, як не хацелася кідать калгасную справу і ісці ў педагогіку. «Які з мяне настаўнік, думалася тады. Як я буду вучыць дзяцей? Гэта ж такая адказнасць — тэхніка і моладзь, якую за руль пасадзіць страшна», — успамінае ён. Памятае, угаворваючы яго, Васіль Цыркуноў не шкадаваў слоў: нават пагражаў, што калі не перайду ў школу, нашаму сяброўству будзе канец. «Я згадзіўся спачатку на палову стаўкі, але потым стаў працаваць на поўную, не губляючы сувязей з правленнем калгаса. Юнакі і дзяўчаты вучыліся, сталелі, у іх на выхадзе была гатовая спецыяльнасць. Хлопцы адразу ж ішлі ў калгас, ім давяралі тэхніку хутка, без боязі. Калі ўсе пачалі купляць уласныя аўтамабілі, былыя мае вучні нават дадому прыходзілі і дзякавалі, што ім спатрэбіліся ўсе тыя веды, атрыманыя ў школе».
Зараз Пётр Іванавіч і Людміла Аляксееўна знаходзяцца на заслужаным адпачынку, жывуць звычайнымі сельскімі клопатамі, а сваё цяпло і любоў аддаюць унуку Раману, які з’яўляецца прадаўжальнікам творчай лініі сваіх продкаў. Ён выбраў для сябе культурную сферу найлепшай з усіх захапленняў — праўда, пакуль ненадоўга прыпыненую тэрміновай службай у войску.
Пятра Іванавіча не забываюць і ў школе. Днямі прадстаўнікі галіновага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі павіншавалі яго з цудоўным юбілеем — 80-годдзем з дня нараджэння. «Найгалоўнейшыя пажаданні для вас — моцнага здароўя», — сказала старшыня прафсаюзнай пярвічкі Галоўчынскай СШ Іна Галаўнёва. — «Упэўнена, што мяне падтрымаюць і вашы былыя вучні, якія атрымалі сталыя навыкі ў прафесіі механізатара і вадзіцеля». Іна Міхайлаўна дадала, што добрая традыцыя наведваць ветэранаў педагагічнай працы Галоўчынскай СШ мае даўнія і багатыя карані. Настаўнікі, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, падтрымліваюць цесныя сувязі з дзеючым калектывам, сустракаючыся ў сценах сваёй роднай школы.
…Галоўчын працягвае існаваць далей праз жыццё цікавых і шчырых людзей. Канешне, зараз нашмат цішэй і павольней: больш — памяццю аб шчаслівых днях, якая моцна захоўваецца ў сэрцах і душах яго жыхароў.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК. Фота аўтара і з архіва сям’і Карніенкаў.
Алеся Старовойтова: продавец, мерчандайзер и психолог в одном лице
Оперативные новости Белыничей и Белыничского района смотрите в нашем телеграмм-канале «Новости Белыничей»
