Мілая сэрцу вёска Эсьмоны

Кожная вёска мае свой непаўторны твар. Ён мяняецца з цягам часу: населены пункт праходзіць розныя этапы развіцця. Так, у Эсьмонах  адбывалася шмат цікавых гістарычных падзей.

Мястэчка Эсьмоны ўзнікла на маляўнічым беразе ракі Аслік. Праз вёску праходзіў так званы Кацярынінскі шлях: дарога, якая мела важнае значэнне і злучала паміж сабой буйныя населеныя пункты. На ўездзе справа стаяла Свята-Траецкая царква, пабудаваная ў 1804 годзе на дабраахвотныя ахвяраванні насельніцтва, функцыявала царкоўна-прыходская школа. Каля 30% насельніцтва на той час складалі яўрэі. Яны пабудавалі ў мястэчку сінагогу, якая толькі цудам не згарэла падчас Вялікай Айчыннай вайны. А праваслаўная царква, на жаль, не захавалася. Аднаўленне яе пачалі толькі праз паўвека, пакуль яна не функцыянуе.

Да Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі галоўная вуліца мястэчка была выбрукаваная камянямі, цэнтр быў электрыфікаваны. У ім месцілася каля 10 магазінаў. На пяці прадпрыемствах працавалі мясцовыя жыхары.

У 1812 годзе Эсьмоны наведаў Дзяніс Давыдаў – легенда партызанскай вайны з Напалеонам. А ў 1920 годзе сюды прыязджаў адзін з заснавальнікаў Чырвонай Арміі, народны камісар па ваенных справах РСФСР Леў Троцкі. Ён выступіў з прамовай перад мясцовымі жыхарамі.

Па Кацярынінскім шляху ў 1941 годзе землякі ішлі на фронт, па ім жа вярталіся з перамогай у 1945. Сярод іх быў і мой бацька. Вайна значна змяніла твар маёй роднай вёскі. Каля 60 яе жыхароў былі расстраляны фашыстамі. Згарэлі дамы на цантральнай вуліцы, дзе жылі яўрэі.

Шмат выдатных людзей жылі і працавалі ў Эсьмонах. Памятаюць мясцовыя жыхары навукоўца, прафесара, доктара навук Э. Пархімовіча, ганарацца былым вучнем і піянерважатым школы генералам М. Шаранковым.

На жаль, калі прыйшоў у заняпад саўгас “Эсьмоны”, жыццё вёскі незваротна змянілася. Жыхароў значна паменела.

Час няўмольна рухаецца наперад, але памяць аб былых часах росквіту, любоў да роднага паселішча назаўсёды застаюцца  ў сэрцы.

эсь1

эсь2

Васіль КАРОТКІ,

жыхар г. Магілёва.

 

КАМЕНТАРЫЙ

Таццяна ШАСТАК,

настаўнік гісторыі Эсьмонскага ВПК ДС СШ:

– Існуе некалькі версій наконт таго, чаму вёска носіць назву Эсьмоны.

Адна з іх была надрукавана ў раённай газеце краязнаўцам М. Філіповічам. Ён лічыў, што назва гэта паходзіць ад імя Эсьмена Сокала – купца,

які імкнуўся разбагацець і рабаваў карэты на лясных дарогах ад Масквы і

Смаленска да Вільні і Брэста. На беразе ракі Аслік, дзе ён часта спыняўся, вырашыў заснаваць стан, які назваў сваім імем.

Другая версія тлумачыць, што назва паходзіць ад двух імёнаў маладых людзей Эса і Міны, якія жылі ў розных яўрэйскіх кагалах, але кахалі адзін аднаго. Роды іх варагавалі. Каб прымірыць тых, ноччу маладыя пабудавалі мост, дзе рака робіць рэзкі выгіб, упрыгожылі яго кветкамі. Раніцай іх родныя гэта ўбачылі і палічылі божым знакам. З той пары яны пачалі жыць мірна, а пасяленне назвалі Эсьміна.

Па трэцяй версіі, назва Эсьмоны паходзіць ад германскага “эссэн манн”, што азначае “еш манну”. Так часта казалі мясцовыя яўрэі, калі ўгаворвалі сваіх дзяцей есці і расці хутчэй.

Цікавыя і факты пра духоўнае жыццё нашых аднавяскоўцаў. У Эсьмонах быў вельмі буйны царкоўны прыход, які аб’ядноўваў 17 вёсак. Агульная колькасць прыхаджан складала каля 4000 чалавек. У 1851 годзе з казны выдзелілі 3000 рублёў, каб перабудаваць Свята-Траецкую царкву. Была зроблена асобная званіца з чатырма званамі вагай 2, 3, 4 і 19 пудоў. Пры Траецкай царкве дзейнічалі дзве нядзельныя школы і шэсць школ граматы. А бібліятэка, якая налічвала больш за 1420 кніг, пачала функцыяваць у 1854 годзе пры аднакласнай пачатковай школе.

Таксама трэба адзначыць і вядомых асоб, якія паўплывалі на развіццё нашай вёскі. Алег Пліндоў – стаў першым дырэктарам школы пасля Вялікай Айчыннай вайны, пачаў яе адбудоўваць. Людміла Рэпіна – заснавальнік школьнага музея. Менавіта яна пачала прывіваць вучням любоў да роднага краю і літаратуры. За працяг аповесці Б. Васільева “А зори здесь тихие…”, які называўся “Як жывеш, Васіль Паліграфавіч?”, яна атрымала літаратурную прэмію, якую патраціла на развіццё школы.

Фота з архіва Эсьмонскага ВПК ДС СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *