Працаваць на апярэджанне

Павышэнне эфектыўнасці працы аглядальных камісій пры выканаўчых камітэтах зяўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Бо даволі значная роля ў прафілактыцы пажараў належыць менавіта ім.

Асноўная дзейнасць аглядальных камісій накіравана на работу з насельніцтвам. Яны праводзяць абследаванне супрацьпажарнага стану жыллёвага фонду, навучаюць насельніцтва правілам бяспекі. Асаблівая ўвага надаецца пенсіянерам, адзінокім і адзінока пражываючым грамадзянам, асобам, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, інвалідам і шматдзетным сем’ям.

— У раёне працуюць 8 аглядальных камісій. На працягу 2016 года яны абследавалі 7433 домаўладанні, правялі 221 сход у населеных пунктах раёна, — распавядае начальнік РАНС Віталь ВОРАНАЎ. — На жаль, колькасць пажараў у сельскай мясцовасці летась павысілася з 13 за 2015 год да 14 выпадкаў, а ў Бялынічах – з 4 да 6. А вось пажары з прычыны неасцярожнага абыходжання з агнём знізіліся з 8 да 6. Cпрацавалі на зніжэнне Галоўчынскі і Вішоўскі сельсаветы, не адбылося росту пажараў у Лебядзянкаўскім і Машчаніцкім. Павялічылася ў мінулым годзе ў раёне і колькасць загінуўшых падчас пажараў – гэта тры чалавекі.

Вельмі часта людзі пакутуюць з-за сваёй жа нядбайнасці. Многія ігнаруюць рэкамендацыю ўстанавіць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, зрабіць рамонт печы, коміна. А ўсё гэта можа стаць прычынай няшчаснага выпадку.

Удзельнікі рэйдаў аглядальных камісій адсочваюць стан пажарнай бяспекі ў домаўладаннях. Па кожным выяўленым факце парушэння прымаюцца меры рэагавання: гаспадарам прадпісваецца ліквідаваць недахопы за канкрэтна вызначаны тэрмін, у выпадку невыканання прадпісанняў складаюцца пратаколы, якія прадугледжваюць выплату штрафаў.

Аксана ПЛЕСКАНЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *